Каля двух дзясяткаў актыўных удзельнікаў імпрэзы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, ужалобленымі чорнымі стужкамі і з плякатамі на чэскай і беларускай мовах сабраліся на самай папулярнай плошчы Чэхіі.
Найбольшую зацікаўленасьць мінакоў выклікаў напісаны па-чэску плякат, які трымалі беларускія студэнты ў Чэхіі: “Лукашэнка і Чарнобыль – дзьве найбольшыя трагедыі Беларусі”, а таксама напісаны чэхамі па-беларуску транспарант “Дэмакраты Беларусі, мы з вамі!” Удзельнікі акцыі раздавалі мінакам улёткі ў якіх тлумачыўся сэнс акцыі і каротка апавядалася пра самую трагедыю і ейныя наступствы.
Сярод удзельнікаў дня смутку былы перасяленец з Чарнобыльскай зоны, а цяпер палітычны эмігрант Адась Калюта.
(Сокалаў-Воюш: ) “Адась, ці адчуваеце Вы, што чэскі народ спачувае беларускаму ў ягонай чарнобыльскай бядзе?”
(Калюта: ) “Я абсалютна выпадкова пазнаёміўся з адным чалавекам, які на працягу гэтых 15 гадоў дапамагае адной беларускай сям’і зь Лельчыцкага раёну. Усё выглядала наступным чынам: неяк у Чэхію адправілі беларускіх дзяцей на лячэньне, і такім чынам гэтая дзяўчынка, якая зараз ужо замужам, патрапіла ў сям’ю да звычайных чэхаў.
Ня гледзячы на тое, што яна ўжо даўно дарослая, гэтыя людзі дапамагаюць сродкамі, выклікаюць яе і ейных блізкіх у Чэхію і такім чынам дапамагаюць выздараўленьню ўжо ейных дзяцей.
Як высьветлілася, гэта звычайны чалавек, зусім не багаты. Проста ён добра вывучыў гэтую праблему і добра разумее нас. Гэта – ня нейкае выключэньне, гэта – тэндэнцыя ў чэскім грамадзтве”.
Дзякуй Адась. Тым часам удзельнікі акцыі запалілі сьвечкі і некалькі разоў прайшлі колам смутку па плошчы. Гэта быў іхны “Чарнобыльскі шлях”.