Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІЯ ЎЛАДЫ ВЫСЯЛЯЮЦЬ ПОЛЬСКУЮ АМБАСАДУ


Ганна Соусь, Менск

Два дні таму, выступаючы з пасланьнем да Нацыянальнага сходу, Аляксандар Лукашэнка параіў амбасадарам, якія не прыйшлі яго паслухаць: "Няхай сядзяць у сваіх рэзыдэнцыях у чатырох кутах". Неўзабаве некаторых амбасадараў могуць пазбавіць і гэтых "кутоў".

Як нам стала вядома з дасьведчаных крыніц, блізкіх да дыпляматычных прадстаўніцтваў краінаў Эўразьвязу, нядаўна польскія дыпляматы атрымалі ліст ад Менгарвыканкаму, у якім ім прапануюць у трохмесячны тэрмін пакінуць цяперашні будынак амбасады, што на вуліцы Румянцава.

Як сьцьвярджае наша крыніца, хутка тое ж прапануюць і суседзям палякаў — нямецкім дыпляматам, чыя амбасада побач. Яшчэ летась зь немцамі вялі адпаведныя перамовы з гэтай нагоды. Адметна, што зьвяртаюцца да той жа матывацыі, што і ў колішняй гісторыі з "Драздамі" — "каналізацыйныя сыстэмы патрабуюць тэрміновага рамонту".

Што да рамонту, то, напрыклад польскія дыпляматы амаль год прасілі дазволу на тое, каб зрабіць рамонт у сваёй амбасадзе. Але гэтыя намаганьні ня мелі плёну. Магчыма, улады турбаваліся, каб у часе рамонту ня зьнішчылі "жучкоў" ды іншых прыладаў для праслухоўваньня.

Як мяркуе наша крыніца, сапраўдная прычына высяленьня — непажаданае суседзтва дыпляматаў з шэрагам гасьцявых катэджаў адміністрацыі прэзыдэнта, што месьцяцца побач. Магчыма таксама, што будынкі нямецкай ды польскай амбасадаў спатрэбіліся для пашырэньня гасьцявога пасёлку.

Цяпер польскаму прадстаўніцтву прапануюць арандаваць іншы будынак — верагодна, блізу рэстарацыі "Ракаўскі бровар".

Я зьвярнулася па тлумачэньні да намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Вячаслава Абрамава (менавіта ягоная кампэтэнцыя — пытаньні прыватызацыі ды арэнды памяшканьняў).

(Абрамаў: ) "Я афіцыйна кажу, што Менгарвыканкам будзе супраць усіх дзеяньняў, накіраваных на тое, каб амбасаду пазбавіць плошчаў.

Гэта палітычна ня толькі дрэнны, але й неразумны крок. Прынамсі, я ня веру ў гэтыя дзеяньні", — зазначыў спадар Абрамаў, дадаўшы пры гэтым, што калі польскай амбасадзе спатрэбіцца дапамога, яна можа разьлічваць на менскія ўлады.

Я зьвярнулася таксама да прадстаўніка "Дыпсэрвісу" кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Алега Новікава.

(Новікаў: ) "Напэўна, было б больш карэктна задаваць гэтыя пытаньні прадстаўнікам польскай амбасады. Рэч у тым, што бязь іхнай згоды мы ня можам даваць інфармацыю пра амбасаду".

Але ў амбасадзе Польшчы пакуль адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю з магчымым высяленьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG