Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАСВАРЫЦЬ БЛІЗКАЎСХОДНІ КАНФЛІКТ БЕЛАРУСКІХ ГАБРЭЯЎ І ТАТАРАЎ-МУСУЛЬМАНАЎ?


Сяргей Абламейка, Менск

Калі сёньня заходзіць гаворка пра беларускае рэлігійнае і культурнае мінулае, дык першае, пра што згадваецца, гэта славутая беларуская талерантнасьць, цярпімае і стрыманае стаўленьне да іншаверцаў і да людзей іншай нацыянальнасьці. Гэта сапраўды так, бо хоць і багатая беларуская рэлігійная і грамадзка-палітычня гісторыя на шматлікія канфлікты, але тычыліся яны пераважна супярэчнасьцяў паміж хрысьціянскімі канфэсіямі, а вось прадстаўнікі іншых рэлігіяў і народнасьяў, у прыватнасьці габрэі і татары-мусульмане, знайшлі некалі на беларускай зямлі прытулак і новую радзіму.

Як складаюцца іх адносіны зараз, у часе, калі на Блізкім Усходзе зноў абвастрыўся арабска-ізраільскі канфлікт, які цягнецца ўжо доўгія дзесяцігодзьдзі? Сёньня ў чарговым выпуску нашай міжканфэсійнай перадачы Сымбаль Веры – гутарка з прадстаўнікамі беларускіх габрэяў і татараў-мусульманаў: сябрам аб’яднаньня габрэяў Беларусі журналістам Маратам Гаравым і намесьнікамі муфція мусульманаў Беларусі Ібрагімам Канапацкім.

(Абламейка: ) “На Блізкім Усходзе не сьціхае арабска-ізраільскі канфлікт. І вось на тле гэтага канфлікту ці назіраюцца нейкія праблемы ў адносінах беларускіх юдэяў і мусульманаў, і больш канкрэтна – габрэяў і татараў? Калі ласка, спадар Гаравы”.

(Гаравы: ) “Трэба ўлічваць, што канфлікт шматгадовы, ідзе ўжо шмат дзесяцігодзьдзяў. Але я не сказаў бы, што сёньня ў нас, у Беларусі назіраецца нейкі выбух антаганізмаў паміж габрэямі і мусульманамі. Нават газэта нашага юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня “Берега” і газэта аб’яднаньня габрэяў “Авіў” нічога аб гэтым ня пішуць”.

(Абламейка: ) “Вашая думка, спадар Канапацкі”.

(Канапацкі: ) “Вайна ідзе ўжо колькі гадоў і не сьціхае, таму вернікі-мусульмане, карыстаючыся сваімі сьвятымі кнігамі, неаднаразова зьвярталіся ў сваіх пропаведзях з заклікамі, каб гэтая вайна прыйшла да нейкага канца. Гэта адпавядае нашай рэлігіі, нашаму закону, дзе сказана “Усе вернікі – браты, мірыце братоў”. Таму, вядома, мы не абыякавыя да гэтых падзеяў, мы назіраем і бачым, што ліецца кроў і гінуць людзі – гэта вялікая трагедыя. Гэта нас вельмі непакоіць.

Але экстрапаліруючы гэтыя падзеі на нашую рэчаіснасьць, на нашае беларускае жыцьцё, я б сказаў, што ў нас ніколі не было паміж татарамі і габрэямі… гэта дакладна – я як гісторык, навуковец, не знаходжу такіх фактаў, якія б сьведчылі аб нейкіх бойках, канфліктах. Наадварот, у нас агульны лёс, агульная гісторыя, і, зразумела, мы шукаем, як нам далей жыць і суіснаваць у шматканфэсійнай дзяржаве”.

(Абламейка: ) “У гэтай сувязі ў мяне ўзьнікае яшчэ адно пытаньне. Сёньня грамадзка-палітычная сытуацыя ў Беларусі няпростая. На грамадзкай сцэне дзейнічае шмат чыньнікаў, у тым ліку і не прыхільных да беларускай дзяржаўнасьці. І таму пытаньне: ці адчуваеце вы нейкія спробы экстрапаліраваць блізкаўсходні канфлікт на вашыя дачыненьні, неяк распаліць супярэчнасьці паміж вамі? Калі ласка, спадар Гаравы”.

(Гаравы: ) “У прэсе такіх выпадаў не адчуваецца. Мне здаецца, што гэта яшчэ наперадзе. Мне здаецца, што і ў псыхалягічным, і ў ідэалягічным пляне адсталая частка насельніцтва, у прынцыпе, падрыхтаваная да антымусульманскіх ці антысэміцкіх праяваў, але рэальна пакуль што гэтага не адчуваецца, такіх праяваў не зафіксавана”.

(Канапацкі: ) “Я неаднаразова гаварыў пра гэта ў сваіх выступах і публікацыях: калі гэтага няма сёньня, няма гэтай варажнечы, няма канфліктаў, то гэта не азначае, што іх можа ня быць у будучым. Канечне, ёсьць людзі, якія зацікаўленыя ў распальваньні гэтых канфліктаў. Ня буду зараз удакладняць, я маю дакладныя факты, прыклады. Часам прыяжджаюць і з таго боку, з Блізкага Ўсходу, тыя, хто распалены тымі сваімі думкамі, уяўленьнямі, і адразу спрабуе укараніць тыя погляды ў нашую рэчаіснасьць. Дзякваць Богу, кіраўніцтва нашага Беларускага згуртаваньня татараў і мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня вельмі аўтарытэтнае, ведае пра ўсё гэта, і мы спрабуем такія праявы ў самым пачатку лячыць, калі можна так сказаць. Пакуль што гэта ўдаецца. Але мы ня ведаем, як яно будзе разьвівацца наперад...”

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG