Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЕЛЯЗЬНЁЎ І БАРАДЗІН СУСТРЭЛІСЯ З ЛУКАШЭНКАМ


Віталь Цыганкоў, Менск

Генадзь Селязьнёў і дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Павал Барадзін сустрэліся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам, які зьяўляецца старшынём гэтак званага Вышэйшага савету саюзнай дзяржавы.

Лукашэнка і Селязьнёў узгаднілі тэрміны правядзеньня сэсіі Парлямэнцкага сходу саюзу. Нядаўна без тлумачэньняў сэсію перанесьлі на няпэўны час. Лукашэнка зь Селязьнёвым сёньня дамовіліся, што месца правядзеньня сэсіі будзе ранейшае — Горадня, хаця даты ейнага правядзеньня яны зноў ня вызначылі.

Як паведаміў нашаму радыё прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Барысевіч, на сустрэчы з Генадзем Селязьнёвым таксама абмяркоўвалі праект Канстытуцыйнага акту.

Паміж Селязьнёвым і Барадзіным у гэтым пытаньні існуюць сур’ёзныя разыходжаньні. Барадзін выступае за неадкладнае прыняцьце агульнай расейска-беларускай канстытуцыі, а старшыня расейскай Думы выказваецца за канстытуцыйны акт.

Селязьнёў сказаў сёньня, што канстытуцыя павінна стаць другім этапам пасьля таго, як будзе сапраўды створаная саюзная дзяржава.

Старшыня Дзяржаўнай Думы паведаміў таксама, што сродкі ў саюзны бюджэт нарэшце пераведзеныя і пачалося фінансаваньне саюзных праграмаў. Паводле словаў Селязьнёва, урад саюзнай дзяржавы заслугоўвае таго, "каб зь яго строга спыталі за затрымку выкананьня бюджэту".

Пакуль Лукашэнка і Селязьнёў абмяркоўвалі пляны будаўніцтва саюзнай дзяржавы, Міністэрства эканомікі Беларусі паведаміла, што большая частка мерапрыемстваў у межах саюзу не выконваецца. З 13 праграмаў, пазначаных у адпаведным "графіку рэалізацыі", ажыцьцявілі толькі 3.

Ня выканалі працы па ўніфікацыі заканадаўства аб інвэстыцыйнай дзейнасьці, не прынялі адзіных умоваў функцыянаваньня энэргетычных сыстэмаў і гэтак далей. Такім чынам, рашэньні, якія прымаюцца зьверху паводле палітычна-прапагандысцкіх матываў, папросту ігнаруюць чыноўнікі, якія маюць справу з рэальнай эканомікай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG