Днямі Міністэрства спорту і турызму распачало вывучаць, ці эфэктыўна выкарыстоўвае Фэдэрацыя прафсаюзаў спартовыя і турыстычныя збудаваньні. Такое даручэньне даў Мінспорту ад імя Аляксандра Лукашэнкі ягоны памочнік Сяргей Посахаў. Як вынікае з заявы Лукашэнкі, ён мае вялікі сумнеў наконт плённасьці прафсаюзнага кіраваньня аб'ектамі спорту і турызму. Наступствам гэтага, паводле меркаваньня прадстаўнікоў Фэдэрацыі, будзе нацыяналізацыя прафсаюзнай маёмасьці. Стадыёны, спартовыя школы, басэйны, гатэлі, турбазы ды іншыя збудаваньні ў выніку могуць стаць дзяржаўнымі.
Вось як адрэагаваў на новую ініцыятыву ўладаў Уладзімер Кірэеў, які ўзначальвае спартовую службу Фэдэрацыі:
(Кірэеў: ) "Гэты крок перадачы школаў у іншыя рукі прывядзе да масавага закрыцьця спартовых школаў. У сваю чаргу іх закрыцьцё выкліча беспрацоўе. Вялікая колькасьць трэнэраў будзе выкінута на вуліцу. А ў гэтых школах на сёньняшні дзень займаецца 48 тысяч навучэнцаў. Апроч таго, будзе спыненае іх аздараўленьне. Я расцэньваю гэта як чарговую спробу пасварыць працоўныя калектывы і Фэдэрацыю прафсаюзаў. Гэта з аднаго боку. А з другога боку, унесьці разлад ва ўзаемадачыненьні Фэдэрацыі прафсаюзаў і спартовыя арганізацыі прафсаюзаў".
Паводле словаў Кірэева, гэты працэс ужо распачаўся. Сёлета дзяржава адмовілася ад фінансаваньня спартакіядаў працоўных калектываў. Рэч у тым, што гэтыя спартакіяды праводзяцца пад эгідай галіновых прафсаюзаў. Уладам, аднак, сарваць спартовыя мерапрыемствы не ўдалося. Прафсаюзы, як зазначыў Уладзімер Кірэеў, ладзяць спартакіяды за свой кошт.
Яшчэ адзін прадстаўнік Фэдэрацыі Станіслаў Каласоўскі паведаміў:
(Каласоўскі: ) "У суботу кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Мясьніковіч, які прымаў дэлегацыю Міжнароднай арганізацыі працы, запэўніў, што ўлады і ворганы кіраваньня болей ня будуць парушаць правы прафсаюзаў. Спадар Мясьніковіч паабяцаў, што яны будуць праводзіць палітыку сацыяльнага партнэрства і павагі да правоў прафсаюзаў”.
Аднак, не пасьпела дэлегацыя Міжнароднай арганізацыі працы ад'ехаць зь Беларусі, як гэтая палітыка вярнулася ў старое рэчышча.