Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА КІНАСТУДЫІ “БЕЛАРУСЬФІЛЬМ” ПРАЙШОЎ ПРЭМ’ЕРНЫ ПАКАЗ МАСТАЦКАГА ФІЛЬМУ “ПРАВАДЫР”


Юрась Барысевіч, Менск

Здымкі карціны “Павадыр” каштавалі 180 тысяч даляраў, што выглядае вельмі сьціпла побач з тымі 7 мільёнамі, якія каштаваў фільм Міхаіла Пташука “Ў жніўні 44-га”. Стужку “Павадыр” пачынаў здымаць рэжысэр Ігар Волчак. Ён хацеў паставіць эксцэнтрычную камэдыю, але з прычыны мізэрнага фінансаваньня вырашыў кінуць ня толькі пастаноўку, але й пасаду старшыні Беларускага саюзу кінэматаграфістаў. У Аляксандра Яфрэмава, які завершыў здымкі, “Павадыр” ператварыўся з камэдыі ў сьлязьлівую мэлядраму.

У полацкім Сафійскім саборы прайшоў ХV міжнародны фэстываль старадаўняй і сучаснай камэрнай музыкі. Сёлета ў імпрэзе ўзялі ўдзел музыкі з Францыі, Расеі, Украіны. Выступам Дзяржаўнага камэрнага аркестру Беларусі й нямецкага хору CANTUS DOMUS кіраваў славуты польскі дырыжэр Ральф Сахачэўскі.

9 траўня ў Менску на частаце 96,2 FM пачне вяшчаньне новая музычная радыёстанцыя “Мэлёдыі стагодзьдзя”. Сьлёган станцыі — “Музыка, выпрабаваная часам”: у этэры ня будзе ніводнае кампазыцыі, напісанай апошнія дзесяць гадоў.

Рамансы й опэрныя арыі Станіслава Манюшкі гучаць на радзіме кампазытара ў Чэрвені, дзе праходзіць мэмарыяльны фэстываль “Убельская ластаўка”. Эмблема фэстывалю выяўляе ластаўку, якая колісь зьвіла гняздо над калыскаю будучага кампазытара. Тыдзень таму ў Берасьці прайшоў Першы міжнародны фэстываль юных вакалістаў імя Манюшкі. Там у конкурсе бралі ўдзел нават 9-гадовыя сьпевакі.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт ладзіць у Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры шэраг публічных лекцыяў выбітных замежных інтэлектуалаў. У бліжэйшыя месяцы павіны адбыцца сустрэчы з былым супрацоўнікам Расейскае службы Радыё Свабода Глебам Раарам і дырэктарам Інстытуту Гарымана Калюмбійскага ўнівэрсытэту ЗША Маркам фон Гагенам. А 7 траўня ў Міжнародным адукацыйным цэнтры выступіць вядомы польскі рэжысэр Кшыштаф Занусі. Назва ягонай лекцыі — “Культура на мяжы стагодзьдзяў: кірмаш і салён сучаснага кіно”.

Беларуская Музычная Альтэрнатыва запрашае музыкаў узяць удзел у запісе кампакт-дыску “Музыкі супраць фашызму й расізму”. У альбоме будуць прадстаўленыя беларускія і эўрапейскія гурты, якія падзяляюць антыфашыстоўскія погляды. Прэзэнтацыя дыску адбудзецца 9 лістапада — ва Ўсясьветны дзень барацьбы з расізмам (9 лістапада 1922 году ў Нямеччыне былі заснаваныя атрады SS).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG