Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЯРПЕНЬНЕ І ВЕРА Ў ДОБРАГА БОГА. ДА 15-х УГОДКАЎ ЧАРНОБЫЛЮ


Сяргей Абламейка, Прага

Мінулы тыдзень прайшоў у Беларусі пад знакам 15-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Катастрофа гэтая сталася найвялікшым няшчасьцем беларускага народу за ўсю ягоную гісторыю. Самое фізычнае існаваньне беларускай нацыі пад пагрозай.

Катастрофа паставіла шмат тэхнічных, тэхналягічных, палітычных і маральных пытаньняў і перад беларускім грамадзтвам, і перад сусьветнай супольнасьцю. Аглядальнік нашага Радыё Пол Гобл, напрыклад, лічыць, што Чарнобыльская катастрофа спрычынілася да падзеньня камунізму ў СССР, бо так званая галоснасьць нарадзілася якраз з жаданьня Гарбачова адкрыць для грамадзянаў больш інфармацыі пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы. Усе пасьлячарнобыльскія гады актыўна дэбатуецца і прапрацоўваецца пытаньне бясьпекі тэхналягічнай дзейнасьці чалавецтва, эўрапейская супольнасьць фінансуе надзвычай дарагія праекты і распрацоўкі ў галіне ядзернай бясьпекі.

Беларускае грамадзтва таксама спрабуе асэнсаваць катастрофу, зразумець яе прычыны і значэньне. Даводзіцца, часам, чуць і меркаваньні пра нейкую абранасьць Беларусі на пакуты, згадкі пра наш нацыянальны сьцяг, які супадае з хрысьціянскімі сымбалямі цела і крыві Хрыстовых, якія самі ёсьць сымбалямі пакуты і перамогі дабра над злом. Некаторыя нават бачаць у Чарнобылі пачатак зьдзяйсьненьня змрочных прароцтваў Адкрыцьця Яна Багаслова або Апакаліпсіса.

А тым часам у глухіх беларускіх вёсках і мястэчках, а таксама і ў вялікіх гарадах сотні тысяч пацярпелых і хворых людзей задаюць сабе і сваім блізкім толькі адно пытаньне – за што? за што яны, нявінныя, церпяць? за што на іх галаву нечакана звалілася такая страшная бяда, якая перавярнула ўсё іх жыцьцё, пазбавіла сяброў і сваякоў, прымусіла пакінуць родныя мясьціны і выклікала ў іх цяжкія хваробы?

Нашая сёньня задача – паспрабаваць адказаць на такія людзкія пытаньні з пункту гледжаньня хрысьціянскай царквы.

Таму зь першым пытаньнем я зьвяртаюся да аднаго з двух сёньняшніх удзельнікаў Сымбаля Веры, да Апостальскага візытатара для беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана. Як царква, айцец Аляксандар, адказвае на пытаньне пра цярпеньне нявінных?

(Надсан: ) “Што ж мне тут сказаць? Пры тым, што само цярпеньне, калі чытаем Сьвятое Пісаньне, ня ёсьць добрае, яно ёсьць зло, яго не павінна было б быць, але яно прыйшло з прычыны так званага першароднага граху. Але гэты грэх таксама ня ёсьць грэх. Паколькі мы належым да гэтага сьвету, створанага Богам, дык цярпеньне непазьбежнае. У нас ёсьць пачатак і будзе канец. Старасьць, сьмерць – таксама ёсьць цярпеньне. Але Бог даў нам на пачатку імунітэт ад гэтага. Але з прычыны першароднага граху гэты імунітэт быў забраны, і яго ня маюць усе людзі. Так што гэта натуральны стан.

Пытаньне ёсьць – чаму нявінныя церпяць? Гэтае пытаньне даўно ўжо было пастаўленае, яшчэ ў Старым Запавеце. Вазьміце Кнігу Іова: справядлівы чалавек, які цярпеў вельмі моцна – страціў і сям’ю, і здароўе, і маёмасьць. Нават жонка яго кажа: “Нашто ты церпіш? Пракляні Бога і памры”. А ён кажа: “Што ты, неразумная, кажаш? Калі мы добрае атрымліваем з рук Бога, дык ці ня можам атрымаць таксама і дрэннае, і цярпеньні?”

Пэўна, што цярпеньне – зло, але яно можа весьці таксама і да дабра, яно можа быць нашым ачышчэньнем, яно дае нам гартаваньне, дае нам умацаваньне надзеі ў Бога. Ісая прарок казаў: “Я там слуга Ягвэ, які цярпеў, і цярпеў за іншых”. Тут ужо ёсьць пытаньне адкупленьня. Вобраз Ягвэ – гэта вобраз Ісуса Хрыста...”


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG