Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРАДЗІНА ВЫПУСКАЮЦЬ ПАД ЗАКЛАД


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Заклад трэба ўнесьці сёньня да 19 гадзінаў (паводле менскага часу) і таму грошы ўжо знаходзяцца ў дарозе зь Цюрыха ў Жэнэву. Затрымка з выплатай прывядзе да таго, што Барадзін застанецца за кратамі, бо ў Швэйцарыі пачынаюцца Велікодныя сьвяты, якія закончацца ў аўторак.

У сувязі з пастановай суду пра вызваленьне Паўла Барадзіна з-пад варты ягоная адвакатка Элеанора Сяргеева сказала:

(Сяргеева: ) “Ён шмат разоў публічна заяўляў, што без сумневу будзе зьяўляцца ў суд. Але раней яго сюды ніколі не выклікалі, бо ён зьяўляўся б і раней. Не было пытаньняў, ён ніколі ні ад каго не хаваўся і калі яго выклікала расейская фэдэральная пракуратура – ён прыходзіў”.

Нагадаю, што Павал Барадзін быў арыштаваны раніцай 18 студзеня ў Міжнародным аэрапорце імя Кэнэдзі ў Нью-Ёрку, куды ён прыляцеў каб узяць удзел у інаўгурацыі прэзыдэнта Джорджа Буша.

Барадзіна затрымалі дакладна праз год пасьля таго, як швэйцарская пракуратура падпісала санкцыю на арышт. У віну высокаму чыноўніку ставяцца хабарніцтва, удзел у злачыннай групоўцы і адмываньне грошай.

Пасьля арышту Барадзіна вышэйшае расейскае кіраўніцтва паставілася да арышту Барадзіна досыць абыякава, а вось Аляксандар Лукашэнка назваў арышт “скрайне несяброўскім учынкам з боку Злучаных Штатаў у дачыненьні да Беларусі і Расеі а перадусім да іхнага Саюзу”.

У мінулым тыдні Злучаныя Штаты перадалі Паўла Барадзіна Швэйцарыі.

Увесь гэты час арыштаваны не прызнаваў сваёй віны, а ягоныя адвакаты дамагаліся вызваленьня абвінавачанага пад заклад. Нью-ёркскі і жэнэўскі суды адхілялі гэтыя дамаганьні і тлумачылі, што Барадзін пасьля выплаты закладу можа схвацца ад правасудзьдзя.

Паводле сёньняшняй пастановы швэйцарскага суду Барадзін будзе выпушчаны толькі пасьля таго, як Швэйцарыя атрымае ўсю суму закладу ў 5 мільёнаў швэйцарскіх франкаў. На гэты момант невядома ці пасьпелі дыпляматы давезьці грошы ў Жэнэву. Раней паведамлялася, што патрэбная сума будзе ўзятая зь бюджэту беларуска-расейскага саюзу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG