Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБВІНАВАЎЦА ЗАПАТРАБАВАЎ ДЛЯ БАНДАЖЭЎСКАГА 9 ГАДОЎ ПАЗБАЎЛЕНЬНЯ ВОЛІ, А ЭЎРАПАРЛЯМЭНТ ПАСТАНАВІЎ ДАЦЬ ЯМУ “ПАШПАРТ СВАБОДЫ”


Казімер Яноўскі, Гомель

Вайсковы пракурор маёр Алег Рудэнка, які першы выступіў як дзяржаўны абвінаваўца, зазначыў, што ва ўмовах распаўсюду карупцыі ў грамадзтве хабарніцтва — самае небясьпечнае злачынства. Галоўную віну хабарнікаў у мэдычным інстытуце маёр Рудэнка згледзеў у тым, што хабарніцтва "спарадзіла скажонае ўяўленьне пра парадкі ў беларускіх ВНУ".

Нягледзячы на трохмесячнае судовае разьбіральніцтва, вайсковы пракурор, як і папярэдняе абвінавачаньне, па-ранейшаму лічыць, што прафэсар Бандажэўскі, былы прарэктар Уладзімер Раўкоў і старшая выкладчыца мэдінстытуту Натальля Фомчанка злоўжывалі службовым становішчам і бралі хабар у буйных памерах. Займаліся гэтым і экзамэнатары, школьныя настаўніцы Ніна Шамычак і Ліля Ганчарова.

Ініцыятарам пабораў дзяржаўныя абвінаваўцы зноў называюць Юр'я Бандажэўскага. Прынамсі, пры разглядзе канкрэтных эпізодаў хабарніцтва яшчэ адзін абвінаваўца, прадстаўнік рэспубліканскай пракуратуры Мікалай Корзун, згадваў імя прафэсара Бандажэўскага больш як два дзясяткі разоў. У аснову доказаў спрэс клаліся матэрыялы папярэдняга сьледзтва.

Шэраг эпізодаў абвінаваўцы вымушаны былі выключыць са сьпісу як такія, што ня маюць дачыненьня да былога рэктара Бандажэўскага.

Напрыканцы свайго выступу Мікалай Корзун прасіў вайсковую калегію даць прафэсару Бандажэўскаму 9 гадоў пазбаўленьня волі, зьмясьціўшы ў калёнію ўзмоцненага рэжыму і канфіскаваць ягоную маёмасьць.

Такое ж пакараньне папрасілі дзяржаўныя абвінаваўцы і для былога прарэктара Ўладзімера Раўкова. Прапанавалі таксама пазбавіць яго вайсковага званьня падпалкоўніка мэдычнай службы запасу.

Значна меншыя пакараньні хочуць дзяржаўныя абвінаваўцы для іншых падсудных. Спадарыням Фомчанцы і Шамычак яны просяць даць па 3 гады турэмнага зьняволеньня, Лілі Ганчаровай — 2 гады.

Сёньня ж у судзе адвакат Бандажэўскага спадар Баранаў заявіў пра ліст дэпутаткі Эўрапарлямэнту, сяброўкі Камісіі ў пытаньнях аховы здароўя Мары Бэген да Аляксандра Лукашэнкі. Свае подпісы пад лістом, апроч спадарыні Бэген, паставілі яшчэ 11 эўрапейскіх дэпутатаў ад Партугаліі, Францыі, Люксэмбургу, Турцыі ды іншых краінаў.

Занепакоеныя лёсам выдатнага навукоўца, дэпутаты паведамілі кіраўніку дзяржавы, што прафэсару Бандажэўскаму прысуджаны "Пашпарт Свабоды" на знак актыўнай маральнай падтрымкі й гарантыі ягонай асабістай бясьпекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG