Сёньня прэсавы сакратар выканкаму “саюзу Беларусі і Расеі” Іван Макушок адказваў і простым эфіры на пытаньні радыёслухачоў і заявіў, што ня ведае, хто аплочваў зусім нятанных амэрыканскіх, швэйцарскіх і расейскіх адвакатаў Барадзіна. Спадар Макушок ўсё зьдзіўляўся, чаму гэта (цытую) “усіх больш за ўсё цікавяць фінансавыя пытаньні, а нікога не хвалюе, што затрыманы высокі чыноўнік расейскі і беларускі... Напэўна ва ўсім сьвеце, – абураўся спадар Макушок, – чыноўнікаў такога высокага рангу паводле заявы другараднага пракурора не арыштоўваюць… Я ня ведаю падобных інцыдэнтаў”.
Прыкладаў такіх інцыдэнтаў з практыкі цывілізаваных краінаў можна было б прывесьці шмат – статус чыноўніка, які парушыў закон, ня мае значэньня, як, дарэчы, і статус пракурора, які абараняе гэты закон.
Але мы ўсё ж спынемся на грошах.
Тры мільёны даляраў выдаткавалі ня родныя і блізкія спадара Барадзіна. Сёньня раніцай было паведамленьне, што гэтыя грошы будуць ўзятыя з бюджэту “беларуска-расейскага саюзу”, але цяпер стала вядома, што мільёны далі з бюджэту расейскага. Такую зусім немалую суму спадару Барадзіну ахвяравалі менавіта як дзяржаўнаму сакратару “беларуска-расейскага саюзу”.
Прыгадаем, што пры стварэньні гэтага “саюзу” шмат гаварылася пра абарону інтарэсаў грамадзянаў Беларусі й Расеі – у тым ліку і за мяжой.
Аднак што беларускія, што расейскія турысты, якія, здараецца, у замежжы губляюць грошы альбо робяцца ахвярай злачынцаў – ня могуць разьлічваць нават на аплату зваротнага білету.
Зрэшты, гэта яшчэ ня самая экстрэмальная сытуацыя. Бацькі хворых на лейкемію беларускіх дзяцей ня могуць разьлічваць на дапамогу "саюзнага бюджэту", каб аплаціць выратавальную апэрацыю (дарэчы, звычайна такая апэрацыя каштуе роўна ў сто разоў меней, чым сёньняшні заклад за дзяржсакратара).
Такім чынам, тры мільёны даляраў – гэта сто патэнцыйна выратаваных дзіцячых жыцьцяў. А што яшчэ?
А яшчэ – 70 машын хуткай дапамогі, аснашчаных дасканалым рэанімацыйным абсталяваньнем.
Альбо – шэсьцьдзесят дзіцячых садкоў.
Альбо – шэсьць двухсоткватэрных дамоў.
Сёньня мы даведаліся, што гэта яшчэ – кошт палёту па маршруце Жэнэва-Масква для дзяржаўнага сакратара “беларуска-расейскага саюзу”.