Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА АБЛАЯЎ ЛАТВІЮ, А ЯРМОШЫН РАЗЬВІВАЕ ЗЬ ЁЮ ЭКАНАМІЧНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА


Юры Сьвірко, Менск

У Менск прыбыла дэлегацыя бізнэсоўцаў з найбуйнейшага ў Латвіі порту Вэнтсьпілс на чале з мэрам гэтага гораду Айварам Лембэргсам.

Напярэдадні адмысловы фон для перамоваў стварыў Аляксандар Лукашэнка, які ў адказ на просьбу дэпутата "палаты прадстаўнікоў" зрабіць хоць нейкія льготы для грамадзянаў Латвіі беларускага паходжаньня, якія прыяжджаюць у памежны Браслаўскі раён ды вымушаныя аддаваць вялікія грошы за страхоўку, заявіў з трыбуны наступнае:

(Лукашэнка: ) "Ня мы былі ініцыятарамі гэтае сыстэмы. Гэта тыя дзеячы, якія там то судзяць былых савецкіх грамадзянаў, то яшчэ што".

На гэтым тле прэм'ер Уладзімер Ярмошын прымаў сёньня мэра Вэнтсьпілсу Айвара Лембэргса, у якога кіраўнік беларускага ўраду пабыў у гасьцях месяц таму. Перад гэтай сустрэчай я спытаўся ў спадара Лембэргса, ці не перашкаджаюць замарожаныя палітычныя стасункі паміж Латвіяй ды Беларусьсю разьвіваць эканамічнае супрацоўніцтва.

(Лембэргс: ) "Тое, што прэм'ер Беларусі быў у Латвіі ды Вэнтсьпілсе, — гэта ўсё ж не замаразак у стасунках. Я быў у Даўгаўпілсе, калі там быў беларускі прэм'ер — на мяжы штосьці адкрываў. Працуе міжурадавая камісія. Таму я ня бачу тут замарожаных стасункаў", — заявіў Айварс Лембергс, мэр латвійскага гораду Вэнтсьпілсу.

Што да заявы Аляксандра Лукашэнкі пра судовыя працэсы ў Латвіі над былымі савецкімі грамадзянамі — відавочна, меліся на ўвазе суды над былымі супрацоўнікамі НКВД, якіх абвінавачваюць у катаваньнях мірных жыхароў Латвіі ды якіх моцна абараняе Масква, — дык гэта сталася ці ня першай антылатвійскай заявай афіцыйнага Менску.

Раней Аляксандар Лукашэнка не паўтараў гучных абвінавачаньняў Расеі на адрас Латвіі, якая, нагадаю, цяпер старшынюе ў Радзе Эўропы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG