Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША СТРАЦІЛІ СВАЁ МЕСЦА Ў КАМІСІІ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА ААН


Юры Дракахруст, Прага

Сярод 54-х сябраў адмысловага камітэту ААН толькі 29 краінаў прагаласавалі за ЗША. Хаця напярэдадні галасаваньня ЗША мелі пісьмовыя гарантыі ад 41 краіны, што іх прадстаўнікі будуць галасаваць за кандыдатуру Амэрыкі. Ад групы заходніх краінаў былі абраныя: Францыя, якая атрымала 52 галасы, Аўстрыя – 41, і Швэцыя – 32 галасы.

“Зразумела, мы вельмі расчараваныя, – заявіў выканаўца абавязкаў сталага прадстаўніка ЗША ў ААН Джэймс Канінгам, – мы вельмі хацелі працаваць у гэтай камісіі”.

Камісія ААН у правох чалавека стала працуе ў Жэнэве. Яна займаецца разглядам парушэньняў правоў чалавека ў сьвеце і распрацоўвае сродкі прадухіленьня гэтых парушэньняў. Значная частка яе працы мае сымбалічны характар, але адмова ЗША ў сяброўстве – выразны ўдар па прэстыжы Амэрыкі і знак таго, што Злучаныя Штаты губляюць свой уплыў на традыцыйных саюзьнікаў.
ЗША спрабавалі пераканаць Францыю ці Аўстрыю саступіць ім мейсца. Але амбасадары краінаў Эўразьвязу на сваёй нарадзе вырашылі, што ні Вена, ні Парыж саступаць ня мусяць.

Супраць кандыдатуры ЗША асабліва энэргічна выступалі Кітай і Куба, якія былі аб’ектамі амэрыканскай крытыкі за парушэньні правоў чалавека.

Кангрэсмэн Крыстафэр Сміт, які прысутнічаў у часе галасаваньня ў Жэнэве, адзначыў, што атмасфэра варожасьці да ЗША была адчувальнаю. Ён мяркуе, што адной з галоўных прычынаў такіх вынікаў галасаваньня сталі гандлёвыя адносіны шэрагу дзяржаваў з Кітаем.

Газэта, спасылаючыся на дыпляматычныя крыніцы, прыводзіць дадатковыя прычыны раздражненьня Вашынгтонам з боку некаторых краінаў. ЗША адмовіліся далучыцца да дамовы пра прадухіленьне глябальнага пацяпленьня. Хаця прэзыдэнт Буш і заявіў, што Амэрыка будзе кансультавацца з саюзьнікамі наконт стварэньня сыстэмы супрацьракетнай абароны, шэраг краінаў лічыць, што ЗША ў рэшце рэшт створаць гэтую сыстэму самастойна.

Washington Post з горкай іроніяй адзначае, што сябрам камісіі ААН у правох чалавека стаў Судан, краіна, якую небеспадстаўна абвінавачваюць у грубейшых парушэньнях правоў чалавека, уключаючы нявольніцтва.

Крыніца ў дзярждэпартамэнце паведаміла газэце, што ЗША і страціўшы статус сябра Камісіі ААН у правох чалавека, будуць аказваць ціск на яе, каб парушэньні правоў чалавека, у прыватнасьці ў Кітаі і на Кубе, атрымлівалі належную ацэнку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG