Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА НЕ АДКАЗАЎ НА ЛІСТ ДЗЕЙНАГА СТАРШЫНІ АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск

На сёньняшьнім паседжаньні лідэраў апазыцыйных палітычных партыяў кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі амбасадар Вік паведаміў, што на ліст да Аляксандра Лукашэнкі ад дзейнага старшыні АБСЭ Мірчу Джэаны, які быў перададзены Лукашэнку 10 дзён таму, адказу дагэтуль няма.

У гэтым лісьце, паводле спадара Віка, размова ідзе пра дэкрэт № 8 і пра ўнутраных грамадзкіх назіральнікаў за выбарамі прэзыдэнта Беларусі. Чаму Аляксандар Лукашэнка праігнараваў зварот? Вось што мяркуе з гэтай нагоды ўдзельнік сёньняшняга паседжаньня, намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада" Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "Я думаю, што Аляксандар Лукашэнка яшчэ ня вызначыўся ў сваіх адносінах з Захадам. Не распрацаваная канцэпцыя дачыненьняў Лукашэнкі з Захадам перад выбарамі, падчас выбараў і пасьля выбараў.

Ёсьць і другая прычына. Вельмі складаныя дачыненьні ў Лукашэнкі з Масквой. Ён баіцца зараз неяк аднабакова вызначыць свае адносіны з Захадам і пашкодзіць праз гэта сваім дачыненьням з Масквой. Ён будзе балянсаваць між гэтымі двума бакамі доўга, бо няма цяпер пэўнасьці ні ў дачыненьнях з Масквой, ні з Захадам.

Калі нейкі сыгнал прыйдзе з Масквы катэгарычны (а я думаю, што спадар Пуцін вельмі разумны чалавек, ён такога сыгналу адкрыта ня дасьць) — дык вось, каб такі сыгнал прыйшоў з Масквы, дык Лукашэнка мог бы будаваць нейкую канкрэтную палітыку з Захадам.

Зараз ён балянсуе, і чым даўжэй ён будзе балянсаваць, тым лепш для тых, хто думае быць яму альтэрнатывай на выбарах прэзыдэнцкіх".

Як адзначыў сёньня амбасадар Вік, галоўнымі тэмамі перамоваў паміж беларускімі ўладамі й прадстаўнікамі міжнароднай супольнасьці застаюцца паляпшэньне рамачных умоваў правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў і падрыхтоўка ўнутраных назіральнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG