Некалькі месяцаў таму Аляксандар Лукашэнка заявіў: “У краіне ёсьць толькі адзіны палітык”. З году ў год рэйтынг кіраўніка дзяржавы не падаў ніжэй за 30%, а рэйтынгі ягоных канкурэнтаў не ўздымаліся вышэй за 5%. Аднак гэтая сытуацыя не застаецца нязьменнаю. Гаворыць дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў прафэсар Алег Манаеў.
(Манаеў: ) “У параўнаньні з нашым мінулым (лютаўскім) апытаньнем ў красавіку мы зноў назіралі падзеньне рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі. Тэндэнцыя павольнага, але няўхільнага зьніжэньня ягонай папулярнасьці назіраецца на працягу двух апошніх гадоў. На мяжы 2000-2001 гадоў адбыўся невялічкі скачок угару, але зараз ізноў бярэ верх ранейшая тэндэнцыя да паніжэньня. Калі мы гаворым пра рэйтынг, то ў першую чаргу маецца на ўвазе гатоўнасьць грамадзянаў галасаваць за палітыка, у дадзеным выпадку, за Лукашэнку, як за кандыдата ў прэзыдэнты. Але існуе набор іншых паказчыкаў, якія вызначаюць розныя бакі стаўленьня апытаных да палітыка: ці давяраюць яму, ці лічаць яго ідэалам палітыка, ці падабаецца ён. Дык вось зьніжэньне пазытыўнага стаўленьня да кіраўніка беларускай дзяржавы назіраецца паводле ўсіх гэтых паказчыкаў. Больш за тое, пагаршэньне эмацыйных, маральных ацэнак Аляксандра Лукашэнкі – нават больш істотнае, чым зьніжэньне колькасьці тых, хто жадае галасаваць за яго.
Гэтыя паказчыкі выконваюць ролю своеасаблівых “апераджальных” індыкатараў. Такія зьявы вядомыя ў эканоміцы: сёньня павялічылася колькасьць пустых грошай у краіне, праз месяц чакай скачку цэнаў. Так і ў грамадзкай сьвядомасьці: зьмены ў даверы, у сымпатыях да палітыка вызначаюць накірунак зьменаў у гатоўнасьці галасаваць за яго”.
Іншымі словамі, красавік ня стаў выключэньнем ў агульнай тэндэнцыі “ўсыханьня” народных сымпатыяў да кіраўніка дзяржавы. Гэта лёс бадай кожнага народнага куміра – тое ж самае ў свой час было і з Гарбачовым, і зь Ельцыным, і, напрыклад, з Мілошавічам. Але адначасна красавік у Беларусі стаў пачаткам абсалютна новай тэндэнцыі. Ізноў гаворыць прафэсар Манаеў.
(Манаеў: ) “На працягу апошніх гадоў мы назіралі ў нашых апытаньнях цікавую акалічнасьць: рэйтынг кіраўніка дзяржавы зьніжаўся, але гэтае зьніжэньне не ператваралася ў падвышэньне папулярнасьці іншых палітыкаў. Тыя, хто расчароўваўся ў кіраўніку дзяржавы, не “ачароўваўся” кімсьці іншым. Рэйтынгі ягоных апанэнтаў знаходзіліся ў межах памылкі дасьледаваньня – 2-3 %. У красавіку гэтая тэндэнцыя зьмянілася і адначасна з падзеньнем рэйтынгу Лукашэнкі мы назіраем рост рэйтынгаў яго канкурэнтаў: у першаю чаргу вядомай пяцеркі апазыцыйных кандыдатаў і Зянона Пазьняка. Рост пакуль ня надта істотны, але заўважальны. Цікава таксама тое, што гэты рост адбываецца нераўнамерна, іншымі словамі, можна казаць пра зьяўленьне лідэра, папулярнасьць якога павялічылася ў найбольшай ступені. Гэта – былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір. У красавіку амаль 7% апытаных паведамілі, што гатовыя галасаваць за яго як за прэзыдэнта краіны. Гэта ў пяць разоў менш за 37% гатовых галасаваць за Лукашэнку, але гэта заўважальна больш, чым памылка дасьледаваньня, і значна больш, чым у наступнага канкурэнта – Сямена Домаша, якому гатовыя аддаць свае галасы каля 3% выбаршчыкаў”.
Апытаньне, якое праводзіла таксама ў красавіку сацыялягічная лябараторыя НОВАК, дало падобныя вынікі ўзроўняў папулярнасьці палітыкаў.
Падаецца, што часткова рост рэйтынгаў апазыцыйных кандыдатаў ёсьць проста вынікам набліжэньня тэрміну выбараў. Ужо зараз каля 70% апытаных заяўляюць пра свой цьвёрды намер браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Адначасна каля паловы насельніцтва ня хоча бачыць Аляксандра Лукашэнку на чале беларускай дзяржавы. Да дня, калі гэтае пытаньне будзе вызначацца, застаецца ня больш як чатыры месяцы. І цалкам натуральна, што частка з гэтых людзей пры ўсёй беларускай разважлівасьці пакрысе вызначаецца, магчыма, нават паводле прынцыпу “найменшага зла”. Хутчэй за ўсё гэтая тэндэнцыя будзе захоўвацца і надалей: чым бліжэй да выбараў, тым больш будзе тых, хто вызначыцца. І ніадкуль не вынікае, што ўсе, хто сёньня робіць для сябе нялёгкі выбар, у верасьні аддадуць свае сымпатыі выключна Лукашэнку. Больш дакладны аналіз атрыманых сацыёлягамі дадзеных паказвае, што зафіксаваны ў красавіку рост рэйтынгаў апазыцыйных кандыдатаў – не выпадковасьць.
(Манаеў: ) “Мы ўжо казалі пра “апераджальныя” індыкатары. Паводле гэтых паказчыкаў таксама назіраецца рост прыхільнасьці да канкурэнтаў Лукашэнкі, таксама менавіта Міхаіл Чыгір апярэджвае астатніх, саступаючы толькі кіраўніку дзяржавы. Але варта дадаць, што паводле гэтых больш “мяккіх” паказчыкаў разрыў паміж лідэрам прэзыдэнцкай гонкі і яго канкурэнтамі значна меншы. Напрыклад, прыблізна 40% апытаных адказалі, што давяраюць Лукашэнку і што ён ім падабаецца. А ў адносінах да Міхаіла Чыгіра такое ж стаўленьне выказаў кожны пяты, а ў адносінах да Ўладзімера Ганчарыка – кожны дзясяты. Адставаньне, як бачым, захоўваецца, але тут разрывы істотна меншыя, чым у адказах на пытаньне: “За каго будзеце галасаваць?” І гэта ня проста гульня ў паказчыкі. Значэньні ўсіх індыкатараў стаўленьня да Лукашэнкі амаль супадаюць, усе яны складаюць каля 40%. Гэта значыць, што ў пэўнай ступені ён дасягнуў сваёй электаральнай “столі”. У яго канкурэнтаў ёсьць пэўны рэсурс пашырэньня свайго ўплыву, напрыклад, людзі, што сёньня выказваюць давер да Ўладзімера Ганчарыка, заўтра, а дакладней, у верасьні, могуць адкінуць прэч заклінаньне “А хто замест Лукашэнкі?” і нарэшце аддаць свае галасы лідэру Фэдэрацыі прафсаюзаў”.
Плыні бруду і памыяў, якія дзяржаўная прапаганда і яе натхняльнік выліваюць на галовы прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду, сваю ролю безумоўна адыгрываюць, але іх магчымасьці абмежаваныя.
Да таго ж само па сабе падвышэньне рэйтынгаў апазыцыйных кандыдатаў можа падштурхнуць да іх далейшага росту – у грамадзкай сьвядомасьці зьнікае адчуваньне, што нікога, акрамя аднаго, ўвогуле няма.
Але электаральныя “столі” маюць і канкурэнты Лукашэнкі. Праўда, яны маюць магчамасьць “прабіць” іх, гэтая магчымасьць завецца – адзіны кандыдат. Ізноў гаворыць прафэсар Манаеў.
(Манаеў: ) “Пакуль у Беларусі, у адрозьненьне ад Югаславіі ў 2000 годзе, ня вызначаны адзіны кандыдат, які б увасабляў альтэрнатыву ўладзе і аб’ядноўваў вакол сябе ўсіх незадаволеных гэтай ўладаю. Гэта можа не зусім і дрэнна – ёсьць рызыка памыліцца ў выбары гэтага адзінага. Але зразумела такая сытуацыя спараджае небясьпеку раздрабненьня электарату, які хоча пераменаў. Варта адзначыць, што электарат Лукашэнкі вельмі “шчыльны”, значная колькасьць гэтых людзей ня хоча нават абстрактна разглядаць ніякія альтэрнатывы. Але, як высьвятляецца, і прыхільнікі яго дэмакратычных канкурэнтаў ня надта згодныя мяняць свой выбар: гатовыя галасаваць за Домаша ня надта схільныя галасаваць за Казлоўскага, шмат прыхільнікаў Калякіна не прагаласуюць за Ганчарыка і гэтак далей. Так што праблема, як бачым, ня толькі ў тым, каб дамовіліся кандыдаты, а каб “дамовіліся” іх электараты. Аднак і тут, паводле вынікаў дасьледваньня, найлепшае становішча ў Міхаіла Чыгіра – менавіта яму выбаршчыкі астатніх дэмакратычных кандыдатаў у большай ступені гатовыя перадаць свае галасы”.
Гаварыў прафэсар Манаеў.
Варта адзначыць, што падчас красавіцкага апытаньня, што правяла лябараторыя НОВАК, была выяўленая тая ж заканамернасьць – на Чыгіры ў найбольшай ступені перакрыжоўваюцца электараты альтэрнатыўных кандыдатаў.
Гэтае пакуль умоўнае лідэрства Чыгіра апроч іншых чыньнікаў можа мець вельмі простае тлумачэньне – ён найбольш вядомы з усіх апазыцыйных кандыдатаў. І таму людзі, якія шукаюць альтэрнатыву, спыняюць свой выбар на тым, пра кого хаця б штосьці ведаюць. Наогул, найбольш вядомыя з патэнцыйных кандыдатаў трое: Лукашэнка, Чыгір і Пазьняк. Але лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ вызначаецца надзвычай высокім нэгатыўным рэйтынгам: больш паловы апытаных адзначаюць, што ня будуць галасаваць за яго ні пры якіх абставінах. Такой вялікай колькасьці ўпэўненых праціўнікаў няма нават у Лукашэнкі. У такой сытуацыі падаецца малаверагодным, што вядомасьць Пазьняка ператворыцца ў яго папулярнасьць: такая велізарная колькасьць праціўнікаў – моцны псыхалягічны фактар для тых, хто яшчэ ня вызначыўся ў сваім выбары.
Зразумела, новую тэндэнцыю, вызначаную сацыёлягамі ў красавіку, ня варта перабольшваць. Таксама ня варта забываць і пра нявырашаную дагэтуль праблему адзінага кандыдата і наогул пра ўмовы, у якіх ўлада зьбіраецца праводзіць выбары. І ўсё ж пры ўсіх агаворках трэба заўважыць, што перадвыбарчая кампанія перастае быць гульнёю ў адныя вароты. А гэта дазваляе спадзявацца, што верасень сёлета стане не чарговым безальтэрнатыўным тупіком, а раздарожжам на доўгім шляху.