Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 ТРАЎНЯ КХП БНФ ЛАДЗІЦЬ АЛЬТЭРНАТЫЎНЫ СХОД ГРАМАДЗЯНАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Менскія ўлады спрабуюць запалохаць спадароў Папкова і Буйвала ды патрабуюць, каб яны адклікалі сваю заяўку. Наш карэспандэнт Валер Каліноўскі узяў інтэрвію ў намесьніка кіраўніка КХП БНФ Сяргея Папкова.

(Папкоў: ) "Лукашэнка 18 траўня праводзіць сход, на які ён падабраў удзельнікаў пад сваім пільным наглядам. Яны паспрабуюць выкарыстаць гэты сход, каб чарговы раз зламаць Канстытуцыю.

Лукашэнка насуперак Канстытуцыі падпісаў пагадненьне з Расеяй, і гэтак званая "палата прадстаўнікоў" ратыфікавала некалькі пагадненьняў, у тым ліку па вайсковых пытаньнях, па аб'яднаньні грашовых сыстэмаў, якія супярэчаць Канстытуцыі. І каб зацьвердзіць гэта, яны плянуюць скарыстаць гэты сход.

Мы ведаем, што большасьць беларусаў супраць аб'яднаньня з Расеяй, супраць акупацыі, і таму мы заявілі гэтую акцыю. Людзі зьбяруцца з усіх рэгіёнаў Беларусі і выкажуць свае патрабаваньні: не — акупацыі Беларусі, не — расейскай ваеншчыне на Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "Якая рэакцыя менскіх уладаў на вашую заяўку?"

(Папкоў: ) "Сёньня нас выклікалі ў гарадзкі аддзел міліцыі ва ўпраўленьне па сувязях з грамадзтвам. І папрасілі, мякка кажучы, забраць гэтую заяўку. Сустрэчу гэтую праводзілі маёр Сінкевіч і капітан Маскалік. Яны перадалі "мякка" такую думку, што калі мы не адмовімся ад гэтай акцыі, то абавязкова ўчыняць судовы перасьлед удзельнкаў акцыі 26 красавіка".

(Карэспандэнт: ) "Што вы адказалі ім і як мяркуеце дзейнічаць?"

(Папкоў: ) "Мы адказалі наступным чынам: чакаем афіцыйнага адказу гарвыканкаму. Акцыя адбудзецца. Мы пастараемся сабраць як мага болей людзей, нягледзячы на тое, што, як нам сказалі, будзе ачэпленая плошча, што на яе будуць праходзіць толькі па прапусках.

Ёсьць праспэкт Скарыны, і на праспэкце ў цэнтры гораду ёсьць іншыя плошчы".

(Карэспандэнт: ) "Што, на ваш погляд, могуць зрабіць грамадзкія арганізацыі, палітычныя партыі й проста гарамадзяне дзеля абароны сувэрэнітэту Беларусі?"

(Папкоў: ) "Дзеля гэтага сёньня трэба абавязкова ўсім арганізацыям весьці працу сярод насельніцтва па кансалідацыі грамадзянаў, якія супраць аб'яднаньня Беларусі з Расеяй. Трэба ісьці да людзей. Мы зьбіраем подпісы за непрызнаньне дамовы Лукашэнкі й Ельцына. Зроблена база дадзеных, гэта нашыя беларусы, яны не падтрымліваюць пазыцыю здачы Беларусі ў склад Расеі, і я лічу, што ўсе арганізацыі павінны весьці гэтую працу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG