Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЦЫЁЛЯГІ СЬВЯДОМА ДЭЗІНФАРМУЮЦЬ ГРАМАДЗТВА


Ганна Соусь, Менск

Яўген Матусевіч наступным чынам пазначыў прынцыпы, паводле якіх працуе Інстытут сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры прэзыдэнце Беларусі:

(Матусевіч: ) "У нас існуе такая практыка, што вынікі сваіх сацыялягічных дасьледаваньняў мы друкуем пасьля таго, як яны пабываюць на стале ў прэзыдэнта.

Сацыялёгія, у тым ліку ўсе лібчы, якія атрымліваюцца ў выніку сацыялягічных дасьледаваньняў, падзяляюцца на дзьве групы — вынікі для сябе ды вынікі дзеля інфармацыйна-прапагандысцкай работы. Было б дзіўна, каб мы гэтым не займаліся.

Вельмі важна атрымаць сацыялягічныя зьвесткі для сябе і перадаць іх вышэйшаму палітычнаму кіраўніцтву... Але ня менш важна выкарыстоўваць гэтыя зьвесткі для інфармацыйна-прапагандысцкай работы".

Дарэчы, сёлета паводле адмысловай пастановы Савету Міністраў інстытут, які ўзначальвае спадар Матусевіч, атрымаў каля 80 тысячаў даляраў (105 мільёнаў беларускіх рублёў) на маніторынг прэзыдэнцкіх выбараў. Грошы гэтыя — з кішэні беларускага падаткаплатніка, які, аказваецца, не атрымае ад інстытуту праўдзівай і поўнай інфармацыі.

Паводле дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алега Манаева, гэтая сума значна большая за грошы, на якія працуюць цяпер усе беларускія незалежныя дасьледчыя інстытуты.

(Манаеў: ) "Гэта цалкам традыцыйны падыход, які дзесяцігодзьдзямі існаваў за савецкім часам і пасьля, і ня толькі ў нашай краіне. Любыя дасьледчыя сыстэмы, інфармацыйныя ды аналітычныя цэнтры, якія фінансуюцца зь бюджэту, даўно выкарыстоўваюць такую сыстэму. Нешта па кроплі выціскаюць для публікі ды, збольшага, прэпаруюць гэтую інфармацыю.

Я не хачу казаць, што яны скажаюць інфармацыю, яны проста выбіраюць тое, што ім выгадна. А самая асноўная інфармацыя закрытая, гэтыя нататкі, справаздачы ідуць наверх, у дадзеным выпадку — Аляксандру Лукашэнку", — зазначыў Алег Манаеў, дадаўшы, што гульня цяпер вядзецца вельмі адкрыта.

А ў дырэктара цэнтра "Стратэгія" Леаніда Заікі гэткія публічныя заявы Яўгена Матусевіча выклікалі пэўную заклапочанасьць. Бо гэта, паводле словаў спадара Заікі, небясьпечная зьява, калі "сацыёлягі пры ўладзе" распачнуць ацэньваць дзейнасьць незалежных аналітычных і дасьледчых цэнтраў паводле сваіх крытэраў, паводле сваіх падвойных стандартаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG