Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ мелі сёньня намер правесьц перад Палацам рэспублікі, дзе засядаюць дэлегаты "сходу", акцыю абароны незалежнасьці Беларусі.
Пікет мусіў быў праходзіць ад 8-й гадзіны раніцы да 8-й вечара. Але раніцай на плошчы зьявіліся супрацоўнікі міліцыі ды спэцслужбаў — у форме і ў цывільным. На ганку палаца шэф адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Міхаіл Мясьніковіч ды ягоны намесьнік Уладзімер Замяталін давалі нейкія ўказаньні міліцэйскаму начальству.
Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ пачалі зьбірацца на плошчы бліжэй да 9-й гадзіны. Намесьнік старшыні партыі Сяргей Папкоў сказаў у інтэрвію нашаму радыё:
(Папкоў: ) "Людзі сабраліся, каб выказаць сваю думку пра гэты сход і пра пазыцыю рэжыму ў цэлым. Людзі хочуць прадэманстраваць сваю думку наконт злачыннасьці аб'яднаньня Расеі і Беларусі — так званага аб'яднаньня. Гэта не аб'яднаньне, гэта захоп, акупацыя — мы будзем заўсёды выступаць супраць гэтага".
Раптам людзі ў цывільным пачалі затрымліваць некаторых удзельнікаў акцыі:
(Папкоў: ) "Невядомыя людзі ў цывільным пачынаюць хапаць людзей! Паглядзіце, што робіцца. Людзі ж стаяць спакойна. Увогуле рэжым зрабіўся зусім злачынны. Гэта банда! Ідуць мінакі, а яны затрымліваюць усіх".
І тут да групы пікетоўцаў падышоў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Вось якая ў іх адбылася размова:
(Навумаў: ) "Я вас пераканаўча прашу: давайце жыць не па прынцыпе "Чым горш — тым лепш", а па прынцыпе "За квітнеючую Беларусь". Таму — калі вы праводзіце свае зьезды, ніхто нават і блізка..."
(Пікетоўцы: ) "Гэта наш зьезд, гэта наш народ!"
Пікетоўцы сталі ў некалькі шэрагаў, узяліся за рукі, разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг ды транспаранты з надпісамі: "Абаронім Беларусь", "Не — зьнішчэньню Беларусі", "Зянон Пазьняк — беларускі кандыдат" і пачалі сьпяваць патрыятычныя песьні.
Міністар Навумаў даў каманду затрымаць апазыцыянэраў.
(Навумаў: ) "Я даў каманду. Вас усіх зараз затрымаюць і завязуць у райаддзел за тое, што вы перашкаджаеце правядзеньню санкцыянаванага мерапрыемства".
Пад'ехалі тры аўтобусы, зь іх выскачылі людзі ў цывільным і пачалі хапаць дэманстрантаў. Тых, хто супраціўляўся, падначаленыя генэрала Навумава кідалі ў аўтобусы за рукі й ногі. У пэнсіянэркі Сьвятланы Захарэвіч пачаўся сардэчны прыступ, і яе забрала машына "Хуткай дапамогі".
Усяго схапілі каля 20 чалавек, разам з кіраўнікамі партыі Анатолем Крываротам і Ўладзімерам Раманцовым.
Іншыя ўдзельнікі акцыі на чале з выканаўцам абавязкаў старшыні партыі Юрасём Беленькім адышлі да ўнівэрсаму "Цэнтральны". Гаворыць Юрась Беленькі:
(Беленькі: ) "Гэта ня першы раз, калі міністар унутраных справаў Навумаў пэрсанальна займаецца сяржанцкімі функцыянальнымі абавязкамі. Гэта ўжо ёсьць традыцыяй. Мы гэта назіралі 25 сакавіка. Калі генэралы ідуць у поўны рост у атаку, вобразна кажучы, гэта гаворыць, што ўжо напэўна не засталося войска баяздольнага, якое магло б выканаць гэтую функцыю".
Усіх затрыманых завезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі, дзе на іх склалі адпаведныя пратаколы.