Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЗАКЛІКАЎ НЕ МЯНЯЦЬ УЛАДУ КРАІНЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Ваколіцы Палацу Рэспублікі сёньня патрулявалі апэратыўнікі ў цывільным, рух на прылеглых вуліцах быў спынены.

Залю запоўнілі 2 500 дэлегатаў з абласьцей. Месцы для менчукоў знайшліся толькі на бальконе, і тыя пакрыўдзіліся, але прадстаўнікі "вэртыкалі" ім патлумачылі: вы бывалі ў гэтым палацы, пусьціце людзей з глыбінкі…

На стэндах ля палацу разьмешчаныя выявы гербаў беларускіх гарадоў, але гербаў з Пагоняй няма зусім, а вось герб Магілёва невядомым мастаком быў пазбаўлены Пагоні. Па-беларуску на сходзе гаварылі хіба толькі некаторыя прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Кіраўніца мандатнай камісіі паведаміла, што дэлегаты нібыта абраныя на свабодных выбарах, але Аляксандар Лукашэнка сам прызнаў, што ў залі ўсе ягоныя прыхільнікі.

Сход нагадваў колішнія партыйныя зьезды, нават з асобнымі буфэтамі для прэзыдыюму і больш сьціплымі сталамі ў калідорах — для рэшты. Ды і рэзалюцыя сходу пра "ўмацаваньне адзінства ўлады і народу" ўсім нагадала колішні кампартыйны лёзунг пра тое, што "народ і партыя адзіныя".

Прамова Аляксандра Лукашэнкі доўжылася больш як дзьве з паловай гадзіны і была дужа папулісцкая: ён гаварыў пра посьпехі ў эканоміцы, абяцаў падтрымку вяскоўцам, навукоўцам, моладзі, пэнсіянэрам і ўсім іншым. Да 2005 году паабяцаў сярэдні заробак 250 даляраў, пэнсію 100–150 даляраў, падвоіць дапамогу шматдзетным сем'ям.

Ізноў А.Лукашэнкі гаварыў пра апазыцыю, пра "белпяцёрку" ягоных канкурэнтаў, пра недапушчэньне югаслаўскага сцэнару ў Беларусі, пра заходніх шпіёнаў ды каварныя пляны НАТО, пра неабходнасьць мадэрнізацыі беларускага войска.

Новай была хіба толькі заява пра тое, што на тэрыторыі Польшчы й Літвы нібыта разьмешчаныя НАТОўскія станцыі — каб сачыць за тэрыторыяй Беларусі.

Галоўнай тэмай сталі прэзыдэнцкія выбары. Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што ён не зьбіраецца вяртацца ў свой саўгас, каб даіць кароў ды карміць бычкоў. Ён таксама прызнаўся, што грошы за прададзеную зброю ён паклаў "у загашнік на чорны дзень, і апазыцыя не здолее іх знайсьці".

А потым заклікаў не мяняць урад і кіраўніцтва — маўляў, гэта самыя дастойныя ў краіне людзі:

(Лукашэнка: ) "Выбары павінны прайсьці выключна цывілізавана, адкрыта, цалкам адпавядаць нашаму заканадаўству і міжнародным стандартам, я не хачу ўтрымліваць уладу сілай і несправядлівасьцю.

Уладу ўтрымаць не праблема. Але трэба думаць пра тое, што будзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, калі мы зламаем грамадзтва, не пераканаем яго, што яно павінна падтрымаць нас на пераломным этапе.

Калі людзі за нас не прагаласуюць, а мы іх проста зламаем, мы ніколі не ўтрымаем уладу. Гэтая ўлада будзе брыдкай ня толькі для вас, яна стане цяжарам і для мяне".

Адчувалася, што парадак выступаў на сходзе быў падрыхтаваны. Сьпіс выступоўцаў быў складзены і ўзгоднены да паседжаньня, без папярэдняга запісу змог выступіць, відаць, толькі Нобэлеўскі ляўрэат Жарэс Алфёраў.

Першая выступоўка, доктарка Ніна Федарук зь Берасьця, прапанавала ад імя сходу "даручыць А.Лукашэнку ісьці на выбары з гэтай праграмай", маючы на ўвазе праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця да 2005 году.

Студэнтка Алена Смыкава з Магілёву заклікала замежных прадстаўнікоў ня ўмешвацца ў справы Беларусі.

Вось як пракамэнтаваў сёньняшнюю імпрэзу кіраўнік Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі:

(Карэспандэнт: ) "Вам не здаецца, што Аляксандар Лукашэнка паспрабаваў выкарыстаць і прадстаўнікоў дыяспары дзеля падвышэньня свайго рэйтынгу перад прэзыдэнцкімі выбарамі?"

(Сычэўскі: ) "Мне як прадстаўніку белрускай меншасьці ў Польшчы абсалютна не выпадае ацэньваць палітычныя намеры Рэспублікі Беларусь, паколькі гэта мая этнічная айчына.

Гэта першае, а па другое — лічу, што такога тыпу сустрэча, на якой разглядаюцца праграмы гаспадарчага разьвіцьця краіны, маюць нейкі сэнс, таму што тут прысутныя прадстаўнікі розных галін гаспадаркі, розных узроўняў самакіраваньня, людзі, якія гаспадаркай займаюцца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG