Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШЧУКІНУ – ТРЫ МЕСЯЦЫ АРЫШТУ І ШТРАФ, СТАТКЕВІЧУ – ШТРАФ


Любоў Лунёва, Менск

Судзьдзя Тацяна Высоцкая пакарала Шчукіна 3 месяцамі арышту і штрафам 30 мінімальных заробкаў. Міколу Статкевіча аштрафавалі на 100 мінімальных заробкаў.

Паводле прысуду, Валеры Шчукін павінен выплаціць 171 000 рублёў і адседзець 3 месяцы ў ізалятары. Але гэта не азначае, што Шчукіна адразу возьмуць пад варту. Прысуд пачне дзеяць толькі пасьля абскарджваньня ва ўсіх судовых інстанцыях.

Міколу Статкевічу далі штраф 100 мінімальных заробкаў (гэта каля 450 даляраў ЗША).

Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Безумоўна, гэты прысуд найперш мае за мэту трымаць мяне ў падвешаным стане з судзімасьцю. Гэты прысуд будзе абскарджвацца.

І рэч ня ў тым, што тут штраф. Здавалася б — заплаці штраф і жыві спакойна. Але тут закладаецца вельмі небясьпечны прэцэдэнт. Калі я згаджаюся і за палітычную дэманстрацыю атрымліваю прысуд, то потым іншыя палітыкі за арганізацыю публічнай акцыі будуць мець крымінальны перасьлед.

Таму я буду змагацца да канца, і ўлады гэта добра разумеюць. Адчуваю, што прыйдзецца йсьці трэці раз у гарадзкі суд, але што ж рабіць. На працягу 10 дзён будзе пададзеная касацыйная скарга. Правасудзьдзем тут і ня пахне. Таму я нават адмовіўся ад апошняга слова. Рашэньне прымаецца ня тут, яно прымаецца ў іншым месцы", — гэтак пракамэнтаваў судовае рашэньне Свабодзе лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч.

Валеры Шчукін таксама абураны рашэньнем судзьдзі:

(Шчукін: ) "Вось яна мне дала 30 мінімалак і 3 месяцы арышту. Але можа быць такая сытуацыя: гарадзкі суд, прыкладам, скасуе рашэньне Цэнтральнага суду, паводле якога я павінен сядзець 3 месяцы, а сёньняшні прысуд Вярхоўны суд пакіне. Тады за што я буду сядзець? Буду абскарджваць".

Суд гэтым разам не задаволіў аніводнага грашовага пазову да абвінавачаных. Статкевіч і Шчукін не павінны плаціць за матэрыяльныя і маральныя страты, якія яны нібыта нанесьлі гарадзкім камунальнікам, транспартнікам і пацярпелым салдатам.

У гарадзкім судзе падчас абвяшчэньня прысуду прысутнічалі амбасадары Францыі, Нямеччыны, Грэцыі, а таксама прадстаўнікі амэрыканскай амбасады і АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG