Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ ЯНЫ – ЭЎРАПЕЙЦЫ НОВАГА ТЫСЯЧАГОДЗЬДЗЯ?


Віталь Тарас, Прага

Беларусі наканавана вярнуцца ў цывілізаваную Эўропу, але беларусы яшчэ толькі шукаюць сябе ў сучасным сьвеце.

Ці адчуваюць сябе маладыя людзі ў краінах Заходняй Эўропы найперш эўрапейцамі? Чым яны адрозьніваюцца ад сваіх амэрыканскіх пагодкаў? Ці імкнецца ў Эўропу беларуская моладзь? Пра гэта – у чарговай перадачы цыклю “Выкраданьне Беларусі”.

Усяго праз два гады да Эўрапейскага зьвязу далучацца некалькі краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Сярод першых прэтэндэнтаў – суседняя зь Беларусьсю Польшча, а таксама Вугоршчына й Чэхія. Здавалася б, насельніцтва гэтых краінаў аднадушна выступае за інтэграцыю з Заходняй Эўропай. Аднак, ёсьць і апасеньні, што новыя эўрапейскія інстытуты пэўным чынам абмяжуюць іх нацыянальны сувэрэнітэт.

У чэскай прэсе вядзецца дыскусія на гэты конт. Прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл, які ў свой час прыклаў шмат намаганьняў, каб Чэхія далучылася да НАТО, піша ў сваім артыкуле ў газэце Dnes: “Зараз перад краінай стаіць найбольш цяжкая задача: завершыць 11-гадовы працэс пераўтварэньняў ўступленьнем у Эўрапейскі Зьвяз”.

Сваю маральную пазыцыю ў гэтым пытаньні Вацлаў Гавэл сфармуляваў ужо даўно.

(Гавэл:) “У эпоху так званай глябалізацыі трэба перш за ўсё паклапаціцца пра глябальную адказнасьць чалавека – адказнасьць за тое, што адбываецца ў сьвеце; усьвядоміць сваю прыналежнасьць да ўсяго чалавецтва, паклапаціцца пра Зямлю, на якой мы жывем.

З улікам гэтай адказнасьці, аб якой мы гаворым як аб маральным імпэратыве, могуць сыйсьціся розныя культуры ці кшталты цывілізацыі”.

Так прэзыдэнт Чэхіі казаў у сваім выступе на Форуме-2000 ў Празе. Але яднаньне на падставе агульных маральных і палітыка-эканамічных каштоўнасьцяў, на ягоную думку, зусім не пярэчыць нацыянальным інтарэсам. У згаданым артыкуле запярэчвае тым, хто лічыць, быццам інтэграцыя ў Заходнюю Эўропу вядзе да страты чэхамі нацыянальнай самабытнасьці.

“Яе характар і далейшае разьвіцьцё залежыць ад нас саміх, – піша Гавэл, – ад таго, якімі будзе нашая краіна, нашыя гарады, якім чынам мы будзем выкарыстоўваць багатыя традыцыі нашай культуры ці як мы будзем клапаціцца пра нашую мову”.

Апытаньне, праведзенае амэрыканскім часопісам Time сярод моладзі некалькіх краінаў Эўрапейскага Зьвязу, паказвае, што пераважная большасьць маладых людзей атаясамліваюць сябе са сваёй нацыяй. Разам з тым, траціна апытаных у Брытаніі, Нямеччыне й Францыі лічыць сябе ў першую чаргу эўрапейцамі, а потым ужо жыхарамі сваёй краіны. У Італіі такіх – каля 40 адсоткаў. Больш за палову маладых эўрапейцаў ведаюць другую мову (найчасьцей гэта ангельская, калі не лічыць саміх брытанцаў), больш як чвэрць валодаюць яшчэ й трэцяй замежнай мовай.

Большасьць апытаных ва ўзросьце ад 21-го да 35-і гадоў лічаць, што федэральныя органы ўлады ў аб’яднанай Эўропе стануць больш моцнымі за нацыянальныя інстытуты цягам бліжэйшых 10 гадоў. Аднак, большасьць маладых ангельцаў, немцаў, італьянцаў і французаў лічаць, што ў цяперашні момант існуе неабходны балянс паміж нацыянальным сувэрэнітэтам іх краінаў і эўрапейскімі органамі кіраваньня.

Кожны трэці юны эўрапеец пазытыўна ставіцца да адкрытага рынку і свабоднага гандлю, аднак многія гэтаксама актыўна выступаюць супраць Усясьветнай гандлёвай арганізацыі і Міжнароднага валютнага фонду.

Толькі траціна маладых італьянцаў падтрымлівае глябалізацыю. Немцы ставяцца да яе яшчэ больш стрымана. А найменш падтрымліваюць глябалізацыю брытанцы і французы.

20-гадовыя эўрапейцы маюць вельмі цьмяныя ўяўленьні пра жорсткі ідэалягічны падзел паміж Заходняй Эўропай і краінамі “сацыялістычнага лягеру”, які існаваў на кантынэнце да канца 80-х гадоў. Таму, лічыць часопіс, моладзь Эўрапейскага Зьвязу з энтузіязмам ставіцца да прыёму ў новых сяброў зь ліку краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

А жыхары Ўсходняй Эўропы пазытыўна ставяцца да агульнаэўрапейскіх каштоўнасьцяў, але цалкам абыякава ставяцца да эўрапейскай палітыкі, а значыць, і ня бачаць сябе саўдзельнікамі пабудовы новай Эўропы. Напрыклад, 70 адсоткаў маладых палякаў падтрымліваюць далучэньне сваёй краіны да Эўрапейскага Зьвязу, 60 адсоткаў хацелі б бачыць Эўропу бязь межаў. Але ж амаль сто адсоткаў юных палякаў не жадаюць браць удзел у палітычным жыцьці наогул...


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG