Эканамісты банкаўскай сфэры лічаць, што жаданьне любым коштам захаваць бачнасьць стабільнасьці прынамсі да выбараў зусім не падмацаванае эканамічна.
Тэлеграма Нацыянальнага банку не для шырокага карыстаньня і была падрыхтаваная яшчэ да традыцыйнай сэлектарнай нарады Лукашэнкі: да праблемаў зь сяўбой улады рыхтаваліся загадзя.
Але, паводле аналітыкаў, прымус усё роўна нічога добрага ня дасьць. Вось меркаваньне вядучага эканаміста па валютных апэрацыях “Белбізнэсбанку” Ўладзімера Шуста:
(Шуст: ) “Кожны месяц растуць праблемы. Зараз прыйшла тэлеграма Нацбанку: усе банкаўскія ўстановы мусяць працаваць нават у выходныя, каб забясьпечыць сяўбу і выплаты па заработнай плаце. Іншымі словамі, каб дакласьці па ланцужку, што запазычанасьцяў няма, незадаволеных не існуе.
Ідуць на розныя падманы: выдаюцца крэдыты зь неіснуючым закладам — абы каб закрыць пытаньні на кантрольную дату. Я з жахам думаю, што да выбараў ужо ніякія адміністрацыйныя меры ня здолеюць вырашыць гэтай праблемы”.
(Карэспандэнт: ) “Вы лічыце, што гэтак фінансавае пытаньне зь сяўбой ды запазычанасьцямі па заробках вырашанае быць ня можа?”
(Шуст: ) “Заўтра могуць знайсьці сродкі, вымусяць кагосьці пералічыць, загадаюць банку выдаць крэдыт. Але ёсьць такое паняцьце: пакуль не пагасілі адзін крэдыт, няможна выдаць другі. Але йдуць на такія парушэньні, знаходзяць сродкі любымі шляхамі, каб тэрмінова папярэдні крэдыт пагасіць і выдаць тут жа новы — нават ня гледзячы на тое, ці зможа прадпрыемства яго аддаць.
Тэарэтычна мэта быццам добрая, але якім чынам яна дасягаецца? На праблему кладзем яшчэ адну, праходзіць месяц — новую. Пройдзе пяць месяцаў — што тады будзе?”
З папярэдніх разьлікаў, банкі краіны, незалежна ад формы ўласнасьці, мусяць ахвяраваць на сяўбу 18 мільёнаў даляраў — гэта найперш на паліва. Відавочна, што менавіта банкам прыйдзецца выпраўляць асноўныя фінансавыя хібы, што цягам апошніх гадоў нарабіла эканамічна авантурная палітыка цяперашняга кіраўніцтва.
З банкаўскіх крыніц таксама стала вядома, што Нацыянальны банк зможа падтрымліваць курс рубля да даляра ў цяперашніх прапорцыях толькі да ліпеня. Потым трэба чакаць альбо імклівага абвалу, альбо яшчэ больш радыкальных захадаў у прыцягненьні сродкаў ад усіх суб’ектаў гаспадараньня, незалежна ад формы ўласнасьці.