Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ НА АФІЦЫЙНЫМ МІТЫНГУ РАБОТНІКІ ПАДНЯЛІ АНТЫЎРАДАВЫЯ ЛЁЗУНГІ


Казімер Яноўскі, Гомель

На маёўцы быў толькі што прызначаны Лукашэнкам старшыня аблвыканкаму Аляксандар Якабсон.

У процівагу традыцыйным лёзунгам "Май. Мір. Праца" падчас шэсьця па вуліцы Савецкай да плошчы Леніна падняўся плякат па-расейску: "Дамо Сашы 100 даляраў, каб не перашкаджаў зарабляць нам болей". Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да чалавека, які яго нёс:

(Карэспандэнт: ) "Чаму вы такі лёзунг паднялі?"

(Рабочы: ) "Таму што ён увесь час абяцае, што некалі мы будзем атрымліваць 100 даляраў. А я хачу іх атрымліваць ужо зараз. Я магу і больш атрымліваць, але ўлады мне замінаюць. Я здаровы мужчына, кваліфікаваны — зваршчык, а мне не даюць зарабляць. Я не магу пракарміць сваю сям'ю, нармальна і дастойна жыць".

(Карэспандэнт: ) "Ці можаце сказаць сваё імя?"

(Рабочы: ) "Адаменка Іван".

Крыху далей заўважаю яшчэ два адмысловыя транспаранты (таксама па-расейску): "Усясьветным цэнам — усясьветныя заробкі" і "Чыкагскія рабочыя выйшлі на дэманстрацыю адзін раз і жывуць добра, а мы?"

На пляцы Леніна насупраць трыбуны зь мясцовым вэртыкальным начальствам і вэтэранамі рабочы заводу "Электраапаратура" Анатоль Паплаўны падымае транспарант з каляровым фотаздымкам Аляксандра Лукашэнкі. Вакол партрэту вянком налепленыя тысячныя купюры староўга ўзору, а ніжэй — надпісы па-расейску: "Уладу — мне, зямлю — дырэктарам саўгасаў, галечу — рабочым, прыгоннае права — сялянам, падачкі — бюджэтнікам, права на працу — бясплатна, права на бізнэс — за грошы, хто ня згодны — у турму. Галасуйце за мяне, атрымаеце да канца стагодзьдзя па 100 даляраў".

З трыбуны прамаўлялі аб правах працоўных, а рабочых зь нефармальнымі транспарантамі спрабаваў вывесьці капітан міліцыі Яфіменка. Яны не пайшлі — селі на асфальце на свае транспаранты.

Капітан міліцыі выклікаў дапамогу. Вакол рабочых, што паселі на зямлі, пачаўся другі мітынг. Адны іх падтрымлівалі, іншыя — супраць. Міліцыя забрала транспаранты ў Анатоля Паплаўнага і літаральна вынесла яго на руках далей ад трыбуны.

Другі рабочы застаўся сядзець на асфальце. Афіцыйны мітынг скончыўся, а гэты працягваўся.

Вось меркаваньне маладога гамельчука Дзьмітрыя Лінкова:

(Лінкоў: ) "Сапраўдная дэманстрацыя была ня там, ля прэзыдыюму, а тут. За гэтыя 20 хвілінаў уся плошча пабачыла плякаты. Плякаты кшталту "Мір. Праца. Май" нікога не кранаюць. А гэтыя казалі пра тое, пра што ўсе думаюць. Людзі, што тут стаяць — не баяцца і казаць".

Начальнік Цэнтральнага РАУС палкоўнік Смолікаў выклікаў па мабільным тэлефоне сьвежыя сілы. Аднак да яго пасьпяшалася загадчыца аддзелу аблвыканкаму Вольга Кашавенка і перадала каманду — не чапаць рабочых. Міліцыянты забралі ў рабочых пашпарты і адступілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG