Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПАДЧАС АКЦЫІ-ПЭРФОМАНСУ ЗАТРЫМАНЫЯ БОЛЬШ ЗА 20 СЯБРОЎ “ЗУБРА”


Любоў Лунёва, Менск

А шостай гадзіне ля цэнтральнага ўваходу ў парк Горкага сябры "Зубра", апранутыя ў белыя халаты, прапаноўвалі свае паслугі добраахвотнікам у лячэньні псыхічных захворваньняў.

(Удзельніца: ) “Гэта знак пратэсту супраць таго рэжыму, які існуе ў нашай краіне”.

Добраахвотнікі ў масках з выявай Лукашэнкі скардзіліся на начныя кашмары і на народ, які іх ня слухаецца. Калі міліцыянты кінуліся ў натоўп і схапілі аднаго з так званых санітараў, то атрымалі моцны адпор. У выніку ім прыйшлося зьбегчы зь месца бойкі. Тым часам юнакі на іправізаваным хакейным полі пачалі гуляць ў хакей дзіцячымі клюшкамі.

Некаторых сябраў "Зубра", якія апынуліся па-за цэнтрам натоўпу, міліцынтам удалося затрымаць.

(Голас зь мегафона: ) “Мерапрыемства не санкцыянаванае, просьба разысьціся па хатах”.

Некалькі хлопцаў надзелі маскі і з дзяржаўнымі чырвона-зялёнымі сьцяжкамі пачалі вадзіць карагод. Юнакі па чарзе выступалі са сцэны:

(Удзельнік са сцэны: ) “Кожны з нас павінен выбраць паміж хваробай і здароўем. Лукашызм – гэта хвароба, дэмакратыя – гэта здароўе. Жыве Беларусь!”

Акцыя дасягнула кульмінацыі тады, калі два юнакі сталі на лыжы. Упершыню за час шматлікіх апазыцыйных акцыяў журналісты ўбачылі, як раптам зарагаталі прысутныя міліцыянты. Нават міліцыянт, які пачынаў казаць у мегафон, што трэба разысьціся па хатах, убачыўшы лыжнікаў, зарагатаў і хутка адключыў мегафон.

Лыжнікі не абмежаваліся катаньнем на лыжах па асфальце, яны скочылі ў Сьвіслач і пад апладысмэнты мінакоў, якіх сабралася шмат на мосьце, пераплылі яе. Пасьля гэтага пачаўся так званы "хапун". Аднаго чалавека хапалі пяцёра апэратыўнікаў і цягнулі ў аўтобус. Дагэтуль у Партызанскім РАУСе ўтрымліваецца больш за 20 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG