Прадстаўнікі апазыцыі мяркуюць, што гэтыя звароты — ня больш як перадвыбарчыя штукі А.Лукашэнкі.
На 26-27 красавіка прызначаная паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Брагінскі, Хойніцкі й Нараўлянскі раёны, якія пацярпелі ад наступстваў аварыі на ЧАЭС.
За два тыдні да гэтага, выступаючы са зваротам да Нацыянальнага сходу, ён заклікаў сваіх апанэнтаў, прадстаўнікоў апазыцыі ды замежных амбасадараў паехаць разам зь ім.
24 красавіка спадар Лукашэнка паўтарыў гэты зварот, сказаўшы журналістам, якія яго суправаджалі ў паездцы ў Кітай: "Я вас папрашу, запрасіце туды апазыцыянэраў, дыпляматаў і іншых — за калючы дрот, і там мы зь імі Чарнобыльскі шлях правядзем. Мы наперадзе, а яны за намі. Там і абмяркуем гэтую праблему".
Лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і Аляксандар Дабравольскі згадзіліся з прапановай і 16 красавіка даслалі Аляксандру Лукашэнку адмысловы ліст, зазначыўшы, што яны гатовыя на сумесную паездку — гэта можа стаць першым крокам "дзеля стварэньня клімату даверу ў краіне".
"Ці прачытаў гэты ліст А.Лукашэнка, ці быў які адказ?" — пацікавіўся я ў аднаго з аўтараў ліста Аляксандра Дабравольскага.
(Дабравольскі: ) "Нам быў адказ праз тыдзень — што нашай дэлегацыі могуць пасадзейнічаць мясцовыя органы ўлады. І ўсё на гэтым. З адміністрацыі прэзыдэнта быў гэты адказ, які падпісаў загадчык аддзелу сувязяў з грамадзкімі арганізацыямі спадар Міхееў. Мы зразумелі з гэтага вельмі выдатна, што ніякіх сустрэч і абмеркаваньняў з Лукашэнкам там проста ня будзе. Ён у гэтым не зацікаўлены. І мы адразу й не чакалі ад яго шчырасьці, а чакалі звычайнага лукаўства, гэтак і адбылося".
Тымчасам Беларускае тэлебачаньне другі дзень запар, анансуючы паездку А.Лукашэнкі ў Гомельскую вобласьць, нагадвае пра заклік А.Лукашэнкі да апазыцыянэраў паехаць разам у Чарнобыльскую зону разам і сьцьвярджае, што ніякай рэакцыі на яго з боку апазыцыі зусім не было.
Аляксандар Дабравольскі паведаміў, што дэлегацыя ад АГП, а менавіта сам спадар Дабравольскі , Юры Варонежцаў, пісьменьнік Васіль Якавенка ды іншыя актывісты паедуць заўтра ў Хойніцкі раён — асобна ад афіцыйнай дэлегацыі.
А вось кіраўнік Дабрачыннага фонду "Дзецям Чарнобыля" Генадзь Грушавы наведвае пацярпелыя раёны Магілёўшчыны. На думку прадстаўнікоў апазыцыі, паездка Лукашэнкі ў Чарнобыльскія раёны мае выразныя перадвыбарчыя мэты:
(Дабравольскі: ) "Я думаю, што калі б ён сапраўды клапаціўся пра людзей, якія там жывуць, то ён бы падключыў усе грамадзкія сілы, ён бы на міжнароднай арэне ўвесь час ставіў бы гэтае пытаньне, не прымушаў бы людзей ехаць туды жыць і вырошчваць збожжа, не гаварыў бы, што там лёгка можна жыць".
Аляксандар Дабравольскі прызнаўся, што ён напраўду хацеў бы абмеркаваць чарнобыльскія праблемы з Лукашэнкам, але Лукашэнка ў гэтым не зацікаўлены.