Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ СПАДЗЯЕЦЦА ПАВЯЛІЧЫЦЬ АБАРОННЫЯ ПАСТАЎКІ ЗА МЯЖУ


Валер Каліноўскі, Менск

Днямі стала вядома, што ў парлямэнце Ўганды прайшлі слуханьні з нагоды карупцыі падчас набыцьця тамтэйшым міністэрствам абароны няспраўных верталётаў у Беларусі. Адмысловая парлямэнцкая камісія палічыла, што страты ад гэтай зьдзелкі склалі 2,3 мільёна даляраў, цяпер камісія патрабуе крымінальнай адказнасьці для ейных выканаўцаў.

Тымчасам Беларусь спадзяецца яшчэ больш пашырыць свае абаронныя пастаўкі за мяжу. З 15 па 18 траўня Міністэрства абароны, Міністэрства прамысловасьці пры спонсарскай падтрымцы найбуйнейшага беларускага экспартэра зброі — дзяржаўнага прадпрыемства "Белтэхэкспарт" ладзяць у Менску Салён абарончай прамысловасьці "МІЛЕКС-2001".

Як паведаміў гендырэктар "Белэкспа" Аляксей Лазука, чакаецца прыезд на салён 50 замежных дэлегацыяў з краінаў арабскага сьвету, Індыі, Усходняй Эўропы. Самыя вялікія дэлегацыі — ад "Росабаронэкспарту" і "Ўкрспэцэкспарту". Беларускія вытворцы зоймуць 80% выстаўных плошчаў. Рэшту зоймуць замежныя прадпрыемствы з 10 краінаў.

Намесьнік міністра прамысловасьці Беларусі Анатоль Русецкі паведаміў, што беларускі ВПК сёлета атрымаў нашмат больш замоваў з Расеі, чым летась. Праўда, ён адмовіўся назваць канкрэтныя лічбы:

(Русецкі: ) "За апошнія гады й пяцігодзьдзі ёсьць вельмі сур'ёзныя дасягненьні, ня гэтак эканамічныя, а навукова-тэхнічныя, з пункту гледжаньня стварэньня новых узораў прадукцыі. Прычым многія зь іх міжнароднай клясы, што прызнана заходнімі фірмамі, якія спажываюць абсталяваньне таго ж "Планару" ці "Інтэгралу".

Анатоль Русецкі паведаміў, што за Савецкім Саюзам на прадпрыемствах ВПК Беларусі доля вайсковай прадукцыі дасягала 60%, а часам — 80%. Цяпер жа яны вырабляюць у сярэднім 10-20% абароннай прадукцыі.

У беларускім Мінпраме разам каля 70 канвэрсійных прадпрыемстваў. Гатовых відаў узбраеньняў беларускія прадпрыемствы практычна не выпускаюць, таму збольшага будуць прадстаўленыя камплектныя вырабы альбо сыстэмы. Відавочна, што верталётаў, падобных да тых, што прапаноўвалі Ўгандзе, ці самалётаў, што прадавалі Пэру і Альжыру, на салёне ня будзе.

Паводле словаў Анатоля Русецкага, замежных пакупнікоў павінны зацікавіць інтэграваныя сыстэмы кіраваньня з "Агату", прадукцыя "БелОМА" і аб'яднаньня "Пэленг", якія вырабляюць сыстэмы кіраваньня агнём, інфармацыйныя сродкі забесьпячэньня войскаў і сыстэмы сувязі, энэргетычнага забесьпячэньня, вайсковай мэдыцыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG