Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІ НАРОД САМЫ ШЧАСЬЛІВЫ Ў ЭЎРОПЕ?


Віталь Тарас, Прага

Калі ўжывіць у мозг чалавека электроды і пачаць раздражняць токам пэўныя яго долі, чалавек можа адчуваць задавальненьне, нават экстаз. У лябараторных экспэрымэнтах пацукі, якім давалі магчымасьць самім націскаць на адмысловы рычаг і тым самым стымуляваць токам так званыя цэнтры задавальненьня, рабілі гэта да поўнага зьнясіленьня.

З пункту погляду фізыялёгіі, пачуцьцё шчасьця – дакладней, шчасьлівасьці, сапраўды, не залежыць ад таго, ці выкліканае яно насычэньнем ежай, сэксам, музыкай ці наркотыкам або магчымасьцю бачыць любімага правадыра. Ва ўсіх выпадках мы назіраем аднолькавую электрычную актыўнасьць галаўнога мозгу.

Зразумела, чалавеку для шчасьця патрэбна нешта большае, чым проста задавальненьне. Але пра гэта – крыху пазьней.

Зараз пра вынікі сацыялягічнага апытаньня, праведзенага ў 1999-м годзе галяндзкім інстытутам Дасьледаваньняў эўрапейскіх каштоўнасьцяў (European Value Studies). На падставе аналізу апытаньняў на тэму – як пачуваюць сябе людзі ў той або іншай краіне, сацыёлягі стварылі своеасаблівую шкалу. На ёй 0 азначае “цалкам нешчасьлівы”, 100 – “цалкам шчасьлівы”.

Так званы “індэкс шчасьця” у беларусаў склаў 55 адсоткаў. Многа гэта ці мала? Для параўнаньня, у галяндцаў, якія занялі другое мейсца ў табліцы, гэты індэкс – амаль 80 адсоткаў. Выглядае, што ў Галяндыі столькі шчасьця на душу насельніцтва, што яны маглі б яго экспартаваць у краіны Ўсходняе Эўропы, як цюльпаны. Але з другога боку, беларусы выглядаюць больш шчасьлівымі, чымся некаторыя іх бліжэйшыя суседзі.

А які эўрапейскі народ самы шчасьлівы? Аб гэтым – напрыканцы перадачы.

Найперш варта, усё ж, удакладніць – што трэба разумець пад паняцьцем “шчасьце”? Вось як адказвае на гэтае пытаньне беларускі філёзаф Валянцін Акудовіч.

(Акудовіч: ) “Як гэта ні дзіўна – прынамсі, для мяне самога, але на цалкам абстрактнае пытаньне я маю досыць канкрэтны адказ. Аднак, на пачатак, усё такі, пра абстрактнае. Я б падзяліў праблему шчасьця як мінімум на тры часткі.

Першая – гэта стан шчасьлівасьці, які аднолькава ведае кожны чалавек, незалежна ад нацыянальнасьці, колеру скуры і сацыяльнага паходжаньня. Стан шчасьлівасьці можа ўзьнікаць ад чаго заўгодна – ад цудоўнага надвор’я, блізкай сустрэчы з дарагім чалавекам, добра зробленай справы.

Другая частка праблемы – гэта пэрсанальнае шчасьце. У кожнай нацыі ёсьць людзі, якія зьвязваюць разуменьне шчасьця з уладай, грашыма, славай, прэстыжам і да т.п.

Але калі мы гаворым пра шчасьце як пра нейкую базавую катэгорыю, якой ацэньваецца жыцьцё пэўнай супольнасьці людзей, то маем на ўвазе нешта зусім іншае. Бадай, у гэтым значэньні разуменьне шчасьця тоесьніцца з разуменьнем сэнсу жыцьця”.

Паводле апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў у Беларусі на тэму
“Што вам дастаўляе найбольшае задавальненьне ў сьвеце?”
амаль трыццаць адсоткаў маладых людзей паставілі на першае мейсца дачыненьні зь іншымі людзьмі, 20 адсоткаў – каханьне. Потым ідуць музыка, грошы, сэкс. Працу альбо навучаньне назвалі каля пяці адсоткаў апытаных.

Цікава, што апытаньні, напрыклад, у Чэхіі, паказваюць падобную карціну – праўда, музыцы й грошам тут надаецца крыху меншая перавага. Першыя мейсцы ў Чэхіі стала займаюць каханьне і дзеці.

Характэрна, што ў скандынаўскіх краінах, як і ў Галяндыі, паказчык шчасьця аднолькавы ва ўсіх узроставых групах насельніцтва.

Такая ж прыкладна карціна і ў Бэльгіі, Францыі, Нямеччыне.
А вось у Беларусі разрыў паміж пакаленьнямі складае амаль 10 адсоткаў – настолькі больш шчасьлівых сярод беларускай моладзі, чым сярод пэнсіянэраў.

Папулярны амэрыканскі тэлепрапаведнік Дэніс Прэгер вынайшоў формулу шчасьця, так бы мовіць, ад процілеглага: Н = С – Р. Гэта значыць, няшчасьце ёсьць рэштай паміж нашымі спадзяваньнямі і рэчаіснасьцю. Калі з гэтай формулай пагадзіцца, становіцца зразумелым, чаму колькасьць шчасьлівых сярод пажылых людзей як правіла, больш, чым сярод маладых, якім уласьціва блытаць надзеі зь ілюзіямі.

Чаму ў скандынаўскіх краінах шчасьлівых старых больш, чымся ў суседніх – зразумець проста, зважаючы на здаровы лад жыцьця большасьці тамтэйшых жыхароў і высокі ровень сацыяльнай дапамогі ў старасьці. Агульны разрыў паміж узроўнем жыцьця Заходняй і Ўсходняй Эўропы, а тым больш – у былых савецкіх рэспубліках, таксама відавочны. Першыя 8 радкоў у згаданай “табліцы шчасьця” займаюць заходнія эўрапейскія краіны.

Але ж Беларусь зь яе цяжкім эканамічным і палітычным становішчам, як мы ўжо казалі, апярэджвае некаторых сваіх суседзяў. Паводле “індэксу шчасьця” адразу за беларусамі ідуць баўгары, украінцы і расейцы. І ўкраінцы, і расейцы аднолькава адстаюць ад беларусаў на шэсьць адсоткаў.

У заходніх суседзяў – палякаў, адчуваюць сябе шчасьлівымі амаль дзьве траціны дарослага насельніцтва.

Цікава, што старэйшае пакаленьне беларусаў пачувае сябе амаль такімі шчасьлівым, як і пажылое насельніцтва Польшчы (і там, і там шчасьлівых старых – больш за палову). Адрыў жа беларускіх пэнсіянэраў ад рускіх і ўкраінскіх у адчуваньні шчасьця перавысіў 10 адсоткаў!

У чым тут прычына? І што такое шчасьце ў разуменьні беларусаў наогул?

Вось вэрсія філёзафа Валянціна Акудовіча.

(Акудовіч: ) “Шчасьце ў тым, у чым чалавек бачыць сэнс жыцьця. Дык вось, калі мы падыйдзем да праблемы шчасьця з гэтага боку, то я досыць упэўнена гатовы сьцьвярджаць, што для традыцыйнага беларускага грамадзтва (маецца на ўвазе, жыхары вёсак і мястэчак), сэнс жыцьця – у дзецях. А значыць, і шчасьце – у дзецях. Ну-у, скажа нехта, а для каго дзеці – няшчасьце?

Пачакайце. Сапраўды, дзеці – гэта шчасьце і для француза, і для ангельца, і для пінгвіна. А вось для беларуса яны – ня толькі шчасьце, але і асноўная мэта жыцьця. Рэч у тым, што з-за адсутнасьці цягам стагодзьдзяў сваёй дзяржавы беларусы былі адслоненыя ад улады, бізнэсу, грамадзкай дзейнасьці, мастацкай творчасьці, ад усяго, у чым можна знайсьці сэнс жыцьця і рэалізавацца чалавек. З гэтай адлучанасьці ад вялікіх магчымасьцяў соцыюму беларус ніколі не лічыў самога сябе месьцішчам сэнсу свайго жыцьця.

Адсюль і ягоная філязофія – я ня маю шчасьця, дык можа хоць дзецям маім пашэньціць. Дзеці для беларуса – гэта як бы адтэрміноўка немагчымага ўласнага шчасьця. Дзеці ў беларуса – гэта нязбыўная вера ў тое, што некалі шчасьце будзе магчымае, што ён зможа яго дачакацца ў сваіх дзецях. І сёньня аўдавелая бабулька ад цямна да цямна корпаецца на градах не таму, што ёй не дапамагаюць заможныя гарадзкія дзеці, а таму, што ёй самой патрэбна напакаваць плёнам сваёй працы багажнікі іх замежных машынаў.

Так, гэта найперш патрэбна ёй самой, бо і сваё шчасьце і сэнс свайго жыцьця яна бачыць не ў самой сабе, а ў сваіх дзецях”.

Так выглядае шчасьце па-беларуску з гледзічша філёзафа Валянціна Акудовіча.

Аказалася, аднак, што жыцьцёвая формула “ня ў грошах шчасьце” мае, акрамя філязофскага, яшчэ і навуковы сэнс.

Амэрыканскі сацыёляг Дэвід Бляншфляўэр і ягоны калега зь Вялікай Брытаніі Эндру Освальд, якія займаюцца праблематыкай дабрабыту людзей вось ужо трыццаць гадоў, прыйшлі да высновы, што шчасьце, як і каханьне, сапраўды ня купіш.

Нягледзячы на ўздым эканомікі ЗША і Вялікай Брытаніі ў 80-90-я гады і адпаведны рост колькасьці заможных людзей у гэтых краінах, колькасьць тых, хто адчувае сябе шчасьлівымі, у Злучаных Штатах зьменшылася. А ў Англіі шчасьлівых засталася столькі ж, колькі было ў 1972-м годзе. Яшчэ больш выразная гэтая тэндэнцыя сярод жанчынаў. Нягледзячы на эмансыпацыю і тое, што ўсё больш зь іх зарабляюць, прынамсі, ня менш, як мужчыны, нешчасьлівых прадстаўніц слабога полу не становіцца меней.

Паняцьце шчасьця ўлучае ў сябе дзясяткі розных складнікаў. У нямецкім горадзе Кобленц ёсьць цэлы навуковы інстытут, які займаецца дасьледаваньнямі шчасьця. Навукоўцы выявілі, напрыклад, што матэрыяльны дабрабыт ёсьць неад’емным складнікам шчасьця. Так што грошы, колькі б ні казалі камуністы пра іхнае адміраньне, заўсёды мелі і будуць мець значнае мейсца ў сыстэме чалавечых каштоўнасьцяў. Праўда, кажуць сацыёлягі, як толькі чалавек дасягае адноснага дабрабыту, для пачуцьця поўнага задавальненьня яго ўжо недстаткова.

Чалавеку для шчасьця патрэбна нешта большае – напрыклад, адчуваньне сваёй патрэбы блізкім – дзецям, бацькам, суайчыньнікам.

Пра чалавечыя паводзіны сьпявала ў нашай перадачы вядомая сьпявачка і актрыса зь Ісляндыі Б’ёрк. Як вы, мабыць, ужо здагадаліся, самыя шчасьлівыя людзі у Эўропе – ісляндцы.

У іх агульны паказчык шчасьця перавысіў 80 адсоткаў. Сярэдняя працягласьць жыцьця ў Ісляндыі – таксама адна з найвысокіх у сьвеце. Праўда, калі меркаваць па кнігах і кінафільмах, створаных у гэтай суворай краіне леднікоў, вулканаў і гейзэраў, самі ісляндцы ня лічаць сябе надта шчасьлівымі людзьмі. Творчая інтэлігенцыя там, як і ў іншых краінах, упарта шукае сэнсу жыцьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG