Кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак паведаміў сёньня, што атрымаў ліст, аўтары якога называюць сябе сьледчымі ў справе зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Яны паведамляюць, што з матэрыялаў, сабраных сьледчымі летась, некуды зьніклі “два тамы крымінальнай справы”.
Паводе невядомых аўтараў, гэтае зьнікненьне зьвязанае са зьменай кіраўніцтва рэспубліканскай пракуратуры, якую пасьля Алега Бажэлкі ўзначаліў Віктар Шэйман.
Таксама ў лісьце сьцьвярджаецца, што міністар Уладзімер Навумаў, якому Аляксандар Лукашэнка даручыў каардынаваць працу сьледчых розных ведамстваў, “у расьсьледаваньне ня ўмешваецца”, а “ўсе ўказаньні сьледчым ідуць з пракуратуры”. Адтуль жа прыйшоў загад завершыць расьсьледаваньне як найхутчэй — да канца сакавіка.
Між тым, аўтары мяркуюць, што абвінавачаныя ў справе Завадзкага могуць мець дачыненьне да справаў Юр'я Захаранкі й Віктара Ганчара, аднак жа аўтары пішуць, што сьпяшаюцца і ня маюць магчымасьці праверыць гэтыя вэрсіі.
Ананімы паведамляюць, што апошнім часам паміж супрацоўнікамі Камітэту па арганізаванай злачыннасьці й пракуратурай з аднаго боку і КГБ — з другога — маюць месца супярэчнасьці. Кожны бок імкнецца самастойна атрымаць інфармацыю, якой практычна ня дзеліцца.
Адметная і іхная інфармацыя пра Валер'я Ігнатовіча, якога падазраюць у злачынных дзеяньнях супраць Завадзкага.
Напрыканцы ліста аўтары просяць Алега Волчака, якога яны ведаюць як былога сьледчага пракуратуры, зрабіць гэты ліст здабыткам галоснасьці.
Сам Волчак лічыць, што ліст варты даверу:
(Волчак: ) “Я палічыў, што гэтая інфармацыя вартая ўвагі і яе трэба апрацоўваць".
(Карэспандэнт: ) “Як былы сьледчы — вы мяркуеце, што яна вартая даверу?”
(Волчак: ) “Так, я давяраю ёй недзе на 95 адсоткаў”.
Алег Волчак сьцьвярджае, што перш чым паведаміць пра гэты ліст, ён праверыў зьвесткі, і некаторыя зь іх пацьвердзіліся.
“Мяркую, гэта той выпадак, калі сьледчыя працуюць сумленна, але бачаць, што іхную працу нехта спрабуе выкарыстаць у сваіх мэтах. Магчыма, ім не даюць выйсьці на заказчыкаў злачынства і гэтым лістом яны даюць грамадзтву зразумець, што ня варта давяраць тым вынікам, якія хутка будуць агалошаныя”, — кажа Алег Волчак.