Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЛАНЬНЕ ЛУКАШЭНКІ ДА “ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ” – ПРАМОВА КІРАЎНІКА ЦІ ПАПУЛІЗМ КАНДЫДАТА?


Вядучы Віталь Цыганкоў

Пасланьне Лукашэнкі парлямэнту — прамова кіраўніка дзяржавы альбо папулісцкі выступ кандыдата на прэзыдэнта? Пра што сьведчаць "фройдаўскія" абмоўкі Лукашэнкі? Чаму Лукашэнка амаль не гаварыў пра дачыненьні з Расеяй?

(Цыганкоў: ) "Першае ўражаньне — пасланьне было вельмі папулісцкае. Яно было скіраванае на хуткую прэзыдэнцкую кампанію: трэба гаварыць тое, што людзі хочуць пачуць.

Зрэшты, сам Лукашэнка прызнаўся, што да 5-й раніцы дапрацоўваў тэкст пасланьня, бо тое, што яму падрыхтавалі, яго не задаволіла — найперш таму, што мала там казалася пра патрэбы простых людзей. І сам Лукашэнка дапрацоўваў тэкст.

Пералічу некалькі момантаў, якія даказваюць папулісцкасьць тэксту пасланьня. Гэта — пра аўтамабілі, якія чыноўнікі мусяць перадаць простым людзям, працаўнікам сельскай гаспадаркі; пра крэдыты, якія некаторыя дагэтуль не вярнулі; пра тое, што "інфляцыя ствараецца асабіста вамі, спадар Ярмошын" і трэба яе спыніць; "мы не прадавалі й нікому не прадамо сваёй краіны" (гэтак Лукашэнка казаў пра магчымую прыватызацыю некаторых прадпрыемстваў). Калі дэпутаты скардзіліся, што ім не стае памочнікаў, Лукашэнка адказаў, што людзі "нас не зразумеюць, такія пытаньні яшчэ рана ставіць".

Усё гэта даволі дробныя нестратэгічныя праблемы, якіх большасьць прэзыдэнтаў не закранае ў сваіх штогадовых пасланьнях. Але Лукашэнка наўмысна разглядаў іх, што заняло даволі шмат часу, — і гэта даказвае, што пасланьне было своеасаблівым перадвыбарчым выступам".

(Глод: ) "Найперш мне кінулася ў вочы, што сёньня Аляксандар Лукашэнка амаль не адыходзіў ад тэксту, які быў ім падрыхтаваны. Мы ж ведаем, што звычайна Лукашэнка адкладае паперы ўбок і пачынае імправізацыю. Сёньня яе амаль не было. Гэта сьведчыць пра тое, што ён вельмі старанна рыхтаваўся і меўся паўплываць на думкі простых людзей — каб яны падтрымалі яго на прэзыдэнцкіх выбарах".

(Сьвірко: ) "Сапраўды, у прамове было вельмі шмат дробязяў. Трэба, праўда, адрозьніваць сам тэкст пасланьня (гэта друкаваны дакумэнт, які, дарэчы, не раздавалі журналістам у прэсавым цэнтры) і тэкст прамовы, якую Лукашэнка казаў з трыбуны.

Мяне вельмі ўразіла рэпліка дэпутата Пашкевіча, які сказаў, што з раніцы ня мог прыпаркаваць машыну на плошчы Незалежнасьці. Лукашэнка адрэагаваў адразу: "Як? Што? Я ня ведаў! Прыбраць кожнага міліцыянта з плошчы!" І пабеглі адразу выконваць ягонае даручэньне. Таму відавочна, што ўсё гэта было разьлічана на жывы эфір.

Калі працягваць пра дробязі — няхай мне даруюць, але я ўзгадаю, што мяне раніцай гвалтам выдалілі з кулюараў "палаты прадстаўнікоў". Негледзячы на тое, што ўсе журналісты мелі пропускі, дзе было напісана, што мы маем права ўваходу ў залю, зноў усім кіравала прэсавая служба Лукашэнкі ды служба бясьпекі прэзыдэнта. Хаця новае кіраўніцтва "палаты" абяцала, што гэтым будуць займацца адпаведныя службы "палаты".

Таму, як бачым, нічога не мяняецца, і сёньня нічога новага я не пачуў..."


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG