Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЯЦЁРА ГІМНАСТАК ЗБОРНАЙ БЕЛАРУСІ АДМАЎЛЯЮЦЦА ПРАЦАВАЦЬ ПАД КІРАЎНІЦТВАМ СВАЁЙ ТРЭНЭРКІ


Ігар Карней, Менск

Нэўтралізаваць канфлікт між трэнэркай, спартоўцамі ды іхнымі бацькамі браўся нават Аляксандар Лукашэнка. У інтэрвію “Спартыўнай панараме” ён заявіў пра гімнастак: “У жыцьці яшчэ нічога ня бачылі, а ўжо ўсяго патрабуюць”. І заўважыў, што, напэўна, у калектыве не было выхаваўчай працы. На гэты конт Ірына Ляпарская сказала:

(Ляпарская: ) “Што тычыцца папроку прэзыдэнта наконт выхаваўчай работы… Мне здавалася, праца вялася. Аказваецца, яе трэба было весьці з бацькамі. Пакуль бацькі ня ўмешваліся, здавалася, і праца вялася, і дзеці добрыя былі”.

Апроч таго, Ляпарская дадала, што пасьля гэтага інцыдэнту нічога не застаецца, як увесьці ў зборнай пасаду “палітрука”.

Паралельна зь Ляпарскай на свой сход сабраліся бацькі й некаторыя з апальных гімнастак. Яны прыгадалі, што абяцанкі ўладаў выкананыя толькі часткова. Для большасьці так і ня вырашаныя пытаньні з кватэрамі ў “алімпійскім” доме.

Гаворыць бацька срэбранай прызэркі Тацяны Бялан, лекар нацыянальных камандаў Беларусі Валеры Бялан:

(Бялан: ) “Праблема толькі ў адным: калі гаворка заходзіць пра 10% на трэнэрскія патрэбы. Я ведаю пра ўсе негалосныя законы разьмеркаваньня матэрыяльных каштоўнасьцяў паміж трэнэрамі, фэдэрацыямі й спартоўцамі.

Але тады трэба быць да канца пасьлядоўнымі: прыкладам, калі б такое разьмеркаваньне існавала цягам 4-х перадалімпійскіх гадоў. А так дзеці не атрымлівалі нічога. Сутнасьць так званай “зорнай хваробы” і “залатой ліхаманкі” у тым, што з сыходам каманды застаўся вакуум: не адбылося цывілізаванай зьмены пакаленьняў. У кожнага свае прычыны, але да большасьці паставіліся несправядліва”.

Многія адзначаюць, што стыль кіраваньня Ляпарскай мала чым розьніцца ад стылю ейнага абаронцы Аляксандра Лукашэнкі: ва ўсім — “абсалютная непагрэшнасьць”. Таму гэтак лёгка яна ігнаруе нацыянальныя кадры, скіраваўшы імпэт на замежны матэрыял: большасьць кандыдатак на наступны чатырохгадовы перадалімпійскі цыкль ужо запрошаныя з Расеі і Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG