Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЕНА ТРАНСЬЛЯЦЫІ РАСЕЙСКІХ ТЭЛЕКАНАЛАЎ НА БЕЛАРУСКІ ТЛУМАЧЫЦЦА “ТЭХНІЧНЫМІ ПРАБЛЕМАМІ”


Юры Сьвірко, Менск

Ад учорашняга дня беларускія тэлегледачы былі вымушаныя глядзець і слухаць замест расейскіх тэлеканалаў ОРТ, РТР і НТВ гэтак званы "першы нацыянальны".

Пасьля 9-й гадзіны вечара трансьляцыя была пераключаная на Беларускае тэлебачаньне, якое паказвала ўрачысты сход з нагоды Дня Перамогі з прамоваю Аляксандра Лукашэнкі ды канцэртам.

Падобны сход у Маскве на расейскіх тэлеканалах у Беларусі паглядзець было нельга. Нават праз камэрцыйную сетку "Космас-ТБ" у Менску на ОРТ і РТР паказвалі Лукашэнку, але "Космас" даўмеўся не перакрываць трансьляцыю на НТВ футбольнага матчу паўфіналу Лігі чэмпіёнаў паміж гішпанскай "Валенсіяй" і ангельскім "Лідсам". А вось простыя заўзятары замест футболу былі вымушаныя глядзець БТ.

А сёньня, у Дзень Перамогі, былі пакрыўджаныя ўжо вэтэраны вайны, якія ўсе ранейшыя гады маглі свабодна глядзець у Беларусі трансьляцыю маскоўскага параду. Гэта тым больш дзіўна, што ў Менску сёлета парад скасавалі. Адметна, што ў часе прамовы прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна расейскія тэлеканалы ў Беларусі паказвалі нейкі мультфільм.

Яшчэ ўчора навіна пра адключэньне тэлебачаньня Расеі Менскам стала адной з галоўных у Маскве. Агенцтва "Інтэрфакс" паведаміла пра гэта ўжо а 22-й гадзіне. А Інтэрнэт-сайт "НТВ.ру" найлепшае месца аддаў загалоўку "Лукашэнка завалодаў увагай беларускіх тэлегледачоў". Цягам ночы Лукашэнкаў прэсавы сакратар Мікалай Барысевіч называў адключэньне тэхнічнай памылкай і казаў, што ня можа знайсьці міністра сувязі.

Трансьляцыя расейскіх тэлеканалаў была адноўленая ў Беларусі толькі ў 9.45 сёньня, за 10 хвілінаў да заканчэньня параду ў Маскве, таму гэтай імпрэзы ў Беларусі амаль ня бачылі.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка пасьля прамовы на плошчы Перамогі сказаў у жывым эфіры Беларускага тэлебачаньня:

(Лукашэнка: ) "Людзям Беларусі перадайце за нашу прамашку прабачэньні — у зьвязку з тэхнічнымі непаладкамі ў нас адбыўся зрыў з Масквы параду. Я думаю, у 12 гадзінаў… у 12, 18 і 21 мы пакажам гэтыя блёкі на ўсіх каналах. І на нашым беларускім, і на расейскіх каналах".

Аднак гэтага не адбылося, бо менскія чыноўнікі зразумелі, што спыніць трансьляцыю расейскіх тэлеканалаў яшчэ раз — гэта занадта. Таму Беларускае тэлебачаньне абмежавалася паўторам маскоўскага параду толькі на "першым нацыянальным".

Цікава, што Аляксандар Лукашэнка прызнаў сваю віну й хацеў патлумачыць усё тэхнічнымі праблемамі, створанымі, паводле яго, Менскам:

(Лукашэнка: ) "Трэба папрасіць прабачэньня ў людзей і перадаць, што ў сувязі, як мне дакладваюць, з тэхнічнымі непаладкамі там, вядома, выкліканымі намі, адбыўся гэты зрыў, але я думаю, мы ў стане сёньня, маючы сучасную тэхніку, паправіць гэта ўсё".

Гэтая заява Аляксандра Лукашэнкі прагучала ў жывым эфіры БТ незадоўга да пачатку выпуску навінаў НТВ, у якім на другім месцы пасьля параду ў Маскве пайшоў сюжэт зь Беларусі, дзе было таксама й кароткае інтэрвію зь першым намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкае адміністрацыі Ўладзімерам Замяталіным. На пытаньне, чаму спыненая трансьляцыя расейскіх тэлеканалаў, галоўны Лукашэнкаў ідэоляг адказаў гэтак:

(Замяталін: ) "Была рэлізацыя сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь — рэальнага. Цягам некаторага часу".

(Карэспандэнт НТВ: ) "А што пад гэтым маецца на ўвазе?"

(Замяталін: ) "Гэта значыць, мы паказалі магчымасьці нашае краіны. Але мы гэта рабіць ня хочам і ня будзем", — заявіў спадар Замяталін яшчэ перад пачаткам шэсьця карэспандэнту НТВ.

Карэспандэнт НТВ спытаўся таксама ў Замяталіна, ці ня ёсьць гэта папярэджаньнем на будучыню, і атрымаў станоўчы адказ галоўнага ідэоляга Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG