Пра тое, што калегі па партыі будуць судзіць Яна Сычэўскага, нам, групе беларускіх журналістаў, якія тры апошнія дні правялі ў Польшчы, паведаміў адзін з кіраўнікоў партыі, былы прэм'ер Юзэф Алексы.
Паводле спадара Алексы, гэта будзе маральны суд, права на якое партыя мае ня толькі таму, што Сычэўскі — ейны сябар, але і таму, што ён абіраўся дэпутатам польскага Сэйму цяперашняй кадэнцыі не насельніцтвам, а па сьпісе менавіта "Саюзу левай дэмакратыі". Кіраўніцтва партыі хоча затрабаваць ад Яна Сычэўскага тлумачэньняў. Юзэф Алексы так ацэньвае выступ у Менску пана Сычэўскага:
(Алексы: ) "Ня мае рацыі, мабыць, пан Сычэўскі, калі параўноўвае сытуацыю ў Польшчы з сытуацыяй у Беларусі. Таму што гэта абсалютна розныя рэчы. Але калі ён выказвае шкадаваньне з таго, што няма пэўнага ўзроўню ўзаемадзеяньняў культураў, тут ён мае рацыю.
Ён ня мае рацыі, калі гаворыць, што дэмакратыя ў нашай краіне навязаная замежнымі краінамі, што Эўразьвяз рабуе Польшчу. Нават калі ён так лічыць, ён не павінен казаць гэта за мяжой. Партыйны суд разгледзіць гэтую справу".
Ня выключана, што справа Яна Сычэўскага будзе разглядацца і Этычнай камісіяй Сэйму. Пра такую магчымасьць беларускім журналістам паведаміў кіраўнік польска-беларускай парлямэнцкай групы Зьбігнеў Шыманьскі.
Дарэчы, Сычэўскі як намесьнік кіраўніка гэтай групы быў запрошаны на сустрэчу з намі. Але ён праігнараваў запрашэньне. Аднак нам пашанцавала ўбачыць пана Сычэўскага наступным днём у калідорах Сэйму. Ён сказаў беларускім журналістам, што ня ведае, калі будзе разглядацца ягоная справа партыйнымі калегамі:
(Сычэўскі: ) "Яны будуць судзіць, а ня я буду судзіць".
На нашае пытаньне, якога прысуду можна чакаць, Сычэўскі адказаў гэтак:
(Сычэўскі: ) "Ня ведаю, і больш нічога не скажу".
(Карэспандэнт: ) "А як прадстаўнік польскага парлямэнту, які не прызнае легітымнасьці цяперашняга афіцыйнага беларускага парлямэнту, Вы асабіста падзяляеце гэтыя погляды?"
(Сычэўскі: ) "Тут ужо як парлямэнтар я ня буду адказваць, таму што, ведаеце, вакол маёй асабы і так занадта многа шуму цяпер. Хопіць пакуль. Прыйдзе пара — можа, пагаворым".
Новыя парлямэнцкія выбары ў Польшчы сёлета прызначаныя на 23 верасьня. Аднак кандыдатаў па партыйных сьпісах ужо ня будзе.