Алена Захожая ад учорашняга дня не пакідала камбінату. Са словаў рабочых, яна ня мае сілаў, каб дабрацца дадому.
Падтрымаць дзеяньні рабочай "Белшыны" ў Бабруйск сёньня прыехалі з розных рэгіёнаў Беларусі сябры грамадзкай ініцыятывы "Рабочая самадапамога" і Беларускага незалежнага прафсаюзу.
Ля прахадной шыннага камбінату адбыўся сход з удзелам бабруйскіх рабочых. Гаворыць удзельніца сёньняшняга сходу Натальля Тупнік, якая прыехала з пасёлку Ўрэчча Менскай вобласьці, каб падтрымаць спадарыню Захожую:
(Тупнік: ) "У нас жа законам прадугледжана. У нас няма ў законе абмежаваньняў па стварэньні арганізацыяў і рэгістрацыі. Я падтрымліваю яе. Я захапляюся гэтай жанчынай — не для сябе асабіста, а для грамадзтва патрабуе. Гэта ня толькі ёй трэба".
А вось меркаваньне яшчэ адной удзельніцы сходу, што адбыўся ля прахадной шыннага камбінату. Гаворыць Зінаіда Бурко:
(Бурко: ) "Я думаю, яна малайчына. Ня кожны наважыцца на такое. Я б, можа, і забаялася. Бо жывем на заробак, жыву я адна і выхоўваю ўнука".
На сход падтрымкі Алены Захожай сабралася каля 100 чалавек. Лідэр "Рабочай самадапамогі" Сяргей Антончык і намесьнік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін распавялі пра жорсткі ціск на рабочых, які цяпер можна назіраць па ўсёй Беларусі.
Паслухаць прамоўцаў прыйшлі й прадстаўнікі адміністрацыі камбінату, аднак яны паспрабавалі сарваць сход і загадалі рабочым разысьціся.
Сяргей Антончык сёньня сустрэўся з кіраўніцтвам "Белшыны". Вось што ён распавёў нашаму радыё пасьля гэтых перамоваў:
(Антончык: ) "Я сустрэўся з намесьнікам дырэктара Раманоўскім Уладзімерам Канстанцінавічам і меў дастаткова доўгую гаворку зь ім. Я папрасіў, каб кіраўніцтва камбінату прыняла правільнае рашэньне, выканала патрабаваньні Алены Паўлаўны ды каб далі даведку — каб арганізацыя магла рэальна дзейнічаць на заводзе, каб яе паставілі на ўлік мясцовыя органы ўлады.
Гаворка была доўгая, і яны як бы разгубленыя засталіся. Чаму? Таму што аргумэнты былі, на мой погляд пераканаўчыя. Я пайшоў, а яны думаюць. Чым гэта закончыцца, зараз цяжка сказаць", — паведаміў Сяргей Антончык.