Арганізатары мітынгу – Абласное аб’яднаньне прафсаюзаў, ня выказала жаданьня пайсьці на дыялёг з дэмакратычнымі сіламі гораду. У адказ мясцовыя філіі БСДП (Народная Грамада), АГП і Свабоднага прафсаюзу вырашылі сфармаваць асобную калёну.
Дэмакратаў спрабавалі спыніць ужо на пляцы Леніна, дзе сабралося каля 3 тысяч магілёўцаў. Пакуль мясцовыя праваабаронцы вялі размову зь міліцэйскім начальствам, была сфармаваная асобная калёна, разгорнутыя сьцягі і транспаранты. Усё гэтае відовішча міліцыянты здымалі на камэру, але не перашкаджалі дзеяньням удзельнікаў мітынгу.
Лёзунгі непасрэдна ня тычыліся асобы спадара Лукашэнкі. Жыхары гораду чыталі на лёзунгах “Так – працы, не – жабрацтву і беспрацоўю”, “Не – росту цэнаў і нізкім заробкам”, “Сусьветным цэнам – сусьветны заробак”.
Каб пазьбегнуць пытаньняў, міліцыянтам прад’явілі пасьведчаньні аб рэгістрацыі сьцягоў БСДП, АГП і Свабоднага прафсаюзу.
Пакуль вяліся перамовы, апазыцыянэры пасьпелі распаўсюдзіць улёткі. Невядомыя супрацоўнікі праваахоўчых ворганаў спрабавалі затрымаць магілёўца Сяржука Геркіна, які дастаў бел-чырвона-белую павязку, але сябры не далі юнака ў крыўду.
Мітынг працягваўся 25 хвілінаў. Прамоўцаў зь ліку прадстаўнікоў вэртыкалі, прадстаўнікоў вэтэранскіх арганізацыяў і афіцыйных прафсаюзаў амаль ніхто ня слухаў.
Пасьля мітынгу дэмакраты рушылі па Першамайскай вуліцы гораду, але дарогу ім заступілі міліцыянты і запатрабавалі згарнуць сьцягі.
Вось як пракамэнтаваў вынікі акцыі старшыня магілёўскай арганізацыі БСДП (Народная Грамада) Уладзімер Лапцэвіч:
(Лапцэвіч: ) “Я думаю, што акцыя прайшла добра, бо хоць людзей з нашага боку было і ня шмат, тым ня менш тыя, хто быў на мітынгу, убачылі, што ёсьць людзі з іншых арганізацыяў, якія хочуць сябе праявіць”.