Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ ЗАЦЬВЕРДЗІЎ ПРАГРАМУ СУПРАЦОЎНІЦТВА З БЕЛАРУСЬСЮ


Міхал Стэльмак, Менск

Пра падпісаньне кіраўніцтвам МВФ праграмы супрацоўніцтва зь Беларусьсю паведаміў сёньня старшыні Нацыянальнага банку Пятру Пракаповічу прадстаўнік Фонду Марк Хортан. Спадар Пракаповіч распавёў нашаму радыё падрабязнасьці:

(Пракаповіч: ) "Праграма маніторынгу Фонду разьлічаная на паўгода — з 1 красавіка па 1 кастрычніка. Кантрольныя паказчыкі будуць адсочвацца 1 ліпеня і 1 кастрычніка. Мы мусім добра працаваць, каб выканаць гэтыя паказчыкі.

У ліпені да нас прыедзе місія Міжнароднага валютнага фонду. Прамежкавая місія будзе ў траўні. Потым — сустрэча з кіраўніцтвам Фонду. Гэтая праграма мусіць завершыцца вырашэньнем пытаньня пра пагадненьне аб крэдыце "stand by ", а таксама пра магчымасьць працы ў іншых накірунках", — зазначыў Пётар Пракаповіч.

Як вынікае зь ягонага тлумачэньня, беларускі бок задаволены рашэньнем МВФ. Кіраўніцтва Фонду меркавала падпісаць гэтую праграму да 1 красавіка. Аднак напярэдадні Аляксандар Лукашэнка публічна загадаў, каб камэрцыйныя банкі абавязкова выдалі крэдыты аграпрамысловаму комплексу.

Між тым, недапушчальнасць прымусовага крэдытаваньня ёсьць адной з галоўных умоваў МВФ. Таму Фонд мусіў адтэрмінаваць падпісаньне Маніторынгавай праграмы. Сёньня старшыня Нацбанку пераконваў Марка Хортана, што беларускі бок прыслухаўся да папярэджаньня МВФ. Гаворыць Пётар Пракаповіч:

(Пракаповіч: ) "Сёньня ніякіх заданьняў, рашэньняў ураду альбо Нацыянальнага банку няма — каму што рабіць у справе крэдытаваньня сяўбы. Пры гэтым мы сочым за сытуацыяй у гэтай сфэры. І ня толькі ў аграпрамысловым комплексе. Гэта звычайныя пытаньні, якія трэба вырашаць".

Як вынікае зь ягонага тлумачэньня, беларускія банкі мусяць крэдытаваць сяўбу не паводле загадаў, а з уласнай ініцыятывы. Адначасова Пётар Пракаповіч мусіў прызнаць, што "ініцыятыва" фінансаваньня сяўбы ў цяперашніх умовах мусіць быць абавязковай для кожнай крэдытнай установы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG