Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПЛЯВАЦЬ Я ХАЦЕЎ НА БЕЛАРУСКУЮ ЎЛАДУ!”


Міхась Скобла, Менск

(Міхась Скобла: ) "На мінулым тыдні беларускі перакладчык Васіль Сёмуха быў узнагароджаны нямецкім ордэнам. Такім чынам прэзыдэнт Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны ацаніў шматгадовую Сёмухавую працу па перакладзе на беларускую мову твораў нямецкае клясыкі. Гэтая падзея й сталася нагодай для нашае гутаркі.

Спадар Васіль, я віншую вас з высокай узнагародай. Вы сталі кавалерам ордэна "За заслугі перад Фэдэратыўнай Рэспублікай Нямеччынай". Але сёньня, калі ў Беларусь, паводле афіцыйных мэдыяў, зноў засылаюцца шпіёны й дывэрсанты з Захаду, атрымліваць гэткую ўзнагароду даволі рызыкоўна. Не баіцёся, што вас абвесьцяць нямецкім агентам?"

(Васіль Сёмуха:) "Калі ў нас такія падзеі… Што ж, можаце лічыць мяне нямецкім шпіёнам, я не баюся. У свой час я чытаў у газэце "Славянский набат", што Сёмуха прадаўся Захаду. А колькі праўды ў гэтым — самі мяркуйце. Я памятаю словы Валодзі Караткевіча (ён любіў іх паўтараць): "Калі ваўку няма чым сраць, дык ён — лыкам"… Вось і тут гэтае лыка ну з усіх дзірак пнецца".

(Скобла: ) "Апошнім часам вам даводзіцца працаваць пераважна "ў шуфляду", паколькі перакладныя кнігі ў дзяржвыдавецтвах амаль не выходзяць. Зразумела, што без сусьветнае клясыкі беларуская культура абысьціся ня зможа. Але наколькі тое, што вы перакладаеце, можа быць актуальным для Беларусі менавіта сёньня?"

(Сёмуха: ) "Мае пераклады апошніх гадоў усе актуальныя. Нават тыя, якія, на першы погляд, такімі не здаюцца.

Чым актуальная, напрыклад, "Кніга цара Давіда" нямецкага пісьменьніка Штэфана Гайма? У ёй апісваюцца біблійныя падзеі, часы цараваньня цара Салямона — самага мудрага, самага справядлівага цара, так, прынамсі, мы пра яго ведаем.

Але ў кнізе выкрыты мэханізм ягоных тыраніі, дэспатыі, дыктатарства. І калі вы паглядзіце, што рабіў цар Салямон дзеля ўмацаваньня свайго трону, то вы й сярод кіраўнікоў сучасных дзяржаваў пазнаеце такіх Салямонаў, якія дзейнічаюць тымі самымі сродкамі.

Усе дыктатуры падобныя адна на адну як два пальцы. Чытаць пра гэта й разумець гэта, я лічу, актуальна, бо мы перажываем гэтыя часы — часы дыктатара Салямона".

(Скобла: ) "А хіба старажытныя й сучасныя дыктатуры падобныя між сабой? Хіба іхныя мэтады й сродкі не зьмяніліся на працягу тысячагодзьдзяў? Якія яны?"

(Сёмуха: ) "Перш за ўсё — заткнуць глотку сродкам масавай інфармацыі. Гэта рабілася тады (хоць сродкі інфармацыі былі іншыя), гэта робіцца й цяпер. Мэта адна — паставіць на калені вучоных, філёзафаў, гісторыкаў, каб яны перапісвалі гісторыю так, як трэба. Нават па біблійных тэкстах відно, як перапісвалася гісторыя цара Давіда, што не супадае адно з другім, розныя трактоўкі даюцца.

Няма такога сьмертнага граху, якога не было б на сумленьні цара Давіда. У яго былі па локці рукі ў крыві. Ён і ад Бога адступаўся. І здраджваў свайму народу. І ваяваў супраць свайго народу. І злачынствы разбойныя ўчыняў. Усё гэта паказана ў рамане Штэфана Гэйма. Гэта вельмі цікава.

І мы з вамі можам назіраць, як душыцца свабода слова ў Беларусі, як перапісваецца беларуская гісторыя. У той час усё гэта рабілася таксама. Дык актуальна гэта ці неактуальна? Актуальна!"


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG