Патруль Дзяржаўтаінспэкцыі ўчора апоўначы затрымаў мужа й жонку Рабянковых у часе расклейваньня абвестак. Вось што распавяла Галіна Рабянкова:
(Рабянкова: ) "Мяне вельмі ўразіла, што ўжо й "даішнікі" займаюцца затрыманьнямі. Яны не прадставіліся; мяне ў адну машыну пасадзілі, мужа — у другую. Канфіскавалі ўсе аб’явы пра Чарнобыльскі шлях (заставалася недзе 25 штук).
Зараз інкрымінуюць артыкул "Расклейваньне абвестак ва неўстаноўленых месцах". Мы ім спрабавалі тлумачыць, што клеілі абвесткі якраз там, дзе напярэдадні віселі падобныя пра сьвяткаваньне 50-годзьдзя Фрунзенскага раёну — чаму адміністрацыі можна клеіць улёткі, а жыхарам гэтага ж раёну нельга?"
Сёньня Рабянковых выклікалі ў Фрунзенскі райаддзел міліцыі, дзе падпісалі пратаколы аб затрыманьні. Цягам бліжэйшых дзён будзе позва ў суд.
Многія распавядаюць, што ўчора вечарам па менскіх вуліцах на малой хуткасьці рухалася даволі шмат спэцмашынаў, характэрнай прыкметай якіх былі шматлікія антэны сувязі, зацемненае шкло й адсутнасьць прыкметаў хоць якога ведамства.
Паводле Галіны Рабянковай, менавіта пасьля таго, як такая машына праехала побач зь імі, празь некалькі хвілін зьявіўся дарожны патруль, які й заняўся зусім не сваімі абавязкамі.
Таксама ўчорашняй ноччу быў напад на сябра Сойму Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Генадзя Банкевіча. 70-гадовы пэнсіянэр быў моцна зьбіты і абрабаваны. Скралі асабістыя й партыйныя дакумэнты спадара Банкевіча, які добра вядомы (прынамсі ў Фрунзенскім раёне Менску) сваімі палітычнымі поглядамі. Сам Банкевіч кажа, што літаральна ля пад’езду свайго дома атрымаў некалькі ўдараў па галаве і далей амаль нічога не памятае.
Прэсавы сакратар КХП Валер Буйвал адзначыў, што гэта ня першы напад на сябраў партыі. Звычайна гэта здараецца якраз напярэдадні той ці іншай падзеі з удзелам апазыцыйных сілаў.