Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЛУЦАК – ЯК ЖЫВУЦЬ І ШТО ДУМАЮЦЬ ЛЮДЗІ?


Вячаслаў Ракіцкі, Ягор Маёрчык, Слуцак

(Ракіцкі: ) "Прыкметаў шматвяковай гісторыі Слуцку, якія нагадалі б нам пра тэатар, капэлу ці друкарню Радзівілаў, пра кальвінісцкую гімназію ці Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў, а асабліва пра вайну случакоў з бальшавікамі ў 20-х гадох мінулага стагодзьдзя, амаль ня знойдзеш на доўгай вуліцы імя В.И. Ленина. Яна разрэзала горад з Захаду на Ўсход. І сваімі шматлікімі савецкімі помнікамі павынішчала ўсялякія згадкі пра шляхотнасьць краю".

(Маёрчык: ) "Некалькі Ленінаў, Жукаў, пліты і мэмарыялы — сьведчаньні толькі адной старонкі гісторыі. Няўжо случакі народжаныя ад той велічэзнай цёткі з раськінутымі рукамі і надпісам у ніжняй частцы тулава — “Родина-мать”? Прынамсі, ня ўсе… На ўзбочыне стаіць сапраўдная пра-маці гораду — “Сьвятая Соф’я Слуцкая”, што з роду Алелькавічаў.

І рэстарацыю сарамліва перайменавалі зь “Вежы Алелькі” ў “Вежу граду”. Абсурдам выглядаў бы напамін пра колішніх уладальнікаў Слуцку побач з “Советской Белоруссией”, якой аблеплены вялізны стэнд насупраць".

(Ракіцкі: ) "Случакі ня ведаюць сваёй гісторыі? Адказ спрабуем знайсьці ці ня ў самым старым на сёньня будынку, дзе ў ХVІІІ стагодзьдзі месьціўся дваранскі сход, а цяпер тут — Гісторыка-краязнаўчы музэй.

Экспазыцыя цікавая. Нават ёсьць сапраўдны слуцкі пояс, хоць і пазычаны ў Расеі. Але перавага надаецца савецкай гісторыі. Слуцкі збройны чын не прадстаўлены ўвогуле. У гутарцы з аўтарытэтнай і дасьведчанай дырэктаркай музэю Валянцінай Відлогай мы разыйшліся ў меркаваньнях пра
мейсца Слуцкага паўстаньня ў гісторыі".

(Відлога: ) "Калі раней да нас прыходзілі ў асноўным групы школьнікаў, то цяпер нават больш сталі хадзіць дарослыя. Цікавяцца гісторыяй. Гэта адбылося дзесьці ўжо на пачатку 90-ых гадоў".

(Ракіцкі: ) "І не затухае цікавасьць?"

(Відлога: ) "Не. У школьнай праграме зьявіліся тэмы, якія належаць да гісторыі роднага краю"
.
(Ракіцкі: ) "Якія моманты зь гісторыі Слуцка перадусім цікавяць?"

(Відлога: ) "Дарэвалюцыйны час. Калі браць школьнікаў — Вялікая айчынная вайна".

(Ракіцкі: ) "А Слуцкі збройны чын?"

(Відлога: ) "Я й чакала гэтага пытаньня. Не магу сказаць, што вельмі ён усіх цікавіць. Але да кожных угодкаў мы рыхтуем выставу".

(Маёрчык: ) "Памяць пра маршала Жукава, дывізія якога была раскватараваная ў Слуцку ў 30-х гадох, увасобленая ня толькі ў ягоным бюсьце і прадстаўленая ў музэі. Жыве яна і на піўных налепках: чырвона-зялёнае поле і выява вершніка, які і мусіць нагадаць пра маршала.

Піва “Маршальскае” падалося нам найсмачнейшым з усіх слуцкіх піваў. Яны, дарэчы, былі заўсёды ня горшымі ў Беларусі. Цяпер Слуцкі бровар дзівоснымі назовамі сваёй прадукцыі маніфэстуе змаганьне за рынак суседняе краіны — “Емеля”, “Гусарское”, “Данко”, “Славянское”. Мы пазнаёміліся з рабочым бровару, які не называючы свайго прозьвішча, паспрабаваў нам растлумачыць, ці маюць згаданыя гатункі, як і піва “Шанс”, свой шанец на расейскім ці хоць бы беларускім рынку. Пры тым, што —
піва стала лепшым.»

(Рабочы: ) "Дырэктар у нас неблагі. Яму зьвязвае рукі адміністрацыя. Ён паехаў у Казахстан, дамовіўся пра нарыхтоўку піўнога зерня. А цяпер Лукашэнка прымусіў купляць зерне тут, у калгасах. І гэта абышлося нам у два разы даражэй. І мы зараз сядзім у трубе. Расея адмовілася ад нашага піва, а тут у нас практычна няма рынку збыту – ўсё запаланіла расейскае піва. Таму мы робім солад і адпраўляем яго ў Расею, абы толькі выплаціць рабочым заробак..."



(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG