Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК БУДУЦЬ АДЗНАЧАЦЬ 15-Ю ГАДАВІНУ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ КАТАСТРОФЫ Ў МЕНСКУ І Ў РЭГІЁНАХ?


Юры Сьвірко, Менск

Cёньня раніцай прадстаўнікі Беларускага Народнага Фронту Вячаслаў Сіўчык і Аб'яднанае грамадзянскае партыі Сяргей Альфер сустрэліся з кіраўніцтвам менскае міліцыі — начальнікам міліцыі Аляксандрам Ракам і ягоным намесьнікам Сяргеем Саланцом. Яны абмяркоўвалі сытуацыю з Чарнобыльскім шляхам, які ня быў дазволены гарадзкім выканкамам у тым варыянце, што быў заяўлены арганізатарамі. Падрабязнасьці сусрэчы распавёў Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) "Была гадзінавая гутарка з той нагоды, што рашэньне гарвыканкаму пра Чарнобыльскі шлях як заўжды бязглуздае — не задавальняе заяўнікаў і парушае заканадаўства, пра што міліцыя ведае.

Там прагучалі пэўныя кампрамісныя прапановы, якія дазволілі б надаць Чарнобыльскаму шляху мірны характар. Гэтыя прапановы, як я разумею, кіраўніцтва менскае міліцыі яшчэ абмяркуе са сваім начальствам, і заўтра ранкам адбудзецца яшчэ адна сустрэча.

Але ж незалежна ад усіх гэтых перамоваў, вынікаў сустрэчаў зь менскай міліцыяй, усё роўна месца збору ужо абвешчанае рашэньнем аргамітэту правядзеньня Чарнобыльскага шляху — гэта плошча Свабоды, дзе пачынаючы з 17-й гадзіны будуць зьбірацца людзі, дзе будзе гадзіна смутку й людзі будуць стаяць са сьвечкамі ў руках.

Існуюць розныя варыянты. Пойдзем з плошчы Свабоды не раней за 18 гадзінаў 30 хвілінаў. Ёсьць варыянт, што пойдзем для перадачы пэтыцыі на плошчу Незалежнасьці, ёсьць іншыя варыянты, але ж іншыя варынты разгледзім толькі пасьля дакладных дамоўленасьцяў хаця б зь менскай міліцыяй".

(Карэспандэнт: ) "Як вы думаеце, ці не паўторыцца сытуацыя 25 сакавіка, калі на Юбілейнай плошчы ўсё было заблякаванае і народу проста не давалі зьбірацца?"

(Сіўчык: ) "Цалкам магчыма, але ж дзіка будзе выглядаць усё гэта. Калі людзі пойдуць у сабор, пойдуць у царкву, у касьцёл, людзі будуць стаяць са сьвечкамі, каб памянуць усіх беларусаў, хто пацярпеў у выніку Чарнобыльскай трагедыі, — а іх паспрабуюць разганяць.

Таму цалкам абкружаць плошчу Савбоды дакладна ня будуць, хаця, я думаю, цалкам магчыма, што сілавыя структуры будуць перашкаджаць людзям зьбірацца", — сказаў спадар Сіўчык пра заўтрашнія падзеі ў Менску.

Што да рэгіёнаў, дык у Магілёве, як перадаў наш карэспандэнт Аляксандар Сердзюкоў, а 17-й гадзіне адбудзецца ўскладаньне кветак да крыжа ў памяць ахвяраў Чарнобылю на паўднёвым ускрайку гораду. Магілёўскія ўлады дазволілі шэсьце ўсяго на 500 мэтраў, таму гэтага шэсьця ня будзе. Увечары жыхары Магілёва будуць стаяць у цэнтры гораду са сьвечкамі ў руках.

У Віцебску, паведамляе Вадзім Баршчэўскі, а 18-й гадзіне людзі зьбяруцца на дазволены ўладамі мітынг на плошчы Леніна. А ў Гомелі, паводле Казімера Яноўскага, таксама а 18-й гадзіне мясцовыя жыхары прыйдуць са сьвечкамі ў цэнтральны сквэр на Савецкай вуліцы, дзе адбудзецца гадзіна смутку. Яна пройдзе без дазволу ўладаў, бо нават заяўку не падавалі. А ў Мазыры й Рэчыцы адбудуца імпрэзы каля тамтэйшых капліцаў.

У Горадні на 26-га красавіка ніякіх імпрэзаў не заплянавана, тут, як распавёў наш карэспандэнт Сяргей Астраўцоў, напярэдадні адбыўся малебен у Калоскай царкве.

У Воршы, паводле Браніславы Станкевіч, пройдзе дазволены пікет ля кінатэатру "Перамога", што ладзяць сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG