У сёньняшнім выпуску мы разкажам пра адно з адгалінаваньняў Праваслаўнай Царквы ў Расеі і Беларусі, якое не падпарадкоўваецца ні Маскоўскаму патрыярху Алексію, ні патрыяршаму эгзарху Беларусі мітрапаліту Філярэту. Пра яе карані і асноўныя адметнасьці расказваюць клірыкі гэтай царквы: настаяцель храму Царскіх новапакутнікаў на Галавінскіх могілках у Маскве айцец Міхаіл Ардаў, і настаяцель гомельскай Сьвятапакроўскай парафіі айцец Ёсіф Рынкевіч. Зьяву царкоўнага дысыдэнцтва і расколаў камэнтуе праваслаўны вернік прафэсар Іван Чарота.
(Бандарук: ) “Бадай ўсе ведаюць, што Праваслаўе ў сьвеце ня ёсьць маналітам, што існуюць нацыянальныя, гэтак званыя “аўтакефальныя” і “аўтаномныя” цэрквы. Калі гаворка йдзе аб Праваслаў’і ў Беларусі і ў Расеі, амаль усе перакананыя, што існуе толькі адна “Руская Праваслаўная Царква – Маскоўскі Патрыярхат”, якому падлягае і Беларускі Экзархат на чале зь мітрапалітам Філярэтам. Аднак ці гэтак яно на самой справе? У 1927-м годзе намесьнік патрыяршага трону мітрапаліт Сергі Старгародзкі напісаў сваю вядомую дэклярацыю. Ён заявіў аб сваёй поўнай ляяльнасьці бальшавікам і падпарадкаваўся савецкай уладзе. У гэты момант Руская Праваслаўная Царква раскалолася на тры часткі. Адна стала на пазыцыі поўнага супрацоўніцтва з бальшавіцкімі ўладамі, другая – эмігранцкая царква, званая “Зарубежнай”, якая ніколі не прызнала камуністычныя ўлады. І зьявілася яшчэ падпольная царква, званая “катакомбнай”. Гэта духавенства і вернікі, якія палічылі дэклярацыю Сергія здрадай Праваслаў’ю. Яны называюць сябе “сапраўднымі праваслаўнымі”. Іх, як раскольнікаў і царкоўных дысыдэнтаў, НКВД пачаў бязьлітасна перасьледаваць. Гэткая сытуацыя працягвалася да канца 80-х гадоў, але катакомбнікі пратрывалі без афіцыйных храмаў і яўнага духавенства да сёньняшняга дня. З другога боку ёсьць і мінусы. З той прычыны, што катакомбнікі праз ўвесь час былі вымушаныя хавацца, у іх вельмі часта немагчыма акрэсьліць хто, калі, каго высьвячаў на сьвятара, і ці заўсёды ў іх ёсьць апостальскае пераемства.
Аднак, акрамя гэтак званай “Зарубежнай” і “Катакомбнай”, ужо некалькі гадоў існуе поўнасьцю легальная і зарэгістраваная царква. Пра яе расказвае настаяцель маскоўскай парафіі, вядомы публіцыст і мэмуарыст айцец Міхаіл Ардаў:
(Ардаў: ) “Калі напрыканцы 80-х гадоў пачалася поўная лібэралізацыя, у 90-м годзе ў Расеі пачалі ўзьнікаць парафіі Рускай
“Зарубежнай” Царквы. У якасьці першай была заснаваная парафія ў Суздалі на чале з архімандрытам Валянцінам. У той час вельмі многія катакомбнікі далучыліся да Зарубежнай Царквы. Потым Валянціна высьвяцілі ў сан епіскапа. Акрамя таго, быў яшчэ адзін епіскап ад катакомбнікаў – Лазар. Тады з дапамогай інтрыгаў КГБ удалося пасварыць зарубежных епіскапаў зь епіскапамі ў Сынодзе, і ў 1995 годзе, тут, у Суздалі, было ўсталяванае Вышэйшае Царкоўнае Ўпраўленьне. Вось гэта і ёсьць нашая Царква, якая зарэгістраваная ў Расеі пад назовам “Расейская Праваслаўная Аўтаномная Царква”.
(Бандарук: ) “Айцец Міхаіл, адкуль гэты назоў? Вядома, што ў Праваслаў’і акрамя 15 аўтакефальных цэркваў, існуюць толькі 3 аўтаномныя царквы. Гэта Сынайская, Фінская і Японская…”
(Ардаў: ) “Слова “аўтаномная” нам прыйшлося ўзяць у назву па просьбе міністэрства юстыцыі таму, што Маскоўская Патрыярхія зарэзэрвавала для сябе абодва назовы: і “Руская Праваслаўная” і “Расейская Праваслаўная”. Аднак “Руская Праваслаўная Царква” – гэта назоў, дадзены таварышам Сталіным, Берыяй і генэралам КГБ Карпавым у 1943 годзе, калі царква была арганізаваная”.
(Бандарук: ) “Я даведаўся, што ў Вашай царкве 9 епіскапаў, што нядаўна да яе далучыліся два сьвятары з ЗША, што просяцца ў Аўтаномную Царкву нават грэцкія “сапраўдныя праваслаўныя” –старастыльнікі. Аднак у асноўным Вашая царква папаўняецца клірыкамі Маскоўскай Патрыярхіі. Вы самі былі клірыкам Яраслаўскай і Маскоўскай епархіяў. Ці гэта значыць, што Вашая Царква падбірае тых, хто расчараваўся ў РПЦ?”
(Ардаў: ) “У нас зараз практычна ёсьць як бы два слаі. Вось наш першагерарх мітрапаліт Валянцін і я – мы выйшлі з Маскоўскай Патрыярхіі, і ёсьць таксама катакомбнікі. Акрамя таго, да гэтай пары ў нас літаральна некалькі сотняў (мы ня ведаем дакладна!) катакомбных парафіяў, якімі кіруюць катакомбныя епіскапы і сьвятары. Яны ня хочуць выходзіць з падпольля. Першагерарх накіроўвае епіскапа, але ня ведае куды. Ён кажа: крый Божа заўтра нешта здарыцца, я не хачу ведаць. Але мала гэтага. Напэўна, вашым слухачом будзе цікава, што ў нас ёсьць парафіі ў Беларусі. Там 6 катакомбных парафіяў, мы ня ведаем дзе яны, бо яны нелегальныя, але ёсьць адна адкрытая парафія ў гомельскай вобласьці. Ёсьць таксама парафіі на Ўкраіне, на Каўказе”.
(Бандарук: ) “Пасьля таго, што айцец Міхаіл Ардаў сказаў пра парафіі ў Беларусі, я адразу спрабаваў адшукаць гэтую зарэгістраваную парафію ў гомельскай вобласьці. Мне ўдалося зьвязацца па тэлефоне зь ейным настаяцелем айцом Ёсіфам Рынкевічам. Вось што ён расказаў пра сябе і сваю царкву”.
(Рынкевіч: ) “Пасьля сканчэньня сэмінарыі ў 1956 годзе мяне накіравалі ў Маскву, у Духоўную акадэмію. Там было вельмі шмат заганаў, але галоўнае тое, што КГБ скарыстоўваў духоўныя школы ў сваіх мэтах па-за межамі краіны. Таму я вырашыў пакінуць акадэмію, вярнуўся ў Менск і атрымаў сьвятарскі сан. Пасьля высьвячэньня мяне накіравалі ў Сьвятапакроўскую парафію ў Хойніках Гомельскай вобласьці. Год праслужыў нармальна, але потым, у 58 годзе, паколькі я не пагаджаўся на ніякае супрацоўніцтва з ворганамі, пачаліся праблемы. Канфлікт з ўладамі працягваўся 30 гадоў. Апошнія 15 гадоў мяне пратрымалі ў “псыхушцы”. Калі ў 1988 годзе мяне нарэшце вызвалілі, царкоўныя ўлады прапанавалі мне новую парафію, але я адмовіўся. Яны патрабавалі ад мяне, каб падпарадакаваўся бязбожнікам. Я адмовіўся, і тады яны мяне пазбавілі сану”.
(Бандарук: ) “Я спытаўся ў айца Ёсіфа, што было далей? Як дайшло да заснаваньня цалкам незалежнай і ад патрыярха, і ад мітрапаліта Філярэта парафіі?…”
(Рынкевіч: ) “Пасьля мы тут адкрылі парафію, у Гомелі. Нашую хойніцкую парафію я перанес сюды, у Гомель. Мы купілі будынак. Перш я быў зьвязаны з Рускай Праваслаўнай Царквою ў замежжы (Зарубежнай), аднак пазьней мы выйшлі з-пад юрысдыкцыі суздальскага епіскапа Валянціна. У аўтаномію адразу не маглі пайсьці, бо атрымаўся б раскол. Аднак пасьля некаторага часу мы атрымалі поўную незалежнасьць, і зараз нашая царква зьяўляецца “Аўтаномнай”. Яна нікаму не падпарадкоўваецца акрамя Хрыста. Яна зарэгістраваная ў мінюсьце як “Сьвятапакроўская аўтаномная Царква”. У нас у сярэднім некалькі дзясяткаў вернікаў. Вось сёньня прычашчаліся 43 чалавекі ўключна зь дзецьмі. Што тычыцца стаўленьня да нас з боку дзяржаўных уладаў, дык яно станоўчае”.
(Бандарук: ) “Гаварыў а. Ёсіф Рынкевіч, настаяцель адзінай зарэгістраванай ў Беларусі парафіі Рускай Аўтаномнай Праваслаўнай Царквы. Але вернемся да гутаркі з айцом Міхаілам Ардавым. У Гомелі, як сказаў айцец Ёсіф, стаўленьне да аўтаномнікаў нядрэннае. А як выглядае сытуацыя ў Расеі?”
(Ардаў: ) “Нас перасьледуюць дагэтуль, і гэты перасьлед набывае розныя формы. Нядаўна у нас зьявіўся епіскап хабараўскі. У яго ёсьць сьвятар, кандыдаты для высьвячэньня. Ён таксама выйшаў з Патрыярхіі, пазнаёміўшыя з тамтэйшымі норавамі. Пасьля Літургіі ў нядзелю ішоў дамоў са сьвятаром, і іх да паўсьмерці зьбілі ў пад’езьдзе дубінкамі нейкія два чалавекі, якія затым селі ў машыну і зьехалі. А міліцыя баіцца іх шукаць, таму што падазрае, што ўсё зроблена па інтрыгах епіскапаў Маскоўскай Патрыярхіі. Нам без суду адбіраюць храмы, у мясцовым друку патокі паклёпаў і гэтак далей”.
(Бандарук: ) “Усе гэтыя факты – яўныя прыкметы перасьледу. Аднак дысыдэнты, у тым ліку царкоўныя, мусяць улічваць магчымасьць перасьледу. Ведаючы пра гэта, тым болей для выхаду з Маскоўскай Патрыярхіі, якая карыстаецца ўсімі прывілеямі ў дзяржаве, павінны быць важкія прычыны. Айцец Міхаіл, у чым асноўныя розьніца і разыходжаньні паміж Патрыярхіяй і вашай аўтаномнай Царквой?”
(Ардаў: ) “Самая істотная розьніца – гэта, несумнена, так званае “сергіянства”, гэта значыць падпарадкаваньне Маскоўскай Патрыярхіі ўладам. Нежаданьне пакаяцца ва ўсіх непрыстойных паводзінах і заявах пры савецкай ўладзе. Гэта, у прыватнасьці, услаўленьне Сталіна на царкоўных старонках, грубае падхалімства, адпяваньне генсекаў, савецкая і прасавецкая барацьба за мір, парапагандысцкая кампанія ва ўсім сьвеце, паколькі Маскоўская Патрыярхія заўсёды была прыдаткам ЦК КПСС і КГБ, і ў гэтым яны не жадаюць пакаяцца. Акрамя таго, зараз яны як быццам уславілі новапакутнікаў, але яны зрабілі гэта не па-царкоўнаму. Яны не пакаяліся ў тым, што яны блюзьнерылі перад гэтымі новапакутнікам, абвяшчаючы іх палітычнымі злачынцамі і гэтак далей. І нарэшце, яны, гэтак як і іншыя патрыярхіі ва ўсім сьвеце, ўдзельнічаюць ў экумэнічным руху, што згодна праваслаўным канонам, катэгарычна забароненае, таму што сьвятар, епіскап альбо нават сьвецкі чалавек, які толькі маліўся з іншаверцам, ён павінен быць пазбаўлены сану. Вось гэта тры самыя галоўныя разыходжаньні.
Але яны думаюць, што застануцца на сваіх пазыцыях. Хаця камуністы як быццам ўжо не пры ўладзе, але пруслугоўваньне Патрыярхіі ўладам працягваецца ў самых розных формах. Апрача таго, яны актыўна і часта займаюцца бізнэсам, гандлююць алькаголем, цыгарэтамі, удзельнічаюць у нафтавым, дыямэнтавым бізнэсе. У манастырах і храмах адмываюцца злачынныя грошы. Вельмі часта яны паходзяць непасрэдна ад злачынных груповак. У Маскве, у раёне Сонцава, ёсьць храм, і на званіцы там вісіць звон (дарэчы яго здымак быў зьмешчаны ў “Литературной Газете”). На гэтым звоне выліты надпіс “Ад сонцаўскай братвы”, гэта значыць, ад славутай сонцаўскай злачыннай групоўкі. Я вам павінен сказаць, што ўсё гэта выклікае вялікае раздражненьне з боку звычайных людзей, ня вернікаў, не царкоўных, але тых, якія глядзяць на Царкву збоку. Вельмі часта людзі зьвяртаюцца і да мяне, бо ж на мне не напісана, што я не з Патрыярхіі, і кажуць: “Ну што гэта Ваш патрыярх цалуецца з Лужковам? Навошта ён цалуецца з Ельцыным? Навошта ён узнагроджвае таго ці іншага, навошта прыймае ўзнагароды?” Паводле Эвангельля атрымоўваецца, што гэтыя людзі самі не ўваходзяць і іншым не даюць. Людзі бачаць, як разьяжджаюцца на “Мерсэдэсах” разбагацелыя ігумены і манахі. Людзі ўсё гэта бачаць і гэта адштурхоўвае ад Патрыярхіі вельмі многіх людзей. Гэтыя людзі вельмі часта трапляюць ў сэкты”.
(Бандарук: ) “Адносна экумэнізму, я ня згодны з гэткім радыкальным адмаўленьнем ад яго. Імкненьне да адзінства – запавет самога Хрыста. Але мяне хвалюе іншае. Зараз многія зьвяртаюць увагу на факт, што Руская Праваслаўная Царква, якая хоча стаць “дзяржаўнай” Царквою, ня сталася ўсенароднай Царквою. Айцец Усевалад Чаплін з Аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў прызнаў, што ў пачатку 90-х на хвалі свабоды людзі хлынулі ў храмы, але зараз адсотак актыўных праваслаўных вернікаў мала зьмяніўся ў параўнаньні з савецкім часам. Няўжо яны ў нечым расчараваліся, гэтак як і Вы? У чым прычына?”
(Ардаў: ) “У Расеі зараз ну максімум 5, а можа нават тры адсоткі праваслаўных вернікаў, зразумела ў Патрыярхіі, бо нас няма што і лічыць. Паглядзіце, у памыснай Англіі, дзе не было перасьледу, прыблізна такі ж адсотак вернікаў. Там катастрафічна зьмяншаецца колькасьць вернікаў Англіканскай царквы і хутка ў Англіі каталікоў будзе больш за англіканаў. Гэта ўсясьветны працэс. Мы жывем ў постхрысьціянскую эпоху. Хрысьціянская вера і мараль сыходзяць, і мы бачым вакол сябе вынікі гэтага. Усе зацікаўленыя назапашваньнем, толькі праблемамі гэтага сьвету, але пра душу і пра збаўленьне ніхто ня хоча і не жадае думаць.
Справа ў тым, што калі б Патрыярхія, і ў Расеі, і ў Беларусі скарыстала той момант, калі ў пачатку 90 яна атрымала амаль поўную свабоду, ды пакаялася, паспрабавала ачысьціцца, – магчыма, большы адсотак людзей зацікавіўся б ёю. А так, быў нейкі пік, напрыклад, у час Юбілею тысячагодзьдзя Хрысьціянства на Русі, нейкае зацікаўленьне, як нечым забароненым, а потым усё адляцела і зараз, згодна статыстыцы, колькасьць хрышчэньняў ізноў зьменшылася, зьменшылася колькасьць тых, якія называюць сябе вернікамі Калі б Сталін ў 43 годзе і пасьля вайны даў такую свабоду царкве, якую далі ёй Гарбачоў і Ельцын, то тады яшчэ можна было б нешта выратаваць, бо яшчэ жыло пакаленьне вернікаў, якія памяталі старую Царкву, хадзілі ў старыя храмы і гэтак далей. А зараз, гістарычная памяць адбітая, усё спаленае і ўсё трэба пачынаць з нуля, а усё гэта, на жаль, мала каго цікавіць. Усе зацікаўленыя ў тым, каб мець дачы, прыгожыя аўтамабілі, дарагія кватэры, добрую працу, вучыць дзяцей у Англіі, езьдзіць адпачываць ў Егіпет і на Кіпр, а гэтае, духоўнае, нікому не патрэбнае”.
(Ардаў: ) “Гаварыў клірык Рускай Аўтаномнай Праваслаўнай Царквы, айцец Міхаіл Ардаў, настаяцель храму Царскіх Новапакутнікаў на Галавінскіх могілках у Маскве. Чаму некаторых сьвятароў і вернікаў не задавальняе традыцыйная Царква? У чым прычына гэтага царкоўнага дысыдэнцтва і расколаў? З просьбай пракамэнтаваць гэтую зьяву я зьвярнуўся да праваслаўнага верніка, прафэсара Івана Чароты.
(Чарота: ) “Па-першае, гэта ні ў якім разе не ўсьвядомлены, пасьлядлоўны верніцкі пратэст. Гэта, у першую чаргу і ў асноўным, зьява масавага нэафіцтва. Усё грамадзтва вяртаецца ці зьвяртаецца да Царквы. І вось тут, у гэтым нэафіцтва ёсьць пошук сваёй Царквы, і часам гэты пошук не абумоўлены, ня вытлумавачаны для самога суб’екту пошуку. Такі чалавек прабіваецца да розных сэктаў. Акрамя таго, калі ўзяць пад увагу канкрэтныя парафіі, дык частка сьвятароў, якія зьявіліся напрыканцы 80-х, гэта людзі, на жаль, якія вельмі часта ня мелі духоўнай асьветы, ня мелі сапраўднай дасьведчанасьці, а гэта, натуральна, магло ўплываць на паству вакол іх”.
(Бандарук: ) “Спадар прафэсар, Вы напэўна чулі пра гэтак званую “Народную Праваслаўную Царкву”. Толькі што гаворка йшла пра “Аўтаномную Царкву”. Усё гэта праваслаўныя людзі, якія, аднак, неяк расчараваліся ў сваёй ранейшай Царкве. Ці гэта не трывожная зьява?”
(Чарота: ) “Мне здаецца, што з боку гэтыя зьявы выглядаюць значна большымі, чым яны ёсьць у сапраўднасьці. У нас, у тым ліку сярод праваслаўных вернікаў, няма гэтага адчуваньня, што царкоўных дысыдэнтаў шмат. Скажам, у свой час шырока папулярны быў нехта Гушча, нібыта нават епіскап. Для мяне такія людзі несур’ёзнага значэньня, яны не ўяўляюць сабой ніякіх сур’ёзных працэсаў. Я такія зьявы меў магчымасьць назіраць бліжэй, чым многія, чытаць пра іх, гутарыць зь людзьмі. У друку яны выглядаюць вельмі значнымі, вельмі істотнымі, з сур’ёзнымі наступствамі, а на самой справе – не”.
(Бандарук: ) “Гаварыў прафэсар Іван Чарота. Магчыма, што царкоўныя дысыдэнты складаюць нязначны адсотак. У кожным разе, Аўтаномная Праваслаўная Царква, якой ўсяго 6 гадоў, – разьвіваецца. Яна папаўняецца ўсё новымі сьвятарамі і вернікамі, якія пакідаюць альбо Маскоўскую Патрыярхію, альбо “Зарубежную” Царкву, а гэта ўжо амаль раскол”.