Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАЦЯНА ПРОЦЬКА: БДУЦЬ ПАДРЫХТАВАНЫЯ БОЛЬШ ЗА 14 ТЫСЯЧ НАЗІРАЛЬНІКАЎ ЗА ВЫБАРАМІ ПРЭЗЫДЭНТА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў Беларускім Гельсынскім камітэце сабраліся кіраўнікі 15-ці рэгіянальных штабоў, на базе якіх ствараюцца структуры назіраньня за будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі.

Падведзеныя прамежкавыя вынікі гэтай працы. Адзначана, што яна ідзе даволі пасьпяхова ў большасці рэгіёнаў, за выключэньнем некаторых раёнаў Гомельскай вобласьці, дзе яшчэ ня вырашаныя арганізацыйныя праблемы.

А збольшага кіраўніцтва БГК перакананае, што праваабарончым і незалежным арганізацыям удасца падрыхтаваць 14 тысяч назіральнікаў за выбарамі. Гэта мне сёньня паведаміла старшыня БГК Тацяна Процька.

(Процька: ) "Мы робім усё магчымае, каб яны былі падрыхтаваныя, і я думаю, іх будзе не 14 тысяч, а значна больш. Але ўлады ствараюць перашкоды, людзей палохаюць, асабліва ў вёсках, у раёнах. Там гэта дзейнічае, бо людзі баяцца згубіць працу.

Але мяркую, што калі не атрымаецца знайсьці мясцовых людзей, мы зможам паслаць у гэтыя "белыя плямы" назіральнікаў зь вялікіх гарадоў".

(Карэспандэнт: ) "Вядома, што вашая арганізацыя каапэруецца зь іншымі. Як ідзе гэтае супрацоўніцтва?"

(Процька: ) "Мы працуем шчыльна з 6 арганізацыямі, якія ўтварылі цэнтральную Каардынацыйную раду. Цяпер да гэтага далучаюцца назіральнікі, якія будуць падрыхтаваныя Асамблеяй недзяржаўных арганізацыяў. Мяркую, сумесна мы ўсё неабходнае зробім".

(Карэспандэнт: ) "Ці будзе аплочвацца праца назіральнікаў?"

(Процька: ) "Не, ніхто ня плаціць людзям за тое, што яны ўдзельнічаюць у назіраньні за выбарамі".

(Карэспандэнт: ) "Але ў людзей ёсьць выдаткі на праезд, на канцылярскія прыналежнасьці…"

(Процька: ) "Вось гэтыя выдаткі будуць аплочаныя. І яшчэ невялікія грошы на харчаваньне, каб чалавек мог хоць нейкі бутэрброд зьесьці".

(Карэспандэнт: ) "Колькі грошай вы думаеце выдаткаваць і адкуль гэтыя грошы?"

(Процька: ) "Сумы мы самі яшчэ ня ведаем. Гэта грошы мясцовых прадпрымальнікаў ды іншых людзей, якія ахвяруюць нашай арганізацыі, а яшчэ розных фондаў, асабліва Эўразьвязу, зь якім мы працуем па гэтай праграме. Гэта грошы легальныя, яны ідуць праз банк, што цалкам адпавядае 8-му прэзыдэнцкаму дэкрэту.

Я ня бачу тут ніякіх праблемаў, пакуль ня бачу. Бо нашая дзяржава можа ствараць праблемы і на пустым месцы".

Акрамя назіраньня непасрэдна за выбарамі ня менш важнай задачай назіральнікі лічаць грамадзкі кантроль за тым, як фармуюцца выбарчыя камісіі. Падчас выбараў у "палату прадстаўнікоў" назіральнікаў да гэтага праэсу не дапускалі. Тацяна Процька запэўнівае, што сёлета яны будуць больш настойлівыя і здолеюць забясьпечыць грамадзкі кантроль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG