Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА САМІЦЕ СНД МОГУЦЬ ПРЫНЯЦЬ ЗАЯВУ Ў ПАДТРЫМКУ ЛУКАШЭНКІ


Валер Каліноўскі, Менск

Паводле папярэдняй інфармацыі Выканаўчага сакратарыяту СНД, ня ўсе прэзыдэнты маюць намер прыбыць у Менск. Прынамсі, двое з адзінаццаці адмяняюць паездку ў сувязі з хваробамі ці іншымі прычынамі. Імёны гэных двох пакуль не вядомыя, але ня выключана, што іхныя хваробы — дыпляматычныя, бо ня ўсе лідэры краінаў СНД добра ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі і гатовыя падтрымаць яго перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

Ранейшы саміт, які адбыўся таксама ў Менску (летась у сьнежні) праігнараваў лідэр Туркмэністану Сапармурат Ніязаў. Марнаваньнем часу назваў апошнюю сустрэчу кіраўнік Узбэкістану Іслам Карымаў.

Той саміт ніякіх вынікаў ня меў, апрача стварэньня Антытэрарыстычнага цэнтру СНД. Гэты, мяркуючы па ўсім, будзе яшчэ менш цікавы — на парадку дня заявы, звароты, справаздачы пра выкананьне ранейшых дамоваў.

МЗС Беларусі паведамляе, што з прычыны пазыцыі Расеі ня выканалі плянаў стварэньня зоны свабоднага гандлю і ўскоснага падаткаабкладаньня па месцы прызначэньня тавару.

Новая сустрэча лідэраў СНД была прызначаная зноў у Менску на просьбу Аляксандра Лукашэнкі. Нагадаем, што да снежаньскага саміту прэзыдэнты дзяржаваў СНД ігнаравалі Менск некалькі гадоў. Прычыны гэтай просьбы відавочныя — у Беларусі хутка прызыдэнцкія выбары.

Зрэшты, міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў на пытаньне Свабоды "Ці сапраўды прызначэньне саміту СНД у Менску ёсьць спробай падняць рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі перад выбарамі?" адказаў:

(Хвастоў: ) "Беларусь зьяўляецца краінай, у сталіцы якой разьмешчаная штаб-кватэра СНД. Як, напрыклад, калі вы зьвернеце ўвагу на ААН, сакратарыят якой знаходзіцца ў Нью-Ёрку… З самага пачатку быў такі падыход беларускага боку, каб усе паседжаньні незалежна ад таго, на якім узроўні яны праходзяць, праводзіліся ў сталіцы СНД — Менску".

Міхаіл Хвастоў кажа, што з гэтага часу Беларусь будзе настойліва прапаноўваць, каб усе саміты ды іншыя сустрэчы ў межах СНД праходзілі менавіта ў Беларусі. Выканаўчы сакратар СНД Юры Яраў зазначыў, што ніякага пункту дзеля падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі на парадку дня саміту няма, і што саміт на выбары ніяк ня можа паўплываць, бо яны ж яшчэ не прызначаныя. Але Яраў ня выключыў, што нехта з прэзыдэнтаў можа прапанаваць калегам падпісаць такі зварот, як калісьці лідэры краінаў СНД падтрымалі перад выбарамі Ельцына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG