Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРГОВЫЯ ПАГРОЗЫ ЛУКАШЭНКІ НА АДРАС ГРУПЫ АБСЭ Ў МЕНСКУ


Юры Сьвірко, Менск

Як паведаміла прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі, ён выслухаў даклад міністра замежных справаў пра групу АБСЭ ў Менску і "зьвярнуў увагу на тое, што Міністэрства замежных справаў ня мусіць дапускаць умяшальніцтва замежных дыпляматычных прадстаўніцтваў і іхнага пэрсаналу ва ўнутрыпалітычнае жыцьцё краіны".

Паводле спадара Хвастова, Аляксандар Лукашэнка "паставіў задачы перад міністэрствам наконт таго, што дзейнасьць КНГ, гэтаксама як і дзейнасьць замежных амбасадаў на тэрыторыі нашай дзяржавы, не павінна выходзіць за межы адпаведных міжнародных дамоваў, у прыватнасьці, Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах".

Міхаіл Хвастоў сказаў, што падзяляе гэты падыход спадара Лукашэнкі ды ягоную занепакоенасьць, а потым дадаў: "Задачы, якія пастаўленыя перад міністэрствам у гэтай частцы, будуць выкананыя. Я сам не дапускаю, што нашыя амбасадары або нашыя дыпляматы маглі б актыўна ўдзельнічаць ва ўнутраным жыцьці краіны знаходжаньня. Такое не дапускаецца".

Міжнародная супрацоўніца Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску заявіла, папрасіўшы не называць яе, што КНГ АБСЭ не бярэ ўдзелу ва ўнутраным жыцьці Беларусі й цалкам выконвае свой мандат. Яна таксама паведаміла, што ўжо ў панядзелак адбудзецца сустрэча кіраўніка групы Ганса-Георга Віка зь міністрам Хвастовым. "Я думаю, пасьля гэтага можна будзе камэнтаваць пастаўленыя задачы ды тое, як яны будуць выконвацца", — заявіла супрацоўніца групы АБСЭ.

Сустрэча амбасадара Віка са спадаром Хвастовым стане першай пасьля ліста дзейнага старшыні АБСЭ міністра замежных справаў Румыніі Мірчы Джэаны Аляксандру Лукашэнку.

Джэана заклікаў Лукашэнку перагледзець вядомы дэкрэт №8, а таксама напісаў яму: "Задача маніторынгу ўнутраных выбараў ня можа быць выкананая ўрадавымі органамі. У гэтых сацыяльна-эканамічных умовах Беларусі арганізацыя такой унутранай сыстэмы незалежнага назіраньня безь фінансавай дапамогі з-за мяжы будзе немажлівай. Таму я даручыў кіраўніку КНГ АБСЭ амбасадару Віку працягваць дзейнасьць у гэтай сфэры у такім самым рэжыме, як і раней".

Такім чынам, Аляксандар Лукашэнка паставіў свайму міністру замежных справаў задачу не дапусьціць падрыхтоўкі з удзелам АБСЭ незалежных назіральнікаў на выбарах, якіх ён шмат разоў называў баевікамі, а дзейны старшыня АБСЭ паставіў Гансу-Георгу Віку задачу іх рыхтаваць.

На маё пытаньне, як ён ставіцца да слова "баеВІК", амбасадар Вік адказаў па-ангельску: "Do not try to weaken Mr Wieck!" У перакладзе гэтая гульня словаў значыць: "Не спрабуйце аслабіць спадара Віка!"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG