Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯНУШ РАДЗІВІЛ І ЧАРНОБЫЛЬ


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Разважаючы пару тыдняў таму пра беларускую нацыянальную ідэю, мы зрабілі выснову, што стрыжань гэтай ідэі - арыстакратызм. А было так. Цяперашні кіраўнік РБ публічна выказаўся пра тое, што апанэнты пасадзяць яго на кол, варта ім дабрацца да ўлады. Беларуская гісторыя ведае толькі адну аналёгію такога пакараньня. Калі бязродная і нялюдзкая казачая навала захапіла паўдзённы ўсход краіны, усё навокал руйнавала і вынішчала, дык урэшце канец гэтаму нашэсьцю паклалі беларускія арыстакраты. Януш Радзівіл у Мазыры пасадзіў на кол казачага атамана Міхненку. Так з аднаго намёку першага прэзыдэнта на альтэрнатыву ягонай уладзе нарадзілася цэлая амаль тэорыя беларускага арыстакратызму.

Сапраўды, нашыя высакародныя землеўласьнікі ў абароне сваіх правоў дасягнулі той салідарнасьці, на якой іхная дзяржава Вялікае Княства Літоўскае здолела праіснаваць ажно 500 гадоў, нягледзячы на ўсе вонкавыя агрэсіі. І калі сёньня ў нас бясконца перабіраюць прозьвішчы лідэраў дэмакратыі або кажуць, што няма кім замяніць цяперашняга кіраўніка, я згадваю таго Радзівіла. Зь якім пачуцьцём ён выпраўляўся ў паход, каб ачысьціць зямлю ад казаччыны і на абязьлюдзелых землях, у паруйнаваных гарадах і спанявераных чалавечых душах усталяваць спакойны звычаёвы парадак. І думаю я пра гэта ня столькі ў зьвязку з прэзыдэнцкімі выбарамі, колькі ў зьвязку зь іншай блытанай-пераблытанай, так і не скранутай зь месца, як сьлед не ацэненай і бясконца загаворанай праблемай. Маю на ўвазе Чарнобыль.

Тамсама і гэтаксама дзіка і незразумела для паспалітае сьвядомасьці, з такім самым эфэктам - ад вусьцішы да абыякавасьці... Ня варта спасылацца, маўляў, тады было сярэднявечча, а тут - тэхнагенная катастрофа. У мяне няма сумневу, што тая колішняя беларуская арыстакратыя дала б рады і ў такой сытуацыі, як давала рады чуме і халеры ды іншым напасьцям. Бо справа тут у філязофіі, а не ў эпохах ды тэхналёгіях. Наша арыстакратыя мела цяжка зразумелае сёньня непадзельнае пачуцьцё адказнасьці, багоміла веды і на сваёй зямлі ўсё вырашала і рабіла сама. Уявіце сабе - нікога за сьпінай, а перад вачыма бяда. І мусіш зь ёй разабрацца, і спадзявацца на нешта не выпадае. На дзяржаву? Дык дзяржава - гэта ты сам, высакародны земляўласьнік, і твой сын, і твой унук, якія пяроймуць пасьля цябе фамільны скарб. Спадзявацца на замежную дапамогу? Але ж беларускія арыстакраты, тыя ж Радзівілы, былі найбагацейшымі ў Эўропе. Нездарма толькі ў нашай гісторыі за іхнай эпохай замацавалася назва "залаты век". Такім чынам, Януш Радзівіл і Чарнобыльская катастрофа. Маральны, філязофскі і псыхалягічны аспэкт паводзінаў.

Паказальна, што сёлета на 15-ю гадавіну Чарнобыльскай аварыі ўзьнікла завочная спрэчка паміж людзьмі, якія, можа быць, у найбольшай ступені адказваюць за беларускую ідэю і прадстаўляюць яе сьвету. Маю на ўвазе старшыню Рады БНР Івонку Сурвіллу і рэдакцыю газэты "Наша Ніва". Барыс Тумар напісаў правакацыйны артыкул з назвай "Перабольшаны Чарнобыль", які выклікаў непаразуменьне ў спадарыні Івонкі. Падкрэсьлю, што дагэтуль у гэтых прадстаўнікоў беларушчыны пры самым, так бы мовіць, сьвятарным агні, ніякіх разыходжаньняў у галоўных тэмах і пытаньнях не ўзьнікала. І кажу я гэта, каб праілюстраваць думку, што за гэтыя 15 гадоў вычуваньне і ацэнка Чарнобыльскага здарэньня для беларускай нацыі ня толькі не акрэсьліліся і ня сталі супольнымі, але й заблыталіся неверагодна, аж да такіх вось непаразуменьняў. Пра гэты сюжэт распавядзе Сяргей Харэўскі.

(С.Харэўскі: ) "Днямі мне давялося стаць міжвольным сьведкам электроннае паштовае дыскусіі паміж старшынёю Рады БНР Івонкай Сурвіллаю й аўтарам "Нашае Нівы" Барысом Тумарам. Спадарыня Сурвілла паведаміла мне пра свой намер выслаць артыкул-успамін пра стварэньне Канадыйскага Фонду Дапамогі Ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, але засумнявалася, пачытаўшы нашаніўскую публікацыю "Перабольшаны Чарнобыль". Яна піша: "Справа ў тым, што магчыма хацелі, каб яно гэтак было, але яно гэтак ня ёсьць. Напісана папросту як на заказ самога Лукашэнкі. Тады, калі ўвесь сьвет пачынае разумець што такое радыяцыя, нават Францыя пачынае закрываць ядзерныя электрастанцыі, тут раптам палякі "адкрылі", а "Наша Ніва" паўтарае, што ўсё гэта "блеф"!!! Пачала чытаць, думаючы, што гэта сарказм. А тут выглядае, што аўтар зусім не сур'ёзны! Замыкаць вочы й хаваць галаву пад падушку – гэта дапамога ядзернаму, інтэрнацыянальнаму і Лукашэнкаваму лёбі".

Шчыра кажучы, я не чакаў такога павароту справы й пераказаў, у сваю чаргу, гэтае меркаваньне самому Тумару. Ён жа стаў мяне пераконваць, што мае рацыю. Бо, маўляў, падазроная рэч – да сёньня ніхто ня мае пэўных статыстычных зьвестак. І наадварот, падтрыманьне атмасфэры пасьлячарнобыльскага страху на руку акурат Лукашэнку. Бо выбудоўваецца гэткая лёгіка: Беларусь сам-насам з сабою ня ўправіцца з "касьмічнай бядою", а значыць трэба братацца з Расеяй пад лукашэнкавым кіраўніцтвам. Зьняможаны й зьнявераны народ ня бачыць сваёй самастойнай пэрспэктывы. "Прынцыповая рэч такая, - піша Барыс Тумар, - бяда меншая, чым мы меркавалі. Перабольшваньне яе, падтрыманьне радыяцыйнага іміджу Беларусі наносіць шкоду нацыянальным эканамічным інтарэсам, атручвае й карумпуе мэнталітэт беларусаў".

Цяжка з гэтым спрачацца, я маю на ўвазе апошнія словы спадара Тумара. Але ці меншая тая бяда, чым нам уяўлялася дагэтуль? Рацыя, усеабдымных, поўных і вартых даверу высноваў незалежных дасьледчыкаў мы ня маем. Ніхто ня мае! Дык ці значыць гэта, што бяды няма (ці наадварот)? А вось тое, што ў Беларусі дзейнічаюць дзясяткі "чарнобыльскіх" фондаў, тузін дзяржаўных арганізацыяў - гэта праўда. І яны, шляхам сэлекцыі апошніх гадоў, манапалізавалі ўсе патокі дабарчыннае дапамогі. Тае дапамогі, што шчыра й бяз "задняй" думкі ахвяруюць сумленныя людзі з усяго сьвету, у тым ліку, згаданыя канадыйцы. Спробы рэалізаваць наўпроставую, адрасную дапамогу натыкаюцца на штыхі тых самых фондаў і дзяржаўнага чынавенства. У зьвязку з гэтым я прыгадваю сваю размову зь віленскім мастаком Сяргеем Покладам, які дапамагаў быў ладаваць дабрачынныя транспарты зь Нямеччыны на сваю родную пасьлячарнобыльскую Краснапольшчыну. "Ведаеш, - казаў ён, лепей каб ніхто пра гэта ня ведаў. Бо калі я ўсё раблю сам, я ўпэўнены, што дапамога прыйдзе да тых, каму яна патрэбная. Калі пачну афішаваць – усё заваліцца. Мне давядзецца боўтацца паміж сталамі бюракратаў і выкідаць процьму грошай".

На закіды пра карумпаванасьць "чарнобыльскіх" функцыянэраў, Івонка Сурвілла напісала мне наступнае: "Факт, што некаторыя людзі нажываюцца чарнобыльскай бядою, ня значыць што Бяды няма! Наш народ прывык падазраваць, што ніхто нічога за нішто ня зробіць. Лепш нічога не рабіць, каб толькі яго не абвінавацілі. А людзі ёсьць хіба і ў Беларусі добрыя... У Канадзе, праўда, некаторыя будуць памагаць, каб магчы пахваліцца, што памагаюць. Але вялікая бальшыня памагаюць дзеля таго, што шчодрыя, добрыя людзі. Ня толькі з гэтага меркантыльных задавальненьняў ня маюць, але і ўкладаюць шмат часу й энэргіі, каб памагчы, тады, калі маглі б іх укласьці, каб пабольшыць свае даходы. Доўгая прывычка да савецкай рэчаіснасьці й выклікае ў Беларусі непаразуменьне рэчаіснасьці заходняй. Гэта перашкаджае нашым людзям зьмяніць сваё жыцьцё на лепшае. Ды ня хочуць верыць, калі ім гаворыш".

Рацыя ў гэтых словах неаспрэчная. Насамрэч, праблема паразуменьня ў беларускім грамадзтве нашмат шырэйшая за чарнобыльскія й калячарнобыльскія праблемы. Вялікая колькасьць людзей, да прыкладу, перакананая, што на апазыцыйныя мітынгі іхныя суграмадзяне зьбіраюцца дзеля грошай. Даходзіць да анэкдотаў. Пры тым маральная канвэргенцыя захоплівае ўсё большыя пласты народу. Спачатку хлеб зямны, а там разьбярэмся... Як Бог да мяне, так і я да Бога.

Атрымліваецца, спадар Тумар ды Івонка Сурвілла абое маюць свае рацыі. Абое прасякнутыя беларушчынай. Кожны па-свойму імкнуцца паспрыяць Бацькаўшчыне. Бачаць і перажываюць за адныя й тыя ж праблемы, але высновы робяць розныя. Ня дзіва, што і ўся Беларусь за гады пасьля катастрофы ня здолела прыйсьці да адной ацэнкі. Ня выславіла, ня ўцяміла, сама не закрычала... Рыхтык паводле Багдановіча: "і душу тваю абакралі, у ёй нават мовы няма..." І культура наша не ўзьнялася да пэўных высноваў і вобразаў, якія сталі б знакавымі для ўсіх, агульнапрынятымі. Мастакі памалявалі жудзікі, пісьменьнікі нарабілі рэпартажаў, і... прысталі. Прысталі, як і люд увесь, што спрадвеку ТАМ пражываў".

(С.Дубавец: ) "Сяргей Харэўскі кажа пра тое, што сёньняшнія носьбіты беларускай ідэі ня маюць адзінага погляду на праблему Чарнобыля. Натуральна, ня маюць і адзінага пляну пераадоленьня наступстваў катастрофы. Бо не гаспадары. У лепшым выпадку, спрабуюць самі ахвярна рабіць неаспрэчнае дабро, абы не сядзець склаўшы рукі, бо ў выніку дабро мусіць дабром і адгукнуцца.

Мне згадаўся нядаўна прачытаны эпізод з пачатку мінулай вайны. Немцы гоняць па беларускіх дарогах многія тысячы ваеннапалонных - падбітую, галодную, шэрую чалавечую масу. Кабеты бегма нясуць з хатаў хто кавалак хлеба, хто сала, хто сыр, і тут, на ўзбочыне стараюцца перакінуць харчы цераз галовы канвою - эсэсаўцаў з сабакамі. Стаіць несупынны плач, крык, стогн... Вось кінуты жанчынай кавалак тварагу ўпаў проста ў дарожную гразь. Адразу некалькі рук прагна ірвануліся да яго. Той, каму пашанцавала, імкліва запіхвае тварог у рот. Але зараз да шчасьліўца кідаецца гітлеравец і палкай зьбівае яго на дол... Уявіце сабе ўсю гэтую чалавечую трагедыю. Што робіцца ў душах кабетаў, чые мужыкі зусім верагодна патрапілі недзе ў такую самую сытуацыю. А пачуцьці ваеннапалонных, між якімі ўжо амаль сьцерліся індывідуальныя адрозьненьні. Пачуцьці, якія пераходзяць у інстынкты. А рэфлексы таго немца з сабакам, паводзіны, прадыктаваныя функцыяй. Зьмяні функцыю і зусім іншага атрымаеш чалавека. Бо функцыя вышэй за ягонае "я". Наколькі жыва нагадвае гэта паводзіны функцыянэраў, што да страты тэрміну прыдатнасьці трымаюць гуманітарныя грузы на мытнях, або - раскрадаюць, або - зусім ужо падобна - не даюць дазволу на дапамогу. Дапускаю, што ў тым эпізодзе з пачатку вайны кожны можа ўбачыць сябе. Спрэчка вядзецца пра тое, ці трэба было кабетам рызыкаваць ды высільвацца, каб закінуць у тую шэрую, асуджаную на сьмерць масу кавалак хлеба. Адказ вядомы - некаму гэта працягнула існаваньне яшчэ на дзень-два, а ўрэшце, можа быць, дазволіла выжыць.

Не гаспадары ні на якую большую дабрачыннасьць і разьлічваць ня могуць. Але што яны могуць - праз 15 гадоў пасьля катастрофы, дык гэта выснаваць супольна, што ж адбылося і які мусіць быць плян дзеяньняў. Вось чаму я зьвяртаюся да прыкладу беларускага гаспадара, да гістарычнага прэцэдэнту - казачай навалы, якую выгнаў з краіны Януш Радзівіл. Сяргей Харэўскі працягвае:

(С.Харэўскі: ) "У любым разе мы маем справу зь цёмнай, непадуладнай нам, разбуральнай сілаю, зь якою немагчыма пагадзіцца. Была ў нашай гісторыі падобная сытуацыя. 20 траўня 1654 процьма войскаў маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча рушыла з трох бакоў на Беларусь. З поўдня да іх далучылася казацкая арда Хмяльніцкага. У вадначасьсе край быў заліты больш як 100-тысячным войскам чужынцаў. Ім супрацьстаяла у дзесяць разоў меншая армія Вялкікага Княства на чале зь Янушам Радзівілам. Вынікі гэтае драмы красамоўна апісаў Сыракомля: "Вайна з Расеяй набыла жахлівы характар. Шчэрба, Загіеў і Хаванскі занялі ўсю краіну. У Менск увайшлі казакі, татары й калмыкі... У крыві й попеле загінула большая частка жыхароў, зьнішчана большасьць дамоў, манастыроў, сьвятыняў. І прыйшоў мор, які цягнуўся больш за чатыры гады... Горад абязьлюдзеў, стаў пустэльным, павялічыліся адно межы могілак - "залюдніліся гарады мёртвых".

На першы погляд, паратунку не было. Але толькі на першы. Крывавая вайна, што спустошыла дашчэнту Беларусь, урэшце была скончаная. Былі калясальныя страты, але ўсё ўвабралася ў свае берагі. Беларуская арыстакратыя йзноў выратавала сваю зямлю. Беларусь выйшла з трынаццацігадовай вайны з апакаліптычнымі стратамі. Яе насельніцтва зьменшылася на 53 адсоткі. Найбольш пацярпелі збольшага тыя самыя тэрыторыі, што й пасьля аварыі ў Чарнобылі – Гомельшчына й Магілёўшчына. Там не засталося пад канец вайны нават траціны ад даваеннай колькасьці жыхароў!

Што ў той сытуацыі мусілі рабіць валадары? Адразу ж улада вызваліла жыхароў пацярпелых земляў ад падаткаў. Дзе на 10, дзе на 15, а дзе й на 20 гадоў! Людзі мусілі ачуняць, аджыць, нарадзіцца ўрэшце! Адначасова былі дадзены каралеўскія прывілеі тамтэйшым жыдам, каб ажывіць гандаль і рамёствы. І велізарныя ахвяраваньні беларуская магнатэрыя павыдаткоўвала на бажніцы й кляштары, што сталіся асяродкамі духоўнасьці й асьветы, гаспадаркі й мэдыцыны, а ў першую чаргу - асяродкамі сацыяльнае апекі.

А зараз параўнаем, што зрабілі ўлады ў Беларусі пасьля Чарнобыля. У першыя гады "чарнобыльскі" падатак у чарнобыльскіх жа раёнах складаў на прадпрыемствах ажно 25 адсоткаў. Гэта быў ці ня самы балючы ўдар "пад дых" тамтэйшай эканоміцы. Лягічна было б сабе ўявіць, што калі ўся Беларусь плоціць "чарнобыльскі" падатак, дык можа з "чарнобыльцаў" яго не спагаяюць. Аж не! Тамтэйшыя прадпрыемствы ў забруджаных нуклідамі раёнах і сёньня плоцяць 6-працэнтавы "чарнобыльскі" падатак. І ўсе астатнія падаткі таксама!

Вось адкуль чарнобыльская карумпаванасьць. Дзеля таго, каб пералічваць і сачыць за спагнаньнем падаткаў, спатрэбіўся дадатковы легіён бюракратаў. І сама меней яшчэ столькі ж - дзеля разьмеркаваньня сабраных сродкаў. Вось калі была падарваная вера людзей у справядлівасьць, у салідарнасьць. Чарнобыльцы самі на сябе зь сябе здымалі і здымаюць падаткі! Па ўсёй краіне выбіваюцца апошнія грошы, што, прайшоўшы празь сіта дзяржаўнага разьмеркавальнага апарату, кроплямі даходзяць у зону бяды.

Цяперашняе кіраўніцтва Беларусі, як і папярэдняе і як яшчэ ранейшае, проста ня можа ўзяць у цям гэткія тэрміны вызваленьня пацярпелага люду як 10-15 гадоў. Бо мысьліць выключна сёньняшнімі, аднадзённымі катэгорыямі.

Сапегі, Радзівілы, Храптовічы былі перакананыя, што лёс дзяржавы будзе залежаць ня толькі ад іх, але і ад іхных унукаў і праўнукаў. Таму і рупіліся пра тое, каб край даваў плады і ў будучыні... Пасьля войнаў з Расеяй вясковае насельніцтва раўнастайна перасялялі з Захаду на Ўсход. Гэтак пакрысе і паўстаў беларускі этнас.

Сытуацыя вакол Чарнобыля падобная. Толькі зь іншым знакам. Трэба было раўнастайна зьмясьць людзтва з Паўднёвага Ўсходу ў бок Паўночнага Захаду. Куды ж пайшлі тыя самыя падаткавыя грошы, павыбіваныя з усіх без разбору беларусаў? Не на разумнае адасяленьне. А на прымацаваньне людзей у радыяцыйна брудных раёнах. Дзякуючы катастрофе ў канцы 80-х-пачатку 90-х гадоў непазнавальна зьмянілі свой воблік Брагін, Ельск, Лельчыцы, Чэрыкаў. Гэтыя гарады былі ўпарадкаваныя, у іх панабудоўвалі новых адміністрацыйных будынкаў, навюткага жыльля. Будаваліся ў гэтых раёнах на "чыстых" дзялках зямлі новыя вёскі. Гэта ўсё - таксама страты ад катастрофы. Людзі адтуль зьедуць урэшце. Тыя, каму дарагая будучыня нашчадкаў. Пры гэтым зьніжаліся тэмпы будаўніцтва ў чыстых раёнах і гарадах. Прырост жыльлёвага фонду ў забруджаных раёнах толькі за чатыры гады пасьля катастрофы склаў амаль 4 млн. кв. м. Калі б хоць палова гэтага жыльля была пабудаваная ў чыстых раёнах, дык больш за 100 тысячаў чалавек маглі б жыць у нармальных умовах і не баяцца за лёс сваіх дзяцей і свой таксама. А каб яны былі вызваленыя ад падаткаў, дык Беларусь, магчыма, ужо забылася б на тую трагедыю. На жаль, ані тады, ані цяпер лёс Беларусі не вырашаюць арыстакраты".

(С.Дубавец: ) Мы гаворым пра няяснасьць Чарнобыльскай сытуацыі нават на ўзроўні найболей зьяднаных ідэйна людзей. Чаму так адбываецца? Магчыма Чарнобыльская тэма яшчэ не для нас, яна застаецца для беларускіх інтэлектуалаў вялікай раскошай і гаварыць пра яе на тле цяперашняга нашага грамадзтва папросту рана.

Сапраўды, за апошнія часы ў Беларусі вырас узровень мэдычнай дыягностыкі ўсялякіх хваробаў і адхіленьняў. Але пры тым застаўся ранейшым, калі толькі ня зьнізіўся, сацыяльны стандарт. І вось што з гэтага атрымліваецца.

Паказчыкі захворваньняў прыблізна аднолькавыя па ўсёй тэрыторыі краіны, і ў агульным патоку гэтае нечысьці разгледзець уласна чарнобыльскія сьляды робіцца ўсё цяжэй. Бо няма нармальнага сацыяльнага забесьпячэньня, лекаў, санітарыі. Вось дзе вылазіць сёньняшні Міхненка, вось дзе казаччына. У бараку, дзе няма гарачай вады і дзе чалавек элемэнтарна недаядае, можна колькі заўгодна разважаць пра генныя мутацыі, але бяз толку, калі няма як памыць рукі і няма за што і дзе купіць самага простага амідапірыну, калі ўсе навокал з грыбком на нагах і без аніводнага здаровага зуба ў роце, калі сухоты - што перхаць, і ўсё гэта лічыцца - нормай. Бо не сьмяротнае. На такім тле папросту не разгледзіш ніякіх чарнобыльскіх наступстваў. Ува ўсім гэтым - атаман Міхненка зь ягонай пагардай да культуры і інтэлекту. У гэтым - затрыманы ў часе савецкі культ роўнасьці ў жабрацтве. У гэтым - і савецкая пагарда да традыцыі, калі кожная кабета і ў беднасьці была ў нас фанаткай чысьціні. І як тут вернеш той культ здаровага ладу жыцьця, калі няма ані грошай, ані маральных стымулаў. Ідзі за свой мізэрны заробак накармі сям'ю мультывітамінамі, звадзі да стаматоляга, вывезі на мора... А калі й ёсьць грошы - дакажы, што трэба, калі ўсе навокал пачуваюцца нібы ў цыганскім табары, гнаным кудысьці бяз мэты, жывуць адным днём. Ідэалёгія арыстакратызму ня можа шукаць апраўданьне бяды, яна мусіць бяду пераадольваць у рэальнасьці. А ідэалёгія казаччыны прымае наступствы як дадзенасьць. Для яе ўсё, што не сьмяротнае, ёсьць нормай.

У сьвятле сказанага пра нізкі жыцьцёвы стандарт, пра падаткі з пацярпелых і немагчымасьць на гэтым тле разгледзець рэальныя наступствы катастрофы зусім па-іншаму выглядаюць і народжаныя ў наш час паняцьці - палітычны Чарнобыль і Чарнобыль духоўны. Але гэта ўжо тэмы іншых развагаў і перадач.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG