Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ АГП НАВЕДАЛА ЧАРНОБЫЛЬСКУЮ ЗОНУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі й пісьменьнік Васіль Якавенка арганізавалі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой распавялі пра вынікі сваёй учорашняй паездкі ў Хойніцкі й Брагінскі раёны Гомельскай вобласьці.

Разам зь імі ў Чарнобыльскую зону езьдзіў былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Юры Варонежцаў ды іншыя актывісты АГП з Гомелю. Сябры апазыцыйнай дэлегацыі наведалі шэраг вёсак, а таксама райцэнтры Хойнікі й Брагін, дзе сустракаліся зь мясцовымі жыхарамі.

У школе вёскі Паселічы апазыцыянэры падаравалі дзецям кнігі Васіля Якавенкі зь ягоным аўтографам, а таксама алоўкі ды альбомы для маляваньня. Прадстаўнікі АГП зьбіраюцца й надалей дапамагаць гэтай школе, бо афіцыйныя шэфы ўжо некалькі гадоў ня могуць адрамантаваць дзіравы школьны дах.

Паводле ўдзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі, няўвага ўладаў да жыцьця людзей у Чарнобыльскіх раёнах — сапраўднае злачынства. Людзі сеюць на забруджаных палетках і дыхаюць радыяцыйным пылам. Апазыцыянэры гавораць, што большасьць жыхароў Чарнобыльскай зоны нават не ўяўляе, у якім небясьпечным месцы яны жывуць. Гаворыць Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) "Галоўная выснова нашай паездкі — ва ўладаў не атрымліваецца вырашаць чарнобыльскія праблемы. Зараз уладу хвалююць зусім іншыя праблемы — як захаваць крэсла, на якім сядзіцца нядрэнна пакуль што. Я зараз проста паглядзеў, што ўсё, да чаго дакранаецца Лукашэнка, перастае разьвівацца, а пасьля пераўтвараецца ў парахню".

Дабравольскі й прысутны на прэсавай канфэрэнцыі лідэр АГП Анатоль Лябедзька назвалі хлусьнёй і правакацыяй учорашнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі, пра тое, што прадстаўнікі апазыцыі пабаяліся ехаць у зону і праводзіць там Чарнобыльскі шлях.

Анатоль Лябедзька таксама пракамэнтаваў вынікі ўчорашняга Чарнобыльскага шляху ў Менску:

(Лябедзька: ) "Гэта рэдкі выпадак — дамоўленасьці, якія былі дасягнутыя з супрацоўнікамі праваахоўчых органаў выконваліся. Чым гэта тлумачыцца? Я думаю, што за апошні час беларускі рэжым набраў проста крытычную масу нэгатыўных адносінаў да сябе".

Лідэр АГП лічыць, што ў дзень Чарнобыльскай катастрофы ўлады не дэманстравалі сілу, пабаяўшыся нэгатыўнай рэакцыі Захаду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG