Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЕДКУ ЗАХОПУ ЗАХАРАНКІ ПАПЯРЭДЗІЛІ: “МАЎЧЫ, АЛЬБО З ТАБОЙ БУДЗЕ ТОЕ САМАЕ”.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Два гады спачатку міліцыя, а потым пракуратура Менску расьсьледуюць зьнікненьне былога міністра ўнутраных справаў Юр’я Захаранкі. Але выніку няма — калі не лічыць за вынік тое, што справа не прыпыняецца, а ўжо колькі разоў падаўжаецца. Як паведамілі мне сёньня ў пракуратуры Менску, варта чакаць чарговага падаўжэньня справы.

(Агафонаў: ) "Справа некалькі разоў спынялася, а потым зноў аднаўлялася і цяпер па сутнасьці знаходзіцца ў вытворчасьці. Зараз яна будзе яшчэ раз працягнутая", — запэўніў прэсавы сакратар сталічнай пракуратуры Алег Агафонаў.

Гэтага, паводле Агафонава, варта чакаць пасьля 20 траўня, калі завершыцца чарговы пэрыяд працягу справы. Між тым прэсавы сакратар прызнаў, што нічога новага ў расьсьледаваньні за апошні час не адбылося, правялі ўсе магчымыя сьледчыя дзеяньні, але вынікаў няма, і бясконца расьсьледаваньне цягнуцца ня можа.

Пасьля гэтага мне сказалі пра больш як 400 грамадзянаў Беларусі, якія зьнікаюць невядома куды штогод, аднак чамусьці нікога гэта не турбуе.

Дзьмітры Партон, прэсавы сакратар Міністэрства ўнутраных справаў, якое некалі ачольваў Юры Захаранка, таксама не стрымаўся, згадаў статыстыку зьніклых і знойдзеных. "На жаль, Захаранка да знойдзеных ня трапіў", — гэтак Партон адгукнуўся на прапанову Радыё Свабода пракамэнтаваць вынікі расьсьледаваньня справы пра зьнікненьня экс-міністра.

Прэсаваму сакратару МУС невядома пра нейкую рэакцыю свайго кіраўніцтва з нагоды сумных угодкаў гэтай падзеі. Магчыма, такая рэакцыя будзе агучаная на брыфінгу праз два тыдні, паведаміў Дзьмітры Партон. Камэнтаваць дзеяньні ці бязьдейнасьць сьледчых у справе Захаранкі прэсавы сакратар МУС ня стаў.

А вось генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб перакананы, што расьсьледаваньне фактычна не вядзецца, і робіцца ўсё, каб схаваць сакрэт зьнікненьня Юр’я Захаранкі. Прычым, на думку Мечыслава Грыба, гэта адбываецца на загад Аляксандра Лукашэнкі.

(Грыб: ) "Гэта, безумоўна, палітычнае злачынства, і ўлады нічога істотнага ня робяць, каб знайсьці тых, хто гэта зрабіў, бо ім гэта нявыгадна. Ён выступаў адкрыта супраць уладаў, спрабаваў стварыць Саюз афіцэраў, аб’яднаць іх, і ўлады гэтага баяліся. Лукашэнка дык увогуле забараніў шукаць вінаватых. Сказаў: не шукайце, бо я вінаваты, таму што я прэзыдэнт".

Мечыслаў Грыб сьцьвярджае, што Захаранка лепш за іншых апазыцыянэраў разумеў небясьпеку, якую ўяўлялі пэўныя асобы ва ўладзе, і пры гэтым не зьбіраўся саступаць.

Каб праілюстраваць гэта, я выкарыстаю адзін з магнітафонных запісаў Юр’я Захаранкі, які прыпадае на пэрыяд пасьля рэфэрэндуму 1996 году. У гэтай гутарцы экс-міністар распавядае пра свае ўражаньні ад знаёмства з Аляксандрам Лукашэнкам.

(Захаранка: ) "Некалі ён мяне падкупіў сваёй вонкавай шчырасьцю. Менавіта гэта ўводзіць у зман людзей. Бо ягоныя форма й зьмест — абсалютна супрацьлеглыя паняцьці. Шчырасьць на экране не адпавядае ўнутранаму зьместу. Ён менш за ўсё пра гэта задумваецца, бо ап’янёны абсалютнай уладай. І я прыйшоў да высновы: мэтады ды сродкі тут — абсалютна без разбору".

Два гады таму Юры Захаранка зьнік, і гэтыя два гады ўлада як моцы робіць выгляд, што Захаранку шукаюць. Але чамусьці пры гэтым выклікаюць на допыты ў пракуратуру журналістаў, якія пішуць на тэму зьніклых, ды спрабуюць іх запалохаць.

Нядаўна сьледчыя выклікалі супрацоўніцу "Народнай волі" Марыю Эйсмант, якая мінулай пятніцай надрукавала інтэрвію са сьведкам захопу Юр’я Захаранкі невядомымі. У газэце сьведка свайго прозьвішча не называе і заяўляе, што баіцца сьведчыць у судзе, таму што выканаўцы захопу Захаранкі папярэдзілі гэтага чалавека: "Маўчы, альбо з табой будзе тое самае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG