Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ДВА МЕСЯЦЫ ДА "СЛАВЯНСКАГА БАЗАРУ" НА РАХУНКУ ЯГОНАГА АРГКАМІТЭТУ — НІ КАПЕЙКІ


Ігар Карней, Менск

Кіраўніку віцебскай дырэкцыі фэстывалю Радыёну Басу застаецца спадзявацца хіба на пэрсанальны фонд Аляксандра Лукашэнкі. Два тыдні таму ў інтэрвію газэце "Звязда" Бас скардзіўся, што з арганізацыяй фэсту сёлета дрэнна як ніколі. Усе патрабуюць адметнага юбілейнага шоў, але грошы выдаткоўваць не сьпяшаюцца. Ці зьмянілася нешта з тае пары?

(Бас: ) "Мары і рэальныя грошы — гэта дзьве вялікія розьніцы. Грошай няма. Неабходная для арганізацыі фэстывалю сума зыходзіла ад нас. Дырэкцыя давала каштарыс, гэты каштарыс праходзіў адпаведную праверку. Ня будзе грошай — ня будзе й шоў. Вы ж ведаеце, што артысты зараз бясплатна й кроку ня ступяць. Таму фэстываль у гэткай форме самаакупляльным быць ня можа".

Тымчасам шэраг FM-станцыяў, што лічацца інфармацыйнымі спонсарамі фэстывалю, ужо пасьпяшаліся абвесьціць: відовішча будзе ледзь не на ўзроўні міжнародных стандартаў, удзельнікі — з большасьці краінаў славянскага сьвету, старшыня журы — расейская "прымадонна" Ала Пугачова.

Насамрэч карціна не такая ўжо аптымістычная. Беларусь дагэтуль ня вызначыла свайго ўдзельніка ў конкурснай праграме. А безадказнасьць прыводзіць да таго, што канкурсант вылучаецца ці не ў апошнюю хвіліну і мае адпаведны ўзровень падрыхтоўкі.

Што да ўдзелу Пугачовай, то, напэўна, вырашыць усё ганарар, які здолее прапанаваць беларускі бок. Сольныя канцэрты Пугачовай летась каштавалі 60 тысячаў даляраў. Пераканаць Пугачову ўважліва сачыць за сьпевамі дэбютантаў — справа яшчэ больш складаная. Адносна Пугачовай Радыён Бас сказаў наступнае:

(Бас: ) "Пакуль яна быццам згодная. Але ж вы ведаеце: дама яна наравістая, а таму — ці мала што…"

Музычны крытык Зьміцер Падбярэскі лічыць, што фэстывалю даўно патрэбна новая форма. У адрозьненьне ад Радыёна Баса, ён упэўнены, што "Славянскі базар" можа зарабляць на сябе сам.

(Падбярэскі: ) "Сёньня фэстываль цалкам выконвае ідэалягічную функцыю. Тая ж Украіна пэўным чынам ад гэтага дыстанцуецца, бо аплочвае толькі знаходжаньне ў Віцебску сваёй дэлегацыі".

(Карэспандэнт: ) "Ці можна зрабіць фэстываль камэрцыйным?"

(Падбярэскі: ) "Так, калі перагледзець канцэпцыю. І найперш — абмежаваць колькасьць прысутных. Калі прыяжджае акадэмічны хор, гэта адразу сто чалавек. А калі такіх хораў 60?"

Спадар Падбярэскі лічыць, што гэта мерапрыемства павінна быць своеасаблівай шоў-біржай, калі "раскручваць" артыстаў павінны сур’ёзныя прадусары разам зь фірмамі гуказапісу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG