У чарговым нумары рэпрэзэнтаваныя практычна ўсе літаратурныя жанры.
З даволі арыгінальным як па зьмесьце, так і па форме апавяданьнем выступае тут Альгерд Бахарэвіч. Ігар Сідарук друкуе сваю чарговую фантасмагорыю зь велягурыстай назвай “Як чорт прагнуў сірочага хлеба пад’есьці”, а Пятро Васючэнка прапануе чытачам фольк-мадэрновую п’есу “Хведар Набілкін – беларускі касінэр”. Зьмешчана ў нумары таксама апавяданьне Івана Фурсэвіча “Мішка-абушок”. На вялікі жаль, аўтар не пабачыць надрукаваным свайго твору – няпярэдадні выхаду альманаха былы сябар Саюзу Беларускай Моладзі і вязень сталінскага гулагу пакінуў гэты сьвет.
Паэзія ў “Калосьсі” прэзэнтаваная вершамі Людкі Сільновай, Веры Ліпскай, Галы Гары і Андрэя Хадановіча. Знайшлі сабе месца ў альманаху пераклады клясыка аўстрыйскай літаратуры Райнэра Марыі Рыльке ды чуваска-расейскага паэта Генадзя Айгі. Творы Айгі на сёньняшні дзень перакладзеныя практычна на ўсе эўрапейскія мовы і вось нарэшце загучалі і па-беларуску.
Цікавасьць чытачоў мусяць выклікаць успаміны Алеся Аркуша аб гісторыі стварэньня знакамітай літаратурнай суполкі “Тутэйшыя”, а таксама эсэ Валянціна Акудовіча і Юрася Барысевіча.
Праілюстраваны нумар графічнымі працамі вядомага беларускага мастака Сяргея Балянка.