Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛЯНЦІН ТАРАС: ПАЛІТЫЧНАГА ПАТЭНЦЫЯЛУ Ў СЁНЬНЯШНЯГА САЮЗУ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ НЯМА


Аляксандар Лукашук, Прага

(Лукашук: ) “Валянцін Яфімавіч, ці будзеце Вы браць удзел у працы зьезду пісьменьнікаў Беларусі?”

(Тарас: ) “Быў некаторы сумнеў, ці варта браць удзел. Некаторыя катэгарычна ня хочуць, а я, падумаўшы, вырашыў, што ўсё ж такі трэба пайсьці. Хаця б паспрабаваць там нешта сказаць. Можа ня ўдасца выйсьці на трыбуну, калі не дадуць слова – што магчыма.

Там, відаць, усё так прадумана, каб гладка прайшло. Але хоць у кулюарах пагаварыць зь людзьмі, са сваімі сябрамі, з калегамі і з прыяцелямі, і зь непрыяцелямі таксама. Паспрабаваць зьняць атмасфэру грамадзянскай вайны”.

(Лукашук: ) “Валянцін Яфімавіч, Вы ў Саюзе Пісьменьнікаў зь якога году?”

(Тарас: ) “З 61-га”.

(Лукашук: ) “З 61году Вы ўдзельнічалі, як мінімум, у васьмі зьездах пісьменьнікаў. У параўнаньні з усім папярэднім часам, як бы Вы ацанілі сытуацыю з пункту гледжаньня карысьці для літаратуры”.

(Тарас: ) “Карыснага для літаратуры я па-сапраўднаму, па высокім рахунку такога зьезду ня памятаю. Я памятаю знамянальныя зьезды. Той зьезд, дзе прагучала вялікая і, я лічу, на сёньняшні час гэта выразна бачыш, гістарычная прамова Васіля Быкава. Дзе прагучэла ягоная думка, што ў нас няма выбару. Альбо літаратура, альбо не літаратура”.

(Лукашук: ) “Гэта зьезд 65 году?”

(Тарас: ) “Гэта зьезд 65 году. Здаецца, шосты. Калі гэтая прамова зрабілася самвыдатам. Мне здаецца, што атмасфэра, калі можна так сказаць – палітычная атмасфэра, грамадзкая атмасфэра, яна вельмі нагадвае тую. Я б сказаў, як мне здаецца, нават яшчэ й пагоршылася. Таму што, што такое сёньня Саюз Пісьменьнікаў?..”

(Лукашук: ) “Гэта добрае пытаньне. Давайце згадаем, чым ён быў і як ён эвалюцыянаваў? Мы ведаем, што ён быў створаны ў 30-я гады. Гэта была ідэалягічная калектывізацыя. Але ў 60, 70, 80-я гады ягоная роля як бы трансфармавалася і асабліва ў 80-я нечакана высьветлілася, што Саюз Пісьменьнікаў меў вялікі палітычны патэнцыял. Ці ёсьць палітычны патэнцыял у сёньняшняга Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі?”

(Тарас: ) “На маю асабістую думку, палітычнага патэнцыялу ў сёньняшняга Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі няма”.

(Лукашук: ) “Чаму?”

(Тарас: ) “Па-першае, адсунутыя, літаральна выціснутыя з актыўнага жыцьця такія вялікія фігуры як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін – можна многіх называць і пералічваць. Справа ў тым, што сёньня Саюз Пісьменьнікаў і ягонае кіраўніцтва занялі нейкае мяжовачнае становішча. Яны хацелі б і зрабіць добрае для нашай літаратуры, для пісьменьнікаў, і не пасварыцца зь некаторымі людзьмі, ад якіх яны залежаць і матэрыяльна, і ва ўсякіх іншых накірунках. Нават будынак жа свой страцілі”.

(Лукашук: ) “Але я сказаў бы, што збоку гэта выглядае досыць натуральна. Ёсьць група самаахвярных людзей, якія кажуць (я чуў такія выказваньні ад цяперашняга кіраўніцтва Саюзу Пісьменьнікаў) што нехта мусіць узяць на сябе бруд адносінаў з такой уладай, якая яна ёсьць на Беларусі, дзеля таго, каб прыкрыць сабой і забясьпечыць пэўную прастору для існаваньня пісьменьніцкай супольнасьці”.

(Тарас: ) “Дазвольце мне прыгадаць параўнаўча недалёкую падзею: першую сустрэчу пісьменьнікаў з сёньняшнім кіраўніком дзяржавы. Я там, вядома, ня быў, мяне й не запрашалі. Некаторыя з запрошаных не пайшлі. Большасьць пайшла.

Пасьля гэтай сустрэчы адбылася цікавая рэч. Кожны да цябе падыходзіў (добрыя знаёмыя, зь кім існуюць пэўныя і чалавечыя, і літаратурныя адносіны і апраўдываўся, і тлумачыў чаму ён туды, на гэтую сустрэчу, пайшоў”.

(Лукашук: ) “Валянцін Яфімавіч, зараз пачатак ХХІ стагодзьдзя. Скажэце, на вашую думку, якое месца займае сучасны беларускі літаратурны працэс у жыцьці сучаснага беларускага грамадзтва?”

(Тарас: ) “Я баюся, што ён вельмі звузіўся. Ён звузіўся пад уплывам таго, што зноў літаральна выкараняецца мова. Пэўныя адраджэнцкія колы, там дзе абудзілася сьвядомасьць, моладзь, вось яна і сочыць за навінкамі літаратуры і не застаюцца па-за ўвагай такія часопісы, як, скажам, “Архе”. Вось нядаўна мне далі пачытаць часопіс “Правінцыя”. Гэта зрабілі наваполацкія хлопцы. Я быў у захапленьні. Ян Максімюк зрабіў пераклад Грабла “Танцавальныя гадзіны”. Я даўным-даўно не адчуваў такой асалоды ад самой рэчы і ад самога перакладу, ад дзіўнай, чароўнай, раскаванай як вялікая рэчка беларускай мовы. Але гэты часопіс шырокае кола чытачоў ня ведае. Вось і тыражык маленечкі, і распаўсюджвальнікаў, відаць, няма. І проста крыкма хочацца крычаць, калі трымаеш у руках такі часопіс: гэта “Правінцыя”, людзі, вы паглядзіце, што ў нас ёсьць, які ў нас патэнцыял! Куды мы можам выйсьці! Мы можам выйсьці да багацьцяў сусьветнай літаратуры. У гэтым выпадку выйшлі да чэскага пісьменьніка Грабла. Мы можам выйсьці і ў лацінаамэрыканскую літаратуру, і ў якую заўгодна, і ў нас ёсьць для гэтага ўсё. У нас ёсьць магутная літаратурная мова”.

(Лукашук: ) “Валянцін Яфімавіч, часам узьнікае ўражаньне, што беларуская літаратура рухаецца, так бы мовіць, сьпінай да будучыні: гледзячы назад, убок, але ня ўперад – на прасторы, дзе цяпер разгортваецца усясьветны літаратурны працэс”.

(Тарас: ) “Па-першае, я не пагаджуся з Вамі, што абсалютна ўсе сьпінай. Ёсьць, канечне, такія, якія ідуць сьпінай і тут многае датычыць, калі браць паэзію, паэтычнай формы. Я – стары чалавек і, вядома, мне больш падабаюцца паэты і паэтычная мовы ды паэтычныя традыцыі майго пакаленьня. Таму мне цяжка бывае ўспрыняць сёньняшнюю моладзь, яе пісьмо, асабліва паэтычнае, гэтую сучасную метафарычнасьць. Але я разумею, што гэта тое, што патрэбна сёньня. Але ў многім – гэта яшчэ старое вісіць.

Ведаеце, у свой час напрыймалі ў Саюз Пісьменьнікаў (наогул гэта жах) 460 з гакам пісьменьнікаў. Ну, давайце будзем гаварыць: літаратараў. Таму што пісьменьнікаў там можна пералічыць літаральна на пальцах дзьвюх рук.

Я думаю, што эсэістыка пачынаецца сапраўдная. Проза сучаснай мовай, у чым мяне пераконвае “Архе” (многія нумары, якія я бачыў) і, асабліва, пераканаў вось гэты часопіс “Правінцыя” (я зноў да яго вяртаюся). Гэта вельмі ўзрадавала, наогул, гэтая рэч”.

(Лукашук: ) “На разьвітаньне раскажэце показку”.

(Тарас: ) “Я вам раскажу вельмі стары анэкдот. Анэкдот яшчэ часоў НЭПу:

Ператрус у Хаймовіча. Хаймовіч пытаецца:

— Прабачце, што вы шукаеце?

— Валюту шукаем! Золата шукаем!

— Прабачце, а навошта вам валюта і золата?

— Як навошта?! Будаваць сацыялізам!

— Як жа вы ўзяліся будаваць сацыялізам, калі ў вас няма ні валюты, ні золата?..”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG