Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 ЗАТРЫМАНЫХ ЗУБРОЎЦАЎ ТРЫМАЮЦЬ У ТУРМЕ НА АКРЭСЬЦІНА


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня сябры моладзевай незарэгістраванай арганізацыі “Зубар” правялі пэрфоманс ля дзьвярэй спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Напачатку праз мегафон яны зьвярнуліся да вязьняў спэцпрыёмніку:

(Голас зь мегафону: ) “Зубры! Трымайцеся! Мы з вамі! Мы верым ў вас! Мы змагаемся за вас! Менты адкажуць за свае злачынствы!"

Потым юнакі пераапрануліся. Адзін зь іх у белым мэдычным халаце, заламаўшы руку другому, які быў у масцы з выявай Лукашэнкі, павёў яго да дзьвярэй гэтай установы.

Юнакі патлумачылі Радыё Свабода сэнс сваёй акцыі:

(Удзельнік: ) “Пэрфоманс адбываецца ў падтрымку тых людзей, якія зараз сядзяць. Прыйшоў спадар прэзыдэнт. Яго прывёў санітар, каб здаць яго, як сапраўднага чалавека, які мусіць тут сядзець. Памяняць прэзыдэнта на палітзьняволеных”.

Хлопцы пагрукалі ў дзьверы. Ахоўнік зірнуў у вакенца і застаўся стаяць у поўнай разгубленасьці.

(Голас хлопца ў масцы: ) “Рабяты! Вы не таго ўзялі. Я тут павінен сядзець. Давайце махнёмся. Ня хочаце мяняць сапраўднага прэзыдэнта на сапраўдных беларусаў?”

Юнакі ня сталі чакаць міліцэйскага “варанка” і хуценька зьехалі з месца акцыі.

Нагадаем, 38 затрыманых удзельнікаў пэрфомансу “Канчатковы дыягназ” да чатырох гадзінаў начы ўтрымлівалі ў Партызанскім аддзеле міліцыі. Сярод іх быў карэспандэнт Радыё Рацыя Віктар Мухін. Яго пратрымалі больш за тры гадзіны.

Не абыйшлося без эксцэсаў. Студэнтку пэдунівэрсытэту Кацю Шабан сьледчы аддзелу дазнаньня Новік так ударыў галавой аб сцяну, што дзяўчына страціла прытомнасьць. Хуткую дапамогу выклікалі не супрацоўнікі міліцыі, а іншыя людзі, якія былі ў гэты момант у будынку міліцыі. Мэдыкі зафіксавалі пабоі. Сябры “Зубру” паабяцалі міліцыянтам, што будуць дамагацца ў пракуратуры, каб Новіка прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці.

Яшчэ адна дзеўчына – Даша Радкевіч – таксама была зьбітая міліцыянтамі.

Усіх непаўнагадовых пасьля складаньня пратаколаў адпусьцілі пад распіску бацькоў. Некаторым уручылі позвы ў міліцыю на 25 красавіка, а 16 чалавек адвезьлі да суду ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна.

У гэты момант там утрымліваюцца студэнты Яўген Афнагель, Кірыл Фізэльман, Раман Карповіч, Андрэй Крытка, Пётар Садоўскі, Якаў Сьцешык, Валер Канстанцінаў, Наміль Ахадаў, Антось Боган, Валер Струй, Зьміцер Драздоў, Валер Жэрбін, дзяўчаты Ірына Толсцік і Дар’я Радкевіч. Акрамя іх, там жа ўтрымліваюцца Сяргей П’яных і 64-гадовая жыхарка Барысава Сьвятлана Данілава.

Кіраўніцтва Партызанскага райаддзелу міліцыі адмовіла маці Яўгена Афнагеля адпусьціць да суду сына, хворага на сэрца. Такім чынам, затрыманых удзельнікаў акцыі будуць утрымліваць у спэцпрыёмніку больш за трое сутак, хоць гэта супярэчыць закону.

Толькі ў сераду пачнуцца суды над удзельнікамі дзьвюх моладзевых апазыцыйных акцыяў 21 красавіка. Маладафронтаўцаў будуць судзіць у Савецкім судзе, а “зуброў” – у Партызанскім.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG