Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІНЦУК ВЯЧОРКА ВЫЗВАЛЕНЫ З ТУРМЫ НА АКРЭСЬЦІНА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Зараз у Менску 16:50. Я знаходжуся каля прыёмніка-разьмеркавальніка на Акрэсьціна. Толькі што з брамы выйшаў лідэр БНФ Вінцук Вячорка. Тут жа знаходзяцца каля 20 сяброў БНФ, прадстаўнікі іншых партыяў і проста калегі і сябры Вінцука Вячоркі. Тут жа жонка Вячоркі зь дзецьмі, Лявон Баршчэўскі, Павал Знавец, Кася Камоцкая ды іншыя. Людзі трымаюць бел-чырвона-белыя сьцяжкі і кветкі.

Вось спадар Вячорка падыйшоў да мяне. Да яго першае пытаньне.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Вячорка, адміністрацыйным арыштам Вас пакаралі ўпершыню. Скажыце, якое ўражаньне ад часу знаходжаньня за кратамі, якія былі ўмовы ўтрыманьня?”

(Вячорка: ) “Я не ўпершыню за кратамі. Мне даводзілася бываць у ізалятары часовага затрыманьня. Варункі звычайныя, хаця я павінен сказаць, што дзякаючы барацьбе папярэдняга пакаленьня адміністрацыйных вязьняў, яны палепшыліся. Галоўны сэнс пакараньня – у ізаляцыі і прыніжэньні, але я думаю, што калі гэтыя мэты рэжым ставіў у дачыненьні да мяне, то ён прамахнуўся”.

(Карэспандэнт: ) “А якое Вашае самаадчуваньне пасьля 15 сутак?”

(Вячорка: ) “Дзейснае і працавітае. Я гатовы вельмі шчыльна працаваць дзеля посьпеху Чарнобыльскага шляху і дзеля нашай перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах. Калі ўлады хацелі адбіць у нас ахвоту змагацца за нармальную Беларусь, то яны жорстка пралічыліся. Наадварот”.

Людзі сустрэлі спадара Вячорку ўрачыста, выпілі бутэльку шампанскага. Як мы чулі, спадар Вячорка поўны аптымізму.

Слухачам я нагадаю, што ў камэрах прыёмніка яшчэ знаходзяцца лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец і выканаўца абавязкаў старшыні КХП БНФ у Беларусі спадар Юрась Беленькі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG